Мікалай Дзядок абскарджвае абвінавачванне ў распаўсюдзе нацысцкай сімволікі
Былы палітвязень, анархіст Мікалай Дзядок з дапамогай юрыстаў ПЦ “Вясна” падрыхтаваў і накіраваў у Мінскі гарадскі суд скаргу на рашэнне суда Фрунзенскага раёна, які аштрафаваў актывіста на 10 базавых велічынь.
Суддзя Ганна Буйноўская палічыла яго вінаватым у "прапагандзе і (або) публічным дэманстраванні, вырабе і (або) распаўсюджванні нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі" (арт. 17.10 КаАП) за размяшчэнне трох карцінак на асабістай старонцы ў фэйсбуку.
Мікалай Дзядок адзначае ў скарзе, што з рашэннем суда Фрунзенскага раёна не згодны, сваю віну ён не прызнаваў, а ўказваў на тое, што ўсе размешчаныя карцінкі носяць саркастычны характар, а сваімі дзеяннямі ён “адкрыта выказваў сваю грамадзянскую пазіцыю з мэтай высмейвання нацызму і камунізму”.
Больш за тое, актывіст заяўляў хадайніцтва аб правядзенне эстэтычнай экспертызы, каб атрымаць заключэнне, ці ўтрымліваюць карцінкі нацысцкую сімволіку або атрыбутыку.
“Не можа з'яўляцца асноватворным для вынясення судовай пастановы рапарт падпалкоўніка ГУБАЗіК М. Бедункевіча, які ёсць у матэрыялах справы, пра тое, што на маёй старонцы ў вольным доступе размешчаныя матэрыялы з выявай нацысцкай сімволікі. Лічу, што М. Бедункевіч не правамоцны рабіць такія высновы, бо не з'яўляецца спецыялістам у гэтай галіне.
Заяўленае мною хадайніцтва аб прызначэнні экспертызы сімволікі і атрыбутыкі было адхілена судом, і таму высновы суда аб тым, што на карцінках намаляваная нацыская сімволіка не могуць з'яўляцца дакладнымі па маёй справе”, - падкрэслівае Мікалай Дзядок у скарзе.
Актывіст упэўнены, што ў яго дзеяннях адсутнічае склад правапарушэння, а судом была дадзеная неправільная ацэнка яго дзеянням. Ён просіць Мінскі гарадскі суд справу ў дачыненні да сябе па арт. 17.10 КаАП спыніць, а пастанову суда Фрунзенскага раёна адмяніць.
Нагадаем, Мікалай Дзядок быў затрыманы раніцай 12 ліпеня каля свайго дому і дастаўлены ў РУУС Фрунзенскага раёна, дзе на яго быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 17.10 за тры карцінкі, якія ён размясціў на сваёй старонцы ў фэйсбуку больш чым паўгода таму. У той жа дзень над актывістам адбыўся суд, які аштрафаваў яго на дзесяць базавых велічынь.
Раней Мікалай Дзядок выказваў думку, што прыцягненне яго да адказнасці за публікацыі з’яўляецца асабістай помстай яму начальнікам ГУБАЗіК Міхаілам Бедункевічам за тое, што актывіст напісаў на асабістай старонцы ў фэйсбуку пост пра тое, што пазнаў яго нават у масцы пры правядзенні сілавікамі спецаперацыі супраць анархістаў пад Крупкамі.