viasna on patreon

Грамадскае абмеркаванне ў Віцебску праводзілі амаль без грамадскасці

2016 2016-01-19T11:53:56+0300 2016-01-19T11:53:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-safijski-sabor.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

18 студзеня ў Першамайскай раённай адміністрацыі прайшоў сход па абмеркаванні ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе Сафійскага сабора, які збіраюцца збудаваць у Віцебску. “Нейкіх там людзей запрашаць на абмеркаванне мы не абавязаны”, -- сказаў адказны чыноўнік.

Пытанне пра будаўніцтва Сафійскага саборы ў Віцебску – вельмі спрэчнае, і інтарэс да яго ў гараджан абвостраны. У асяродку праваслаўных вернікаў ёсць шмат прыхільнікаў гэтай ідэі – каб збудаваць у абласным цэнтры копію полацкага Сафійскага сабора ўзору ХІ стагоддзя. Вядома, у гарадскім бюджэце грошай на гэта няма, але знайшліся спонсары – галоўны з іх расійсі “Газпрам”. Прычым і месца пад храм - у парку над Дзвіной – абраў яго кіраўнік Аляксей Міллер. Апаненты прапануюць свае меркаванні: што ў Віцебску і так дастаткова праваслаўных цэркваў, а вось паркаў – мала, што трэба рэстаўраваць сапраўдныя помнікі архітэктуры, а не марнаваць грошы на макеты ў натуральную велічыню, што новы храм, верагодна, і патрэбны – але ў новым мікрараёне, а не ў цэнры Віцебска, і не ў там месцы, дзе да двух бліжэйшых цэркваў – ад 200 да 500 метраў.

Слухаць гэтыя аргументы намесніку старшыні райвыканкаму, а таксама кіраўніку камісіі па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе Сафійскага сабора Анатолю Канрдатовічу відвочна не хацелася. Таму праз гадзіну абмеркавання ён стаў перабіваць выступоўцаў і патрабаваць скончыць сход. Зрэшты, прадстаўнікоў грамадскасці і сабралася не больш за дзясятак, бо абвестак пра сход нідзе не было.

А магло не быць і самога схода, гаворыць юрыст ГА “Экадом” Рыгор Фёдараў:

“Я жыву ў Мінску, але зацікавіўся гэтай справай. Даведаўся, што зроблена справаздача па ацэнцы ўздзеяння сабора на навакольнае асяроддзе. Пазнаёміцца з ёй было праблемай - не толькі ў мяне, але і ў гараджан: у публічным доступе яе не было, пачытаць дакумент можна было хіба што ў працоўны дзень і час. Чамусьці віцебскія чыноўнікі не паведамілі, што грамадскасць можа прасіць арганізаваць сход для абмеркавання гэтых дакументаў. Гэта ведаў я як юрыст, таму такі зварот напісаў, і ў Віцебск прыехаў. Сутыкнуўся з тым, што сход арганізавалі, але грамадскасць не запрасілі. Лічу, што парушана працэдура абмеркавання жыхарамі важнай праблемы свайго горада!”

Паводле Рыгора Фёдарава, справаздача па ацэнцы ўздзеяння сабора на навакольнае асяроддзе мае шмат хібаў. Напрыклад, дадзеныя пра значнае перавышэнне некаторых дапушчальных параметраў у справаздачы трансфармаваліся ў выснову “не перавышаюць”. Жыхары Віцебска заўважылі, што раней гаварылася пра неабходнасць знішчэння 50-дрэваў на месцы будаўніцтва, а цяпер ужо – пра 206, а таксама 4658 квадратных метраў газонаў. Гэтую шкоду прапануюць кампенсаваць, высадзіўшы 596 саджанцаў – але не тут, а ў розных раёнах Віцебска. А жыхарам бліжэйшых дамоў замест парка абяцаюць “цудатворнае ўздзеянне званоў”, параметры якога навуцы невядомыя.

Юрыст ГА “Экадом” спадар Фёдараў лічыць, што справаздачу трэба дапрацаваць, а абмеркаванне правесці зноў, абавязкова запрасіўшы грамадскасць Віцебска. Бо нават той невялікай колькасці прысутных, якія даведаліся пра сход самастойна, выказаць усе свае меркаванні так і не далі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства