Канец “лібералізацыі”? Вячаслава Сіўчыка затрымалі ўначы і моцна збілі
19 красавіка каля 3 гадзін ночы ў пад’ездзе дома супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывіста апазіцыі і лідара руху салідарнасці „Разам” Вячаслава Сіўчыка. Па словах ягонай маці спадарыні Галіны, яго доўга каравулілі, а як затрымалі – пачалі моцна збіваць. З яго садралі куртку і швэдар і закавалі ў кайданкі.
Сіўчык паспеў датэлефанавацца да жонкі, якая спусцілася з кватэры ў пад’езд. Аднак яе груба адштурхнулі і паведамілі, што муж нібыта брыдкасловіў.
Вядома, што актывіста трымаюць зараз у РУУСе Цэнтральнага раёна Менска. Фактычную прычыну затрымання Сіўчыка спрабуюць высветліць праваабаронцы.
Стала вядома, што лідара руху салідарнасці „Разам” Вячаслава Сіўчыка вінавацяць у дробным хуліганстве (арт.17.1 КаАП) і непадпарадкаванні патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі (арт. 23.4. КаАП). Разгляд адміністрацыйных спраў актыцвіста адбудзецца сёння ў Цэнтральным судзе Мінска. Пачатак у 11-00.
Апошні раз актывістаў ў Мінску з прымяненнем фізічнай сілы затрымлівалі некалькі месяцаў назад, калі Павел Сяргей і Максім Шыцік у зале суда пад час разгляду “справы графіцістаў” разгарнулі расцяжку на якой было напісана «Мастацтва – не злачынства». Тады ж быў моцна збіты і журналіст Павел Дабравольскі.