viasna on patreon

Міжнародная рэакцыя на падзеі ў Беларусі і смерць Бандарэнкі: ААН, Amnesty International

2020 2020-11-14T12:31:19+0300 2020-11-14T12:32:27+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ploshcha-peramen-12.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота: Яўген Батура

Фота: Яўген Батура

Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека заклікаў Менск расследаваць смерць Бандарэнка і паведамленні аб катаваннях

Беларускія ўлады дагэтуль нічога не паведамілі аб ходзе і выніках расследавання па зваротах аб катаваннях і іншых формах жорсткага абыходжання з удзельнікамі акцый пратэсту. Пра гэта гаворыцца ў апублікаванай 13 лістапада заяве прэс-сакратара Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Руперта Колвіла, паведамляюць naviny.media.

"У жніўні мы выказалі заклапочанасць з нагоды таго, што, па ўсёй бачнасці, не было прадпрынята ніякіх дзеянняў па расследаванні такіх паведамленняў і прыцягненню вінаватых да адказнасці, - адзначыў ён. - Апошнія падзеі толькі ўзмацняюць адчуванне, што паўсюдныя парушэнні правоў чалавека, бесперашкодна адбываюцца падчас акцый пратэсту і ў месцах утрымання пад вартай, застаюцца беспакаранымі".

"Мы нагадваем беларускім уладам аб поўнай забароне катаванняў і неабходнасці ўважлівага, незалежнага і бесстаронняга расследавання ўсіх заяў аб парушэнні правоў чалавека, каб <...> прадухіліць далейшае пагаршэнне сітуацыі. Усе затрыманыя за выказванне сваёй нязгоды або ўдзел у пратэстах, забастоўках і іншых мірных акцыях павінны быць неадкладна вызваленыя, а абвінавачванні супраць іх знятыя», — падкрэсліў Колвіл.

Прэс-сакратар вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека таксама згадаў аб смерці Рамана Бандарэнка. Смерць маладога чалавека, па яго словах, прывяла да росту напружанасці і новых пратэстаў.

«Улады заявілі, што расследуюць інцыдэнт, але адмаўляюць, што тыя, хто нападаў на Бандарэнка былі з ліку праваахоўнікаў, — адзначыў ён. - Мы заклікаем беларускія ўлады правесці дбайнае, празрыстае і незалежнае расследаванне гэтага інцыдэнту і адкрыта прадставіць яго вынікі. Калі сапраўды было здзейснена злачынства, вінаваты ў смерці Рамана Бандарэнкі павінен быць прыцягнуты да адказнасці".

Колвіл падкрэсліў, што Упраўленне "глыбока занепакоенае" бягучай сітуацыяй у Беларусі, паколькі "ўлады працягваюць выкарыстоўваць дзяржапарат у мэтах парушэння правоў чалавека".

Ён нагадаў, што пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня "беларусы па ўсёй краіне выйшлі на мірныя масавыя дэманстрацыі, каб выказаць сваю незадаволенасць", а ў адказ сутыкнуліся з "неапраўданым або празмерным ужываннем сілы з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў".

Amnesty International патрабуе расследаваць гібель Рамана Бандарэнкі

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International патрабуе расследаваць гібель беларуса Рамана Бандарэнкі. Заяву аб гэтым дырэктара бюро арганізацыі па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стразерс распаўсюдзіла яе прэс-служба.

"Улады Беларусі працягваюць кіраваць з дапамогай тэрору, пераследуючы нязгодных, выкарыстоўваючы гвалт і кідаючы людзей у турмы. І тым не менш мы звяртаем да іх патрабаванне неадкладна пачаць больш хуткае, бесстаронняе і дбайнае расследаванне забойства рамана Бандарэнкі з тым, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасці. Пакуль замест гэтага яны заяўляюць, што яго збілі "занепакоеныя грамадзяне", - гаворыцца ў заяве.

На думку Стразерс, "няма ніякіх сумненняў у тым, што Раман, як і сотні іншых, быў збіты супрацоўнікамі сілавых структур". "І замест таго, каб даставіць яго ў бальніцу, паліцыя затрымала яго. Невядома, што адбылося, пакуль ён знаходзіўся пад вартай, але на наступны дзень ён памёр у бальніцы", - адзначыла яна.

Прадстаўнік арганізацыі заклікала "пакласці канец гэтаму тэрору і выкрыць усіх вінаватых у здзяйсненні гэтых злачынстваў".

"Калі гэтага не адбудзецца, гэта азначае, што сілы бяспекі пад камандаваннем Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі будуць працягваць прымяняць самую жудасную тактыку рэпрэсій-бязлітасныя катаванні і нават забойства-супраць уласнага народа", - лічыць Стразерс.

Увечары 11 лістапада на сімвалічнай "Плошчы пераменаў" - у двары жылога дома на вуліцы Чарвякова ў Менску, дзе на мясцовай трансфарматарнай будцы стала з'яўляецца выява "дыджэяў пераменаў", - адбыўся канфлікт. Паводле паведамлення відавочцаў, туды прыехалі невядомыя і сталі зрэзаць белыя і чырвоныя стужкі, якімі ўпрыгожаны двор. Мясцовыя жыхары, у тым ліку Бандарэнка, спрабавалі гэтаму супрацьстаяць, завязалася бойка. Бандарэнка быў затрыманы і дастаўлены ва УУС Цэнтральнага раёна.

Раніцай 12 лістапада ў СМІ з'явілася фатаграфія выпіскі з бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, з якой вынікала, што Бандарэнка знаходзіўся ў аддзяленні рэанімацыі нейрахірургічнага профілю ў цяжкім стане. У выпісцы пазначана, што яго даставілі ў такім стане з РУУС на вуліцы Арлоўскай, 58. Пазней лекары паведамілі, што ў маладога чалавека цяжкая закрытая чэрапна-мазгавая траўма, кровазліццё ў мозг, траўмы мяккіх тканін галавы. Ён быў у коме. Увечары 12 лістапада мужчына памёр.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства