viasna on patreon

Еўрапарламент асудзіў рэпрэсіі ў Беларусі

2017 2017-04-06T15:50:00+0300 2017-04-06T18:24:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/eurapejski_parlament.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У рэзалюцыі, прынятай 6 красавіка на сесіі ў Страсбургу, Еўрапарламент асудзіў рэпрэсіі ў Беларусі і заклікаў беларускія ўлады паважаць правы і свабоды грамадзян, паведамляе БелаПАН.

Еўрапарламент асуджае разгон мірных дэманстрацый пратэсту і рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія ўдзельнічалі ў вулічных акцыях. Адзначаецца, што, нягледзячы на заклікі міжнароднай супольнасці да стрыманасці, рэакцыя сілавых структур была празмернай і непрапарцыйнай. Еўрапарламент занепакоены апошнімі падзеямі ў Беларусі і падкрэслівае неабходнасць большай дэмакратызацыі.

Еўрапейскія парламентарыі асуджаюць неабгрунтаваныя абмежаванні правоў на свабоду мірных сходаў, свабоду слова і асацыяцый, а таксама пераслед незалежных журналістаў, апазіцыі, праваабаронцаў і пратэстоўцаў.

У рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік да беларускіх улад неадкладна і без якіх-небудзь умоў вызваліць усіх затрыманых, а таксама адмяніць ўсе судовыя рашэнні ў дачыненні да ўдзельнікаў акцый пратэсту, журналістаў, праваабаронцаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці і апазіцыі, якія былі затрыманыя падчас дэманстрацый.

Еўрапарламент заяўляе аб непрымальнасці практыкі прэвентыўных арыштаў і патрабуе ад уладаў інфармаваць аб усіх затрыманых іх сем'і і грамадскасць.

Прымяненне сілы ў дачыненні да любога грамадзяніна, які ўдзельнічае ў мірным пратэсце, не можа быць апраўданае ні пры якіх абставінах, падкрэсліваецца ў рэзалюцыі. Рэпрэсіі, якія парушаюць права на свабоду слова і сходаў, супярэчаць міжнародным абавязацельствам і Канстытуцыі Беларусі.

Еўрапарламент заклікае ўрад Беларусі пачаць адкрыты дыялог са сваімі грамадзянамі, арганізацыямі грамадзянскай супольнасці і незалежнымі СМІ, а таксама неадкладна правесці дбайнае і бесстаронняе расследаванне ўсіх паведамленняў аб адвольных затрыманнях і іншых парушэнняў правоў грамадзян. "У выпадку невыканання такіх расследаванняў ЕС можа прымяніць новыя абмежавальныя меры ў дачыненні да высокапастаўленых службовых асобаў, адказных за нядаўнія рэпрэсіі", — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Еўрапейскі парламент заклікае беларускія ўлады спыніць пераслед незалежных СМІ паводле палітычных матываў, а журналістаў — за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.

Еўрапарламентарыі таксама заклікаюць беларускія ўлады спыніць пераслед грамадзянскіх актывістаў і адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі), забяспечыць поўнае і бесперашкоднае функцыянаванне ўсіх грамадскіх асацыяцый і арганізацый.

Парламенцкую асамблею АБСЕ, якая плануе правесці сваю летнюю сесію ў Мінску ў ліпені гэтага года, Еўрапарламент заклікае ўлічыць нядаўнія падзеі ў Беларусі і, як мінімум, забяспечыць удзел у сесіі прадстаўнікоў апазіцыі, незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці.

Беларускім уладам таксама адрасаваны заклік да канструктыўнага дыялогу з апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю, супрацоўніцтва са спецыяльным дакладчыкам ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі (беларускія ўлады доўгі час адмаўляюцца ад супрацоўніцтва са спецдакладчыкам ААН і не дазваляюць яму наведаць краіну. — БелаПАН.) і правядзення даўно чаканых рэформаў для паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека і дэмакратыяй.

Беларускаму кіраўніцтву рэкамендавана адмяніць дэкрэт прэзідэнта № 3 як "адвольную, жорсткую і маральна сумнеўную меру, якая парушае правы чалавека".

Еўрапарламент заклікае ўрад аднавіць працу над рэформай выбарчага заканадаўства і супрацоўнічаць па гэтым пытанні з міжнароднымі партнёрамі.

У рэзалюцыі таксама ўтрымліваецца заклік ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку на шляху да яго поўнай адмены.

Еўрапарламент раіць працягнуць мандат спецдакладчыка ААН па Беларусі, а таксама заклікае структуры ЕС і краіны-члены ўсяляк садзейнічаць працягу мандата.

Еўрапейская служба знешніх дзеянняў, на думку Еўрапарламента, павінна працягнуць і ўзмацніць падтрымку арганізацый грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Еўрапарламент згадвае важнасць падтрымкі "ўсіх незалежных крыніц інфармацыі для беларускага грамадства, уключаючы СМІ, якія вяшчаюць на беларускай мове з-за мяжы".

Еўракамісіі рэкамендавана працягнуць падтрымку адукацыйных праграм, якія дазваляюць маладым беларусам праходзіць навучанне ў ЕС, і паскорыць працэс падачы заявак на візу і стыпендыі.

Акрамя таго, еўрадэпутаты заклікаюць Еўракамісію гарантаваць самыя высокія стандарты ядзернай бяспекі на Беларускай АЭС, якая будуецца ў Астраўцы, а таксама праверыць на адпаведнасць санкцыям ЕС у дачыненні да Расіі ўдзел Еўрапейскага інвестыцыйнага банка ў фінансаванні будаўніцтва АЭС у Беларусі.

Паважанне фундаментальных грамадзянскіх свабод, вяршэнства закону і правоў чалавека будзе мець вырашальнае значэнне для далейшых адносін ЕС і Беларусі, падкрэсліваецца ў рэзалюцыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства