viasna on patreon

У Мінску пройдзе фестываль дакументальнага кіно пра правы чалавека

2016 2016-12-14T13:34:03+0300 2016-12-14T13:53:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/foto-2.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міжнародны фестываль дакументальнага кіно пра правы чалавека Watch DOCs Belarus пройдзе ў Мінску з 15 па 18 снежня. Фестываль праходзіць ў Польшчы ўжо на працягу 15 гадоў, у Мінск ён прыязджае ў другі раз. Пад час мерапрыемства будуць паказаныя дакументальныя фільмы, у якіх закранаецца тэма правоў чалавека, а таксама адбудуцца дыскусіі па актуальных для нашага часу пытаннях.

Тры асноўныя тэмы фестивалю Watch DOCs Belarus 2016:

  • Моладзь: барацьба за жыццё і годнасць

У гэтым блоку будуць паказаныя фільмы пра жыццё падлеткаў у крытычных сітуацыях як у Амерыцы, так і ў Расіі. Фільм Ханны Полак “Чалавек жыве для лепшага”, які быў намінаваны на Оскар, здымаўся на маскоўскай звалцы на працягу 14 гадоў. 

  • Усход і Захад: сутыкненне культур ці палітычныя гульні

Ваенныя канфлікты на Усходзе не прыпыняюцца. Адны лічуць, што прычына ў радыкальных падыходах мясцовага насельніцтва да іншых культур, другія кажуць, што такое меркаванне – плод прапаганды, а ў той жа час жыхары Усходу імкнуцца пазбавіцца тыранаў. Тры фільмы гэтага блоку – пра Сірыю, Аўганістан і Чачню – здымалісь у непасрэднай блізкасці да сваіх герояў. Фільм “Сірыйская гісторыя кахання” прызнаны Еўрапейскай кінаакадэміяй лепшым дакументальным фільмам 2015 года. 

  • Людзі, якія мяняюць свет

У гэтым блоку будуць паказаныя фільмы, героі якіх змогуць натхніць кожнага гледача. Гэта і хіпі, якія вырашылі не дапусціць правядзенне ядзерных выпрабаванняў, і бабулька, якая адпраўляецца ў падарожжа аўтаспынам ў 70 гадоў, і пракурор Гватэмалы, які спрабуе прыцягнуць да адказнасці за генацыд былога кіроўцу краіны.

Іншыя падзеі Watch DOCs Belarus 2016:

Дыскусія “Як “злівы” змяняюць грамадства” з удзелам журналістак Холі Уэт (The Guardian) і Ганны Бабінец (Слідство.Інфо), якія працавалі над “Панамскім архівам”. Як змянілася сітуацыя ў краінах, якія сутыкнуліся з уцечкамі інфармацыі? Гэта абмяркуюць удзельнікі дыскусіі 16 снежня ў прасторы ЦЭХ пасля прагляду фільма “Лічбавыя дысыдэнты”.

Дыскусія “Праваабаронца: лад жыцця і лад дзеянняў” прысвечаная людзям, якія прафесійна займаюцца абаронай правоў чалавека. Што імі кіруе? Ці сапраўды ў іх атрымліваецца штосьці змяніць? Якія праблемы вырашаюць беларускія праваабаронцы? Дыскусія адбудзецца 17 снежня ў Галерэі  TUT.BY пасля паказу фільма “Каманда хуткага рэагавання”.

Дэбаты па сітуацыі з уцекачамі ў Беларусі. Ужо некалькі месяцаў у Брэсце жыве каля тысячы чалавек з чачні, якія спрабуюць атрымаць статус уцекачоў у Польшчы. Паток перасяленцаў існаваў яшчэ з 90-х, але менавіта ў жніўні гэтага года польскі бок практычна перастаў прымаць людзей. Гэта стварыла сітуацыю, якую валантэры праваабарончай арганізацыі Human Constanta ацэньваюць як лакальны міграцыйны крызіс. Людзі, якія вырашылі дапамагаць сем’ям у Брэсце, даведаліся шмат новага пра беларускую талерантнасць, як добрага, так і дрэннага. 16 снежня ў Галерэі TUT.BY пасля дэманстрацыі фільма “Грозны блюз” адбудуцца дэбаты, у якіх будуць прадстаўлены супрацьлеглыя меркаванні па пытанні ўцекачоў з Чачні.

Сустрэча з рэжысёрам Аленай Хоравай і аператарам Андрэем Кісялёвым, аўтарамі фільма “Кіеў-Масква”, у якім у незвычайным ракурсе паказанае жыццё двух гарадоў на працягу двух апошніх гадоў. Сустрэча і прагляд фільма адбудуцца 17 снежня у ЦЭЗ, пачатак у 18.00.

Кінаноч 17 снежня ў прасторы ЦЭХ. Пад час яе можна будзе паглядзець некаторыя фільмы, якія гледачы не паспелі пабачыць ўдзень. Таксама будзе прадэманстраваны фільм Джыма Фіна “Інтэркосмас” пра каланіяльныя амбіцыі камунізму.

Уваход на мерапрыемствы вольны.

Больш падрабязна пра фестіваль глядзіце на старонцы ў Facebook

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства