Гарадзенскага праваабаронцу будуць судзіць за мірны сход у Свіслачы
Гарадзенскаму праваабаронцу Віктару Сазонаву пазванілі з Свіслацкага раённага суда і паведамілі, што адміністрацыйны працэс над ім па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) пачнецца ў пятніцу, 23-га лістапада ў 14.15, піша "Гарадзенская вясна". Суддзя Аляксандр Шылін.
Нагадаем, што суды ў Свіслачы будуць праходзіць за нібыта ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 27-га кастрычніка. У гэты дзень, традыцыйна, у Свіслачы сабраліся актывісты каб ушанаваць памяць паўстанцаў 1863-га году. Людзі ўскладвалі кветкі да магілы Віктара Каліноўскага на свіслацкіх могілках, да помнікаў нацыянальным героям у самой Свіслачы і Якушоўцы, дзе была сядзіба Каліноўскіх. Запальвалі знічкі, распавядалі пра гераічныя падзеі мінулых часоў.
Сам Віктар Сазонаў адзначае, што гэтым годам прысутнічаў у Свіслачы як назіральнік і праваабаронца, каб адсачыць дзеянні ўладаў і сілавікоў, паколькі кожны год апошнім часам удзельнікі гэтай акцыі падвяргаліся пераследу.
Дарэчы, старшыня Свіслацкага раённага суду Аляксандр Шылін ужо асудзіў 15 лістапада за ўдзел у мірным сходзе, прымеркаванага Дню памяці паўстанцаў, грамадскага актывіста Юрыя Глебіка да штрафу ў памеры 25 базавых велічыняў, і 16 лістапада грамадскага актывіста Віктара Пяцельчыца да 10 базавых штрафу.