viasna on patreon

Прасіла за Беларусь. Тамара Чыкунова распавяла пра сустрэчу з Папам Рымскім Відэа

2016 2016-11-30T12:30:28+0300 2016-11-30T16:48:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/chikunova_i_papa_francesco.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сустрэча Тамары Чыкуновай і Папы Рымскага Францішка ў верасні 2016 года. Фота з асабістага архіву Тамары Чыкуновай

Сустрэча Тамары Чыкуновай і Папы Рымскага Францішка ў верасні 2016 года. Фота з асабістага архіву Тамары Чыкуновай

З0 лістапада ў розных кутках свету праводзіцца акцыя "Гарады за жыццё - гарады супраць смяротнага пакарання", ініцыяваная ў 2002 годзе рымскай Абшчынай святога Эгідзія. Актывістка гэтай абшчыны Тамара Чыкунова вядомая ў нашай краіне, дзякуючы яе актыўнаму садзеянню кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі". Яна ўсімі даступнымі спосабамі дапамагае беларускім абаліцыяністам у надзеі наблізіць той дзень, калі ў нашай краіне спыняцца ўзаконеныя забойствы і Еўропа, нарэшце, стане тэрыторыяй, вольнай ад смяротнай кары.

Наўрад ці будзе перабольшаннем сказаць, што Тамара Чыкунова апантаная ідэяй паўсюднай адмены выключнай меры. У адзін момант стаўшы маці нявінна пакаранага, яна прысвяціла сваё жыццё барацьбе з гэтым антыгуманным пакараннем. Пасля знаёмства з Абшчынай святога Эгідзія ў 2002 годзе, яна працягнула свой шлях поруч з хрысціянамі гэтай арганізацыі, з якімі яе зрадніла адзінства мэты. За смеласць і рашучасць трымацца такога цярністага шляху, жыццё ўзнагароджвае Тамару Іванаўну светлымі сустрэчамі.

У верасні гэтага года яна мела гонар вітання і блаславення Папы Рымскага Францішка і была ўзнагароджана памятным медалём Ватыкана "Надзвычайны юбілей міласэрнасці".

Запрашэнне на аўдыенцыю да Папы Рымскага Францішка. Фота з асабістага архіву Тамары Чыкуновай
Запрашэнне на аўдыенцыю да Папы Рымскага Францішка. Фота з асабістага архіву Тамары Чыкуновай
Медаль Ватыкана "Надзвычайны юбілей міласэрнасці" для Тамары Чыкуновай
Медаль Ватыкана "Надзвычайны юбілей міласэрнасці" для Тамары Чыкуновай

Па яе прызнанні, гэта той выпадак, калі наўпрост нямееш - настолькі моцныя эмоцыі. Гэтую выключную магчымасць Тамара Іванаўна скарыстала, каб перадаць пантыфіку адрасаваны яму ліст каардынатара кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэя Палуды з просьбай абмеркаваць з прэзідэнтам Беларусі гэтую балючую тэму. Праваабаронца прытым выказаў веру, што асабістая пазіцыя Папы Францішка можа дапамагчы прыняццю станоўчага рашэння па пытанні ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне ў нашай краіне.

На відэа, што ніжэй, Тамара Чыкунова падрабязна распавядае пра тое, дзякуючы якім абставінам адбылася яе аўдыенцыя ў Папы Францішка, як праходзіла перадача яму ліста з Беларусі і якой была яго рэакцыя.

Пачуўшы заяву беларускага прэзідэнта аб тым, што яго прынцыпы «цалкам супадаюць з тымі прынцыпамі, якіх прытрымліваецца Папа Францішак», Тамара Чыкунова нагадвае Аляксандру Лукашэнку, што 2016 год быў абвешчаны кіраўніком Ватыкана Святым годам міласэрнасці.

«Я звяртаюся да Лукашэнкі: спадар прэзідэнт, будзьце міласэрным! На Вас ляжыць прамая адказнасць за тое, што грамадства карае смерцю людзей. Вы апошні, хто ставіць кропку перад выкананнем прысуду. Будзьце міласэрным да сябе найперш: не бярыце грэх на душу - адмяніце смяротнае пакаранне...»

Поўны зварот Тамары Чыкуновай да Аляксандра Лукашэнкі на відэа:


Акцыя "Гарады за жыццё - гарады супраць смяротнага пакарання", ініцыяваная каталіцкай Абшчынай святога Эгідзія, ладзіцца штогод з 2002-га. Дата 30 лістапада абраная таму, што ў гэты дзень яшчэ ў 1786 годзе ў італьянскім княстве Таскана ўпершыню ў гісторыі еўрапейскіх дзяржаў было адменена смяротнае пакаранне. Штогод у сімвалічнай акцыі бяруць удзел тысячы гарадоў свету. Кожны горад, у знак далучэння да гэтага руху, падсвятляе сваю архітэктурную славутасць, гістарычную святыню або памятнае месца, каб засведчыць, што ён з'яўляецца тэрыторыяй без смяротнай кары.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства