"Відэа трапіла ў сацсеткі "Карнікі" і ад гэтага пацярпелі мае блізкія". Судзяць мінчанку, якая ўкусіла сілавіка за сцягно
КАРТКА ПРАЦЭСУСуд: Цэнтральнага раёна г. Мінска Суддзя: Таццяна Акавітая Абвінавачаная: Наталля Раентава Пацярпелы: старэйшы прапаршчык АМАПу ГУУС Андрэй Анатольевіч Хоміч Артыкул: 364 Крымінальнага кодэкса (Гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) |
У аўторак, 10 лістапада, пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да мінчанкі Наталлі Раентавай, якая пры затрыманні 29 жніўня ў тралейбусе пасля Жаночага маршу салідарнасці ўкусіла супрацоўніка АМАПа за сцягно. Момант жорсткага затрымання трапіў на відэа, рэзанансны ролік імгненна разышоўся па сацсетках і СМІ. Справу кваліфікавалі як гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса. Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне пазбаўленне волі на тэрмін да шасці гадоў. "Вясна" распавядае, як адбываецца суд.
Да суда Наталлю Раентаву ўтрымлівалі ў жодзінскім ізалятары. Пацярпелым прызнаны старшы прапаршчык АМАПу ГУУС Андрэй Анатольевіч Хоміч. Па матэрыялах справы дзяўчына нанесла яму сваім укусам гематомы. Іх аднеслі да цялесным пашкоджанняў, не якія прывялі да кароткачасовай страты здароўя і працаздольнасці. На судзе ён прысутнічаў асабіста. Яго допыт доўжыўся каля паўтары гадзіны.
На працэсе супрацоўнік АМАПу заявіў грамадзянскі пазоў — пакрыццё шкоды 2000 рублёў. Ён патлумачыў што яго пакуты выказаліся ў тым, што відэа трапіла ў сацсеткі "карнікі", і ад гэтага пацярпелі яго блізкія. АМАПавец папрасіў прызначыць пакаранне на меркаванне суда.
Наталля Раентава адмовілася адказваць на пытанні суда, таму дзяржабвінаваўца зачытваў яе паказанні, дадзеныя падчас папярэдняга следства. Па матэрыялах справы і допытах падчас следства вядома, што дзяўчына віну не прызнае.
Затрыманне сястры і брата Раентавых 29 жніўня ажыццяўлялі чатыры супрацоўнікі АМАПу, але Хоміч на судзе адмовіўся называць іх прозвішчы. Паводле яго словаў, іх сталі затрымліваць, "таму што яны былі каардынатарамі натоўпу" [Жаночага маршу салідарнасці]. Першапачаткова супрацоўнікі АМАПу заходзілі ў тралейбус для затрымання брата Наталлі — Аляксандра. Але Наталля за яго заступілася.
Праваабаронца "Вясны" Аляксей Лойка, які ажыццяўляў маніторынг працэсу, распавёў, што супрацоўнік АМАПу Хоміч даваў паказанні невыразна. Пацярпелы распавёў на судзе, што ў той дзень усе распараджэнні і загады вусна даваў камандзір АМАПу, але прозвішча яго не назваў.
"Суддзя Акавітая здымала пытанні адвакаткі Наталлі Раентавай, спасылаючыся на тое, што пацярпелы адказаў на пытанне аб дэталях затрымання. Яна тым самым аказала заступніцтва баку, прызнаным пацярпелым. Таксама здымаліся пытанні самой Наталлі, якая задавала з клеткі пытанні пацярпеламу адносна абставінаў, якія адбыліся ў тралейбусе", — адзначае Аляксей Лойка.
Пасля абеду ў судзе быў дапытаны сведка — другі АМАПавец. Адвакат спытала ў яго, хто вызначае, якая частка супрацоўнікаў будзе ў форме, а якая ў цывільным адзенні. У гэты час падарваўся пацярпелы і сказаў, што гэта службовая інфармацыя.
Падчас суда высветлілася, што пасля затрымання ў мікрааўтобусе супрацоўнікі АМАПа пагражалі Наталлі Раентавай: "Крычалі і абяцалі закрыць на пяць гадоў".
Аб'яўлены перапынак да 11 лістапада да 11 гадзін.
Што здарылася 29 жніўня?
У той дзень у Мінску праходзіў Жаночы марш салідарнасці. Супрацоўнікі АМАПу і невядомыя людзі ў масках затрымалі брата і сястру Наталлю і Аляксандра Раентавых проста ў тралейбусе. Пасля гэтага іх пакаралі адміністрацыйным арыштам на 12 і 15 сутак.
Аднак гісторыя пераследу для Наталлі на гэтым не скончылася. Пасля 12-сутачнага арышту яе адпусцілі, але неўзабаве зноў затрымалі.
"Яе адпусцілі і зноў забралі. Прыехалі дадому з аўтаматамі, зброяй, у масках, скруцілі і забралі. Я была дома, яшчэ крычала: "У нас жа няма зброі!". Гэта было страшна", — распавяла маці Раентавай "Еўрарадыё".