У Кобрыне – суд над Аляксандрам Мехам
Днямі грамадскі актывіст з Кобрына Аляксандр Мех атрымаў позву ў суд Кобрынскага раёна.
Па інфармацыі "Берасцейскай Вясны", яшчэ 22 лістапада старшы ўчастковы інспектар, майор міліціі Свідуновіч азнаеміў Аляксандра Меха з матэрыяламі адміністрацыйнай справы.
Як выявілася, за ўдзел грамадскага актывіста ў мерапрыемствах па ўшанаванню памяці герояў паўстання Кастуся Каліноўскага ў Свіслачы, быў складзены пратакол адміністрацыйнага правапарушэння па ч. 3 арт. 23.34 КаАП “удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве”.
Сёння ў Кобрынскім раённым суддзе адбудзецца разгляд справы. Пачатак судовага паседжання – 14.30.
Актывіст лічыць, што ўшанаванне нацыянальных і рэлігійных традыцый, у дадзеным выпадку памяці герояў паўстання Кастуся Каліноўскага на “Дзяды”, не з’яўляецца масавым мерапрыемствам, гэта справа сумлення, самапавагі, элементарнай людзкай годнасці. Судамі і штрафамі ўлады хочуць запалохаць грамадства, пазбавіць волі да супраціву.