Мінчука асудзілі на два гады "хатняй хіміі" за абразу экс-намесніка міністра ўнутраных справаў Барсукова
Суд Маскоўскага раёна Мінска асудзіў 7 снежня 25-гадовага прадаўца-кансультанта, мужа супрацоўніцы ГУУС Мінгарвыканкама Івана Артуса па арт. 369 Крымінальнага кодэкса Беларусі за абразу былога намесніка міністра ўнутраных спраў, а цяпер памочніка Аляксандра Лукашэнкі па Мінску Аляксандра Барсукова. Падставай для абвінавачання стаў камэнтар Івана Артуса з нецэнзурнымі словамі, які ён пакінуў пад відэа «Здзекаў не было» з прадстаўніка ўлады ў тэлеграм-канале «Банда Лукі». Суддзя Святлана Бандарэнка асудзіла хлопца на два гады "хатняй хіміі".
Барсукоў у суд не з'явіўся
Як паведамляе "Радыё Свабода", пацярпелы па справе Аляксандар Барсукоў у суд не з'явіўся «у сувязі з занятасцю на службе». Таму падчас суда былі зачытаныя яго паказананні, дадзеныя падчас следства, ад 20 кастрычніка. Былы намеснік міністра МУС сказаў, што ў перыяд з 13 па 14 жніўня наведваў цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП), заходзіў у кожную камэру, гутарыў з асобамі, якіх там трымалі, цікавіўся ўмовамі ўтрымання, пытаў, да каго супрацоўнікі міліцыі незаконна ўжывалі фізычную сілу. Паводле Барсукова, ад гэтых асобаў не было скаргаў на здзек з затрыманых. Калі ён выйшаў з ЦІП, да яго пачалі звяртацца грамадзяне з пытаннямі пра гвалтоўныя дзеяньні супраць вязняў, на што ён адказаў адмоўна: «Ніякіх здзекаў не было, я з кожным пагутарыў».
8 верасня намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС палкоўнік Новікаў падаў Барсукову скрыншоты з тэлеграм-каналу «Банда Лукі», дзе 14 жніўня было апублікавана відэа з Барсуковым пасля наведвання ЦІП. Пад ім быў публічны камэнтар «яўна зняважлівага характару, які меў непрыстойныя выразы ў мой адрас як намесніка міністра ўнутраных справаў Беларусі». Каментар з ненарматыўнай лексікай пакінуў карыстальнік пад імем «97%». Паводле Барсукова, каментар зневажае яго як асобу і як службовую асобу, прадстаўніка ўлады, прыніжае яго гонар і годнасць, закранае яго аўтарытэт і прафэсійныя якасці. Было высветлена, што каментар пакінуў 25-гадовы Іван Артус. Барсукоў заявіў, што не даваў нагоды для знявагі, і настойвае, каб Артуса прыцягнулі да крымінальнай адказнасці, бо яго дзеянні нанеслі «маральную шкоду».
Камэнтары выдаліў, прызнаў віну
Івана Артуса не затрымлівалі. У судзе ён прызнаў сваю віну. Ён сказаў, што цалкам ўсведамляе сваю віну і напісаў каментар «пад эмоцыямі». Паводле яго, на «дэструкцыйным» тэлеграм-канале быў апублікаваны фатаздымак яго жонкі, якая працуе ў аддзеле інфармацыі і грамадзкіх сувязяў ГУУС Мінгарвыканкаму, і карыстальнікі спрабавалі высветліць яе асобу. Ён уступіў у групу, каб прасачыць за інфармацыяй, а потым пакінуў каментар.
Па словах Івана, у тэлеграм-чаце было каля 3000 чалавек. У нейкі момант адзін з удзельнікаў запосціў відэа з Аляксандрам Барсуковым. На запісе намеснік міністра ўнутраных спраў выходзіў з ЦІП на Акрэсціна. Хтосьці каля варот спытаў у яго пра «здзекі на Акрэсціна». Барсукоў адказаў: "Здзекаў тут не было". Да таго моманту, распавёў абвінавачаны, ён ужо бачыў фота збітых людзей. У выніку "пад уздзеяннем эмоцый напісаў каментар", растлумачыў свае дзеянні Іван.
Праз тры тыдні, працягнуў абвінавачаны, усвядоміўшы, што зрабіў нешта не так, свой запіс ён выдаліў. Здарылася гэта, адзначыў Іван У хадайніцтве, да таго, як ён даведаўся, што з нагоды з каментаром распачатая праверка.
Іван сказаў, што не меў на мэце прынізіць гонар і годнасць, зняважыць Барсукова. Артус заявіў, што ніякай непрыязні да Барсукова не мае, а ў сувязі з тым, што яго злачынства не нясе вялікай грамадскай небяспекі, прасіў вызваліць яго ад крымінальнай адказнасці. Іван сказаў, што ўсвядоміў сваю віну і раскайваецца, і папрасіў «не судзіць строга». Ён сказаў, што скарыстаўся б магчымасцю асабіста папрасіць прабачэння ў Барсукова.
Жонка Івана выступіла ў судзе як сведка. Яна паведаміла, што Іван добразычлівы, спагадны чалавек. На мітынгі ён не ходзіць, да міліцыі ставіцца станоўча.
Суд прызначыў столькі, колькі прасіў пракурор
Дзяржаўны абвінаваўца прасіў суд пакараць абвінавачанага двума гадамі "хатняй хіміі". Суддзя суда Маскоўскага раёна Святлана Бандарэнка асудзіла Івана Артуса на два гады абмежавання волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. З яго не знялі падпіску аб нявыездзе, канфіскавалі тэлефон.