Алену Маслюкову выбралі ў Рабочую групу Асамблеі НДА

2019 2019-06-06T11:57:51+0300 2019-06-06T12:17:32+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/maslukova_alena.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінску 1 чэрвеня прайшоў VIIІ Кангрэс Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі, піша belngo.info. Больш за 170 дэлегатаў і гасцей з усіх рэгіёнаў Беларусі абмяркоўвалі ключавыя праблемы грамадскага сектару. Пасля агульнага паседжання была праведзеная праца па тэматычных секцыях.

asambleya_nda.jpg
VIIІ Кангрэс Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў. Фота: belngo.info

Асамблея НДА — найбуйнейшае ў Беларусі аб’яднанне няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і грамадзянскіх ініцыятываў, якое спрыяе развіццю дэмакратычнай прававой дзяржавы і ўплывае на змены ў грамадстве. Заснаваная ў 1997 годзе, асацыяцыя на сённяшні момант налічвае 330 сябраў. Кангрэс — вышэйшы орган Асамблеі.

Кангрэс абраў новы склад кіруючага органа – Рабочай групы Асамблеі – па два прадстаўнікі ад кожнай з шасці секцыяў:

  • культура, краязнаўства;
  • сацыяльная сфэра, гендэрная роўнасць;
  • правы чалавека;
  • рэгіянальнае развіццё, урбаністыка, мясцовае самакіраванне, экалогія;
  • адукацыя, моладзь;
  • мэдыясфера, інфармацыйна-аналітычныя, даследчыя цэнтры.

У Рабочую групу ўвайшло 12 чалавек, якія абралі Старшыню РГ – Сяргея Мацкевіча. Удзельнікі Кангрэса прынялі Рэзалюцыю аб грамадскім удзеле і Дэкларацыю пра каштоўнасці Асамблеі НДА, зрабілі заяву аб распрацоўцы зменаў у Закон “Аб грамадскіх аб’яднаннях”.

Цяпер секцыю “Правы чалавека” ў Рабочай групе Асамблеі НДА прадстаўляюць светлагорская праваабаронца “Вясны” Алена Маслюкова і Старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак

maslukova_alena.jpg
Алена Маслюкова. Фота: ПЦ "Вясна"

"Я ўпершыню ўдзельнічала у вельмі важным для грамадскага жыцця Беларусі мерапрыемстве — Кангрэсе Асамблеі НДА. Там я працавала па асноўнай сваёй дзейнасці ў жыцці — па правам чалавека. Кангрэс у секцыю "Правы чалавека" Рабочай групы выбраў двух прадстаўнікоў: вядомага юрыста і праваабаронца Алега Гулака і мяне. Гэта было абсалютна нечакана. Я вельмі ўдзячная грамадзянскай супольнасці за такі высокі давер і веру ў мае здольнасці актыўна працаваць у грамадскім сектары. Я разумею, што такім чынам на мяне ўскладзены вялікі кавалак працы і вялікая адказнасць. Спадзяюся, што здолею быць карыснай і не падвяду тых людзей, якія прапанавалі і прагаласавалі за маю сціплую персону", — дзеліцца ўражаннямі праваабаронца Алена Маслюкова.

"Кіламетр грамадскай актыўнасці": фотарэпартаж "Вясны"

У Мінску ў першы дзень лета Асамблея НДА Беларусі правяла вялікі фестываль “Кіламетр грамадскай актыўнасці”. Розныя беларускія грамадскія арганізацыі прадставілі свае актыўнасці. Цягам дня на адкрытай пляцоўцы і ў залах ОК16 праходзілі лекцыі, майстар-класы, дыскусіі на тэмы экалогіі, гендэру, смяротнага пакарання, правоў чалавека, мовы і культуры.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства