Пачаўся суд над грамадзянкай Швейцарыі за падраную балаклаву Дапоўнена
У судзе Савецкага раёна горада Мінска пачаўся працэс па крымінальнай справе ў дачыненні да Наталлі Хершэ па частцы 2 артыкула 363 (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў). 51-гадовую жанчыну абвінавачваюць у тым, што пры аказанні супраціву пры затрыманні на жаночым маршы 19 верасня яна сарвала маску амапаўцу і падрапала яго. Пацярпелы — 22-гадовы Сяргей Кончык, супрацоўнік АМАП ГУУС Мінгарвыканкама. Суддзя — Сяргей Шаціла.
Абвінавачаная
Наталля Херше мае падвойнае грамадзянства — Беларусі і Швейцарыі. Пастаянна пражывае ў Швейцарыі разам з непаўналетняй дачкой, з'яўляецца ўдавой. Бывае ў Беларусі раз у год. Чарговым разам яна прыехала ў Менск 11 верасня і пасля сустрэчы з сяброўкай 19 верасня яна ўбачыла Жаночы марш каля Камароўскага рынку. Дастала бел-чырвона-белы сцяг і вырашыла далучыцца да шэсця. Гэта адзіны раз, калі Наталля паўдзельнічала ў маршы (на 21 верасня ў яе быў набыты зваротны квіток у Швейцарыю).
На судовае пасяджэнне Наталлю даставіў канвой. Як паведаміў яе брат Генадзь, Наталля ужо тыдзень знаходзіцца ў СІЗА№1 (вуліца Валадарскага, Мінск). Да гэтага яна знаходзілася ў Жодзіне, а адразу пасля затрымання — на Акрэсціна. Абвінавачванне ў крымінальным артыкуле ёй прад'явілі 6 кастрычніка. У зале судовага паседжання яна знаходзілася за металічнай кратамі і без шнуркоў на яе абутку.
Абвінавачванне і віна
У абвінавачванні ўказана, што Натальлю затрымалі 19 верасня каля 17 гадзін у рамках адміністрацыйнага парушэння артыкула 23.34 Каап РБ. Пры затрыманні Наталля не падпарадкавалася патрабаванню супрацоўнікаў прайсці ў спецаўтатранспарт, спрабавала збегчы, а калі яе дзеянні былі спыненыя супрацоўнікам АМАП Кончыкам, яна наўмысна аказала супраціў з гвалтам: вырывалася і ўпіралася, схапіла Кончыка за твар і падрапала, сцягнула балаклаву, тым самым сапсавала форменнае абмундзіраванне (парвала балаклаву) і нанесла цялесныя траўмы.
На пытанне аб прызнанні сваёй віны Наталля адказала наступнае:
“Я не прызнаю віну ў тым, што ўдзельнічала ў несанкцыянаваным мітынгу (раней Наталлю асудзілі па ч. 1 арт. 23.34 Каап, яна абскардзіла рашэнне суда, але безвынікова — заўв.). Я прызнаю віну ў тым, што ўдзельнічала ў мірнай акцыі пратэсту. Я не прызнаю віну ў тым, што нанесла цялесныя пашкоджанні. Прызнаю тое, што спрабавала зняць балаклаву".
Таксама Наталля выказала жаданне зірнуць на пацярпелага Кончыка, які ў зале судовага пасяджэння быў у медыцынскай масцы. Суддзя адхіліў гэтую просьбу:
"Гэта немагчыма. Паколькі ужытыя меры бяспекі ў адносінах да супрацоўніка, у зале прысутнічаюць іншыя людзі".
Паказанні абвінавачанай
На пытанне дзяржабвінаваўцы аб тым, ці знаёмая была Наталля з палітычнай сітуацыяй у краіне, жанчына адказала:
“Я чытала навіны пра некалькі смерцях і дзясятках зніклых без вестак. Таксама я ўдзельнічала ў выбарах у консульстве Беларусі ў Берне, і там па выніках выбараў за Лукашэнку прагаласавала 34 чалавекі, а за Ціханоўскую — 258. Я меркавала, што вынік галасавання ў Беларусі будзе крыху іншым, але не настолькі кардынальна. Упэўненая, што выбары прайшлі несумленна".
Наталля падкрэсліла, што на момант затрымання яна памятала пра выпадкі смерцяў у Беларусі і менавіта таму зрабіла спробу збегчы, каб выратаваць сябе.
"Я была ўпэўненая, што гэта дарога да смерці. Я баялася, што стану адной з ахвяраў, пра якія было вядома на той момант", — адзначыла яна на судзе, апісваючы, як яе і іншых жанчын спрабавалі завесці ў грузавы аўтамабіль людзі ў аліўкавай форме, якія не прадставіліся.— "Калі я была ў некалькіх кроках ад аўтамабіля, да мяне спантанна прыйшла ідэя, што калі я пагляджу ў вочы чалавеку [супрацоўніку Кончыку—заўв.], то, як бы смешна гэта ні гучала, ён зжаліцца нада мной і адпусціць мяне. Я павярнулася да яго і зрабіла спробу зняць балаклаву. У маіх намерах не было прычыняць яму фізічны боль”.
Паказанні пацярпелага амапаўца і маральная кампенсацыя за "выкрыццё”
Кончык растлумачыў, што 19 верасня заступіў на службу а 12 гадзіне. Быў апрануты ў форменнае абмундзіраванне без апазнавальных знакаў. Тако рашэнне было дадзена камандзірам. Пры сабе са спецтэхнікі меў кайданкі і гумовую палку. Паступіў загад выехаць на ГЦ "Айсберг" і разбіць на групы пратэстоўцаў-жанчын па 20-30 чалавек. У групе Кончыка і апынулася Наталля. Сам Кончык не прадстаўляўся. Ён папрасіў яе пайсці у спецтранспарт, каб адвезьці ў РУУС для наступнага ўстанаўлення асобы. Хершэ пачала ўцякаць. Ён схапіў яе за талію, спрабаваў прыпадняць для таго, каб хутчэй здейсніць затрыманне, бо ў горадзе "было шмат людзей". Хершэ сцягнула з яго балаклаву са словамі "Што ты баішся?”. Яго балаклава праз прарэз для вачэй спусцілася ўніз і засталася на шыі. Ён зайшоў у транспарт і надзеў зноўку балаклаву, бо "там няма камер і старонніх вачэй". На атрыманую драпіну ў вобласці правага вока яму ўказалі калегі. Сам жа ён адчуў толькі паколванне. Відэарэгістратара ў яго з сабой не было, як і ў яго калег, бо "камандзір вырашае, хто будзе выкарыстоўваць відэарэгістратары".
Кончык напісаў іскавую заяву на Наталлю Хершэ. У якасці сумы кампенсацыі маральнай шкоды ён указаў 100 рублёў. Але ў зале судовага пасяджэння ён адзначыў, што хацеў бы павысіць кампенсацыю да 1000 рублёў, а ў выпадку станоўчага зыходу ён ахвяруе гэтыя грошы ў РНПЦ дзіцячай анкалогіі.
"На відэа (відэа затрымання Наталлі было зроблена і размешчана ў тэлеграм-канале партала TUT.BY— заўв.) бачна мая патыліца, і людзі даведаліся, дзе я працую, пачалі пагражаць маёй сям'і", — растлумачыў Кончык.
Судовае пасяджэнне працягнецца сёння, у 14.30 — чакаецца апытанне па відэаканферэнцсувязі сведкі Пятрова, які цяпер знаходзіцца ў працоўным адпачынку ў Рагачове.
Дапоўнена:
У 14.30 судовы працэс працягнуўся у іншым зале судовых пасяджэнняў — як патлумачыў суддзя Шаціла, менавіта там ёсць магчымасць ажыццявіць відэаканферэнцсувязь са сведкам, які знаходзіцца ў адпачынку. Так як зала быў значна менш, не ўсе жадаючыя слухачы змаглі патрапіць на судовае пасяджэнне.
Інтэрнэт-злучэнне было дастаткова слабым, таму дзяржабвінаваўцу і адвакату даводзілася часам па некалькі разоў паўтараць пытанні, а сведку — свае адказы.
Паказанні сведкі-амапаўца
Сведка Юрый Пятроў з'яўляецца камандзірам узвода АМАП ГУУС Мінгарвыканкама, а пацярпелы Кончык знаходзіцца ў яго падначаленні. Сам ён таксама нёс службу на месцы інцыдэнту з Хершэ ў чорнай форме адзення. Ён сцвярджае, што бачыў, як Хершэ мэтанакіравана спрабавала сарваць балаклаву з твару Кончыка.
"Яна б гэта зрабіла, калі б Кончык не прыціснуўся да яе тварам"[ і тым самым заблакаваў яе спробы], — растлумачыў Пятроў. — Затым паступіла каманда зняцца, усе вярнуліся ў аўтобус, я ўбачыў у Кончыка невялікае пашкоджанне маскі ў раёне прарэзы вачэй — невялікі разрыў і тырчалі ніткі".
Больш канфліктаў з Хершэ не ўзнікала.
Адвакатка абвінавачанай задала ўдакладняючыя пытанні сведку: у якіх сітуацыях можна выкарыстоўваць форму без апазнавальных знакаў?
"Усе пытанні вырашае штаб, мы самастойна не вырашаем", — адказаў Пятроў.
Відэазапіс інцыдэнту "не захаваўся"
Адвакатка абвінавачванай хадайнічае аб выпатрабаванні трох дадатковых матэрыялаў, аднак па ўсіх запытах суд адмаўляе:
- На відэа TUT.BY, якое праглядалася падчас судовага паседжання, відаць, як супрацоўнік у аліўкавай форме праводзіць відэазапіс інцыдэнту. Аднак у матэрыялах справы гэтага відэазапіса няма. Адвакатка настойвае на яго далучэнні.
Тлумачэнне суда: як адзначаецца ў суправаджальным лісце старэйшага следчага Рогаль, відэазапіс немагчыма даць, бо такія запісы захоўваюцца на працягу месяца.
Пазней у спрэчках бакоў адвакатка звярнула ўвагу, што рабіла запыт на гэты відэазапіс 15 кастрычніка (нагадаем, што Хершэ была затрыманая 11 верасня). Аднак гэты запыт быў зарэгістраваны толькі праз чатыры дні — 19 кастрычніка.
- Заключэнне судова-медыцынскай экспертызы апісвае атрыманыя траўмы Кончыка, і ў ім таксама маецца запіс, што судмедэксперт зрабіла дзве фатаграфіі гэтых пашкоджанняў. Аднак да справы далучаныя яны не былі. Адвакатка настойвае на далучэнні гэтых вотф, бо сведкавыя паказанні аб памеры траўмы ў пацярпелага Кончыка не супадае з тым, што казаў сам Кончык.
Тлумачэнне суда: адмовіць у сувязі з тым, што гэтыя матэрыялы далучаныя да сакрэтнай справы, а справа стала сакрэтнай у сувязі з прымяненнем мер па забеспячэнні бяспекі пацярпелага.
У спрэчках адвакатка звярнула ўвагу, што фатаграфіі могуць адлюстроўваць толькі частку твару пацярпелага, а не ўвесь твар цалкам, таму сакрэтнасць можа быць захаваная. Акрамя таго, Кончык сам з'явіўся на судовы працэс (у кепцы і медыцынскай масцы — заўв.). Адвакатка таксама выказала здагадку, што Сяргей Кончык — гэта несапраўднае імя пацярпелага, што зроблена з мэтай яго бяспекі.
- Пасля атрыманых траўмаў Кончык звярнуўся ў шпіталь МУС — у журнале ёсць адпаведная пазнака, а фотакопія старонкі журнала далучаная да матэрыялаў справы. Аднак у фотакопію не ўвайшоў радок, дзе паказана размяшчэнне траўмы. Адвакатка хадайнічае аб далучэнні арыгінала журнала, бо ў паказаннях сведкі і пацярпелага ёсць супярэчнасці.
Суд адмаўляе ў сувязі з тым, што ў матэрыялах крымінальнай справы маецца дастаткова матэрыялаў.
Яшчэ раз аб спрэчках бакоў і шматлікія "чаму"
Дзяржабвінаваўца указвае на тое, што супраціў Хершэ быў здзейснены з намерам: ніхто з супрацоўнікаў у яе адрас не выказваў пагроз, гвалту не ўжываў. Так як непасрэдным аб'ектам злачынства з'яўляецца супрацоўнік міліцыі, які займаўся аховай грамадскага парадку, і Хершэ нанесла яму не толькі фізічны боль, але і маральныя пакуты, то дзяржабвінаваўца просіць пакаранне: пазбаўленне волі на 2 гады і 6 месяцаў у калоніі агульнага рэжыму.
Адвакатка настойвае на тым, што ў дзеяннях Хершэ не было супраціву, і гвалту яна ў дачыненні да міліцыянта не ўжывала:
"Зняць балаклаву — гэта яшчэ не гвалт", — адзначыла адвакатка.
Абаронца падкрэсліла, што ўжо 13 гадоў Хершэ не жыве ў Беларусі, і таму для яе нязвыкла, што прадстаўнік органаў унутраных спраў можа апранацца ў форму без апазнавальных знакаў. Таксама абвінавачаная не ведала, што ў РБ дзейнічае дазвольны прынцып правядзення масавых мерапрыемстваў — у Швейцарыі такое адсутнічае.
Адвакатка нагадала, што акрамя заканчэння тэрміну захоўвання відэазапісу, які рабіў супрацоўнік у аліўкавай форме (і запыт на які чамусьці апрацоўвалі 4 дні), відэарэгістратары на вопратцы супрацоўнікаў і ўнутры спецаўтатранспарту таксама чамусьці не працавалі.
"Я бачу ў гэтым нейкі намер, — заявіла адвакатка. — Чаму запіс не запатрабавалі своечасова? Вось гэтыя шматлікія "чаму"... Адказ — гэта рабілася для ўтойвання нейкіх момантаў, якія не ўкладваюцца ў доказную базу дзяржабвінавачання".
Пацярпелы Кончык на пытанне суда аб меры пакарання Наталлі Хершэ адказаў наступнае:
"Што б судзілі справядліва і моцна не каралі. [Я думаю, яна зразумела, што] здзейсніла памылку і надалей такога не паўтарала".
Апошняе слова Наталлі Херше заслухаюць у панядзелак, 7 снежня ў 11.00