Заява кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” з нагоды пачатку выбараў дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў

2016 2016-06-07T10:55:25+0300 2016-10-12T12:39:05+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/logo_bel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

ЗАЯВА КАМПАНІІ “ПРАВААБАРОНЦЫ ЗА СВАБОДНЫЯ ВЫБАРЫ”

з нагоды пачатку выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання

Мінск, 7  чэрвеня 2016 г.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь сваім указам вызначыў дату правядзення чарговых выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў – 11 верасня 2016 года. Паводле арт.арт. 91 і 94 Канстытуцыі, дэпутаты абіраюцца на чатыры гады  непасрэдна народам на падставе ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры таемным галасаванні.

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў папярэдніх скліканняў выклікалі сур’ёзную крытыку з боку міжнародных назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ, а таксама нацыянальных незалежных назіральнікаў, прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі. Ніводны склад Палаты прадстаўнікоў не быў прызнаны як абраны паводле прынцыпаў, вызначаных Дакументам Капенганескай нарады Канференцыі па чалавечаму вымярэнню АБСЕ. Калі выбары 2016 года будуць праведзены на падставе прынцыпаў свабоды, дэмакратыі, роўнасці ўсіх удзельнікаў палітычнага працэсу, яны могуць стаць значнай падзеяй у грамадска-палітычным жыцці краіны і выклікаць вялікую цікавасць з боку суб’ектаў палітычнага працэсу, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і грамадзян Беларусі.

Улічваючы важнасць незалежнай ацэнкі, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый - Беларускага Хельсінкскага камітэта і Правабарончага цэнтра “Вясна”, пачынаем маніторынг выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у межах грамадскай кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Мэтай маніторынгу з’яўляецца ацэнка выбарчага працэсу і забеспячэння правоў чалавека падчас выбарчай кампаніі з пункту гледжання беларускага выбарчага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаванне беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці пра ход электаральнай кампаніі і зробленыя высновы.

Назіранне за выбарамі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у межах кампаніі “Правабаронцы за свабодныя выбары” будзе ажыццяўляцца сіламі сябраў нашых арганізацый у строгай адпаведнасці з дзеючым нацыянальным заканадаўствам.

Доўгатэрміновае назіранне за ўсімі этапамі выбарчага працэсу і грамадска-палітычнай сітуацыяй будзе ажыццяўляцца 50 доўгатэрміновымі назіральнікамі, якія размеркаваны па ўсёй тэрыторыі краіны. Доўгатэрміновыя назіральнікі будуць акрэдытаваны ў тэрытарыяльных і акруговых камісіях.

За правядзеннем галасавання на выбарчых участках ад пачатку датэрміновага галасавання будуць назіраць 400 кароткатэрміновых назіральнікаў на 200 участках для галасавання па ўсё тэрыторыі краіны.

Па выніках назірання за выбарамі будзе зроблена аналітычная справаздача, а таксама выпрацаваны рэкамендацыі па далейшым удасканаленні выбарчага заканадаўства. Дадзеныя рэкамендацыі будуць накіраваны ў новаабраны заканадаўчы орган. Мы спадзяемся, што вынікі нашага назірання і выпрацаваныя рэкамендацыі будуць улічаны пры ўнясенні зменаў у Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь.

Кампанія “Правабаронцы за свабодныя выбары” з’яўляецца незалежнай і палітычна незаангажаванай. Мы не ставім за мэту падтрымку палітычных партый, а таксама якіх-небудзь палітычных дзеячоў. Увесь выбарчы працэс будзе ацэньвацца намі максімальна непрадузята, сыходзячы выключна з прынцыпаў свабодных, дэмакратычных і празрыстых выбараў, пры якіх народ нашай краіны можа ў поўнай меры рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у кіраванні сваёй краінай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства