За ўдзел у "Маршы раззлаваных беларусаў" суды завочна аштрафавалі двух гамельчукоў

2017 2017-12-14T17:00:59+0300 2017-12-14T17:02:24+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/gomel_sud1412.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вадзім Васільеў і Яўген Маркавец. Фота БелаПАН

Вадзім Васільеў і Яўген Маркавец. Фота БелаПАН

Як стала вядома "Гомельскай Вясне", 7 снежня ў Гомелі суддзі судоў Савецкага раёна Віталь Каўбеня і Чыгуначнага Андрэй Хлышчэнка правялі завочныя адміністрацыйныя працэсы, падчас якіх прыцягнулі да адказнасці ў выглядзе буйных штрафаў актывістаў Вадзіма Васільева і Яўгена Маркаўца за іх удзел 21 кастрычніка ў мітынгу пратэсту ў Мінску, які атрымаў назву «Марш раззлаваных беларусаў 2.0».

Як вынікае з адміністрацыйных пратаколаў, маладыя людзі «прынялі ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 21 кастрычніка на плошчы Незалежнасці ў Мінску без дазволу Мінгарвыканкама, што выявілася ў прысутнасці групы грамадзян з выкарыстаннем сцяга бел-чырвона-белага колеру з мэтай публічнага выказвання грамадска-палітычных поглядаў» . Пратакол на Вадзіма Васільева склаў капітан міліцыі ЖАУС Гомеля Юрый Варатніцкі, на Яўгена Маркаўца - лейтэнант САУС Максім Новік.

На прыёме ў рэгіянальнага юрыста Праваабарончага цэнтру "Вясна" Леаніда Судаленкі, да якога актывісты звярнуліся па дапамогу, хлопцы адзначылі, што міліцыя апазнала і знайшла іх па фатаграфіі з акцыі, на якой яны трымаюць нацыянальны сцяг Беларусі.

"Міліцыя знайшла нас па фота з акцыі праз сацыяльную сетку Укантакце. У суды нас таксама выклікалі праз акаўнты сетцы Укантакце. Па гэтай прычыне мы вырашылі ў суды не хадзіць, а суды вынеслі завочныя пастановы пра штрафы", - заявілі актывісты на прыёме ў юрыста.

"Працэсуальнае заканадаўства дапускае выклік у суд тэлефанаграмай або з выкарыстаннем іншых сродкаў сувязі. Вярхоўны суд СМС-позвы лічыць належным паведамленнем, а вось у дачыненні да акаўнтаў сацсетей яшчэ сваёй пазіцыі не пазначыў. У любым выпадку, суд павінен зафіксаваць не толькі сам факт адпраўлення электроннай позвы , але і факт яе дастаўкі, што ў сацыяльнай сетцы пацвердзіць досыць складана", - адзначае Леанід Судаленка.

Юрыст ПЦ "Вясна" дадаў, што пастановы раённых судоў аб штрафах сёння абскарджаны ў Гомельскім абласным судзе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства