Маладыя праваабаронцы далучыліся да Марафону лістоў 2014
14 снежня ў Мінску Беларуская моладзевая праваабарончая группа (БелМПГ) правяла акцыю па падпісанні петыцый за вызваленне палітвязняў розных краінаў і напісанні паштовак салідарнасці ў месцы зняволення.
Акрамя петыцый да ўладаў ЗША, Саўдаўскай Аравіі, Венесуэлы, Грэцыі ды Узбекістану, прапанаваных AmnestyInternational у межах Марафону лістоў 2014, маладыя праваабаронцы падпісалі паштоўкі для палітычных зняволеных Беларусі, Расіі і Азербайджана.
Арганізатары акцыі выказалі спадзяванне, што праз далучэнне да міжнароднай кампані атрымаецца прыцягнуць больш увагі да лёсаў людзей з розных краінаў, закранутых рэпрэсіямі, а таксама выказаць ім падтымку і салідарнасць.
“Сёння мы калектыўна думалі пра Міколу Дзядка, Ігара Аліневіча, Мікалая Статкевіча, Лейлу і Арыфа Юнусаў, Расула Джафарава, Раіфа Бадафі, Чэлсі Мэнінг, Эркіна Мусаева ды іншых. Для нас гэта не проста імёны, а яскравыя лёсы таленавітых праваабаронцаў, няспынных актывістаў, якія баранілі правы чалавека і свабоду ў свеце. Мы пісалі ім лісты і словы падтрымкі на паштоўках, таму што гэта людзі, чые правы былі парушаныя дзяржавамі і якія зараз знаходзяцца не ў самых лёгкіх умовах. Некалькі цёплых словаў – гэта тое, чым кожны можа падзяліцца, а з іншага боку – гэта самае неабходнае, каб даць зразумець людзям за кратамі, што яны не забытыя і што ў іх шмат прыхільнікаў і паслядоўнікаў”, - кажа адна з удзельніц марафона Марына.
Агулам было падпісана больш за 30 петыцый і каля 40 паштовак.
БелМПГ прапануе ўсім далучацца да акцыі салідарнасці з рэпрэсаванымі і адвольна затрыманымі актывістамі ды праваабаронцамі:“Не заставайся ўбаку - падтрымай палітвязняў!”
Неабходная інфармацыя - у далучаным файле