viasna on patreon

Блог Насты Лойкі: Лісты ў няволю: як пісаць і пра што?

2015 2015-01-20T16:42:45+0300 2015-01-21T10:14:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/img_7020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Так атрымалася, што з 2007 году ў мяне ёсьць досьвед турэмнай перапіскі з рознымі людзьмі. Даводзілася пісаць і ў розныя краіны. Увесь гэты час я сустракала неабыякавых, якія хацелі бы напісаць вязьням, але ня ведалі, як гэта лепш зрабіць. У гэтым запісу я паспрабую апісаць невялічкі досьвед як уласны, так і шмат якіх іншых адважных і цудоўных людзей, якія пісалі лісты самі, разважалі пра гэта і фармавалі ў выглядзе парадаў.

Папярэдняя падрыхтоўка

Перад тым, як сесьці за ліст, лепш правесьці інфармацыйную і псыхалягічную самападрыхтоўку. Інфармацыйная частка складаецца ў тым, што можна завочна “пазнаёміцца” з вязьнем, калі не было магчымасьці зрабіць на волі: паразмаўляць зь яго роднымі-знаёмымі, знайсьці ў інтэрнэце інфармацыю пра яго справу, старонкі ў сацыяльных сетках, цытаты зь яго лістоў, пачытаць біяграфію і асаблівасьці судовага працэсу на сайце http://palitviazni.info/ (разьдзел “Зараз за кратамі”), калі размова пра зьняволеных актывістаў. Навошта? У гэтых тэкстах можна знайсьці нешта агульнае, альбо проста цікавыя факты, каб завесьці тэму размовы ў лістах. Таксама варта знайсьці актуальную адрэсу вязьня. У дачыненьні палітвязьняў гэта можна знайсьці на вышэйзгаданым сайце, альбо па спасылцы, а па астатніх – спытаць у родных і сяброў.

Псыхалягічная падрыхтоўка складаецца ў тым, што, з аднаго боку, варта адкінуць свой страх і няёмкасьць, а зь іншага – сесьці гэта рабіць у максымальна добрым настроі. Шэрага і сумнага ім хапае і так, а вашая задача – данесьці нешта пазытыўнае і станоўчае ў сваім лісьце. Вязьням вельмі важныя лісты з волі.

Пра што лепш пісаць

Вось уявіце, што вас саслалі ў піянэрлягер, толькі без прыроды, дыскатэк і сьпеваў ля вогнішча. То бок вы бачыце толькі баракі-працу й абмежаванае кола людзей. У такой абстаноўцы чалавеку будзе цікава прачытаць абсалютна пра любыя бытавыя рэчы: як котка прыгнула вам зранку на галаву, а сабака зьеў ваш сьняданак, а яшчэ вы нядаўна ўпершыню пабывалі ў Міры. І артыкул вось адкапалі пра тое і пра тое, запытайце, ці цікавіцца адрасат такімі тэмамі? Можаце што прыслаць наступным лістом, і г.д. На што хопіць фантазіі. Словы падтрымкі важны, але ня трэба выдзяляць на гэта ўвесь ліст – яны самі ўсё разумеюць…

Пра што лепш не пісаць

Ну й ёсьць сьпіс забароненых тэмаў. Па-першае, заўжды трэба памятаць, што спачатку вашыя лісты праглядае спадар Цэнзар у спэцыяльным адзьдзеле (адзін вязень увёў мне звычку часам перадаваць цэнзару прывітаньне ў лістах). Вось гэты самы спадар/спадарыня Ц маюць права адразу накіраваць ліст у архіў, калі там “нешта ня тое”. Сярод забароненых тэмаў – інфармацыя пра яго крымінальную справу, саўдзельнікаў, шыфры, жаргон, “лісты цынічнага характару” і г.д. Увогуле лепш асьцярожней пісаць пра іншых людзей і любую дадатковую інфармацыю – знойдзецца шмат органаў, якіх можа раптам зацікавіць такі тэкст.

Па-другое, ня вельмі тактычна ўступаць зь першага ліста ў ідэалягічныя спрэчкі са зьняволеным (калі вы на падрыхтовачнай стадыі знайшлі нешта такое пра чалавека, што вам не падабаецца). Нават калі маеце іншы падыход – паспрабуйце пакінуць гэта на іншы раз.

Дадатковыя рэкамэндацыі

Ёсьць яшчэ некалькі пунктаў, якія пры жаданьні можна ўзяць да ўвагі, але зьвярніце ўвагу на акалічнасьці:

- Вельмі дапамагае вязьням дадатковая канцылярская прадукцыя: дакладзіце да свайго ліста  некалькі чыстых капэртаў з маркамі, можна прыгожыя аркушы, паштоўкі – усё тонкае й папяровае, што можна практычна выкарыстаць. Але! Дасылайце гэта ўсё толькі ў выглядзе ліста, але ніяк не бандэролі ці пасылкі! Бо колькасьць апошніх строга абмежаваная на год, не пазбаўляйце такой магчымасьці родных!;

- Калі дасылаць заказным лістом – трошкі больш шанцаў, што ён дойдзе да адрасату. Але ў такім разе на пад сваёй адваротнай адрэсаў трэба будзе напісаць свае пашпартныя дадзеныя (нумар пашпарту, калі і кім выддазены) і прад’явіць яго на пошце;

- Часам вязьням можна дасылаць раздрукоўкі навінаў, артыкулы, выразкі з газэтаў і часопісаў, але трэба ведаць спэцыфіку месца зьняволеньня – у некаторых калёніях такія лісты адразу зразаюць. Таму перад гэтым лепш удакладніць!

- Калі няма жаданьня пісаць вялікі ліст – дашліце проста паштоўку з парай фразаў. Гэта таксама падтрымлівае вязьня. Асабліва памятайце на гэта ў часы сьвятаў)

Тут можна напісаць яшчэ нешта, але пакуль спынюся. Спадзяюся, зараз будзе пісаць лісты прасьцей.

Не заставайцеся ў баку!

 

Фота з акцый Беларускай моладзевай праваабарончай группы і Праваабарончага цэнтра "Вясна" 

Калядны марафон напісання лістоў палітвязням 2014

Наста Лойка

Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” з 2010 года, удзельніца Міжнароднага моладзевага праваабарончага руху. Магістр Еўрапейскага і міжнароднага права. Профільныя тэмы: палітвязьні, адвольныя затрыманьні, мірныя сходы, грамадзкі кантроль, асьвета й адукацыя ў галіне правоў чалавека. Шмат што з праваабарончай дзейнасьці застаецца “за кадрам”: не пра ўсё пішуць у навінах, не пра ўсё могуць спытаць журналісты. Мой блёг ськіраваны на асьвятленьне асобных тэмаў у галіне правоў чалавека, у чым я зыходжу з уласнага досьведу й меркаваньня.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства