За падраную балаклаву грамадзянка Швейцарыі атрымала 2 гады і 6 месяцаў калоніі Аўдыё
Суддзя Суда Савецкага раёна горада Мінска Сяргей Шаціла 7 снежня агучыў прысуд па крымінальнай справе грамадзянкі Швейцарыі Наталля Хершэ — 2 гады і 6 месяцаў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта столькі запытваў раней дзяржабвінаваўца. Таксама спагнаць з Наталлі на карысць пацярпелага супрацоўніка АМАП Сяргея Кончыка матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў, дзяржаўную пошліну ў 81 рубель, працэсуальныя выдаткі ў 11 капеек. Рэчы Наталлі, канфіскаваныя пры затрыманні (мабільны тэлефон, гадзіннік Apple Watch) пакінуць пад арыштам, а яе бел-чырвона-белы сцяг знішчыць. Сапсаваную балаклаву (раней у судзе агучваўся яе кошт —1 рубель) — адрадзіць.
Нагадаем, Хершэ судзілі паводле часткі 2 артыкула 363 (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў) — яе затрымалі 19 верасня на Жаночым маршы і абвінавачвалі ў нанясенні цялесных пашкоджанняў супрацоўніку АМАПа Сяргею Кончыку (драпіна каля правага вока) і падраную балаклаву ("невялікае пашкоджанне маскі ў раёне прарэзы вачэй"). Аб тым, як праходзіў судовы працэс, чытайце тут:
Пачаўся суд над грамадзянкай Швейцарыі за падраную балаклаву
7 снежня ў 11.00 у рамках судовага працэсу Наталля Хершэ сказала сваё апошняе слова:
"Я жыву ў еўрапейскай дэмакратычнай краіне. Дэмакратычныя прынцыпы свабоды з'яўляюцца неабходнымі прынцыпамі кіравання на ўсіх узроўнях кіравання улады. І правы свабоды слова і мірных сходаў дакладна вызначаны Канстытуцыяй і гарантуюцца дзяржавай. Дзе паліцыянты не хаваюць сваіх твараў перад мірнымі дэманстрантамі. Менавіта такою я бачу сваю Радзіму. Беларусь будучыні. Свабодную Беларусь”
Viasna96 · Реакция слушателей на приговор суда Натальи Херше