viasna on patreon

Бабруйск: назіральнікі падаюць скаргі ў пракуратуру і ЦВК

2015 2015-10-13T16:50:23+0300 2015-10-13T16:50:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/skarga.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Бабруйскія назіральнікі кампаніі "Права выбару" падаюць выніковыя скаргі ў ТВК, пракуратуру і ЦВК. Большасць з іх звязана з прыпіскамі, якія масава практыкавалі сябры камісій, і немагчымасцю назіраць за падлікам галасоў.

-З тых 22-х участкаў, працу якіх я адсочвала, толькі на чатырох назіральнікі не пісалі скаргі. Сёння яны будуць падаваць 18 выніковых скаргаў, якія тычацца менавіта падліку галасоў. Бо дагэтуль назіральнікі таксама падавалі шмат скаргаў, іх мусілі разглядаць у дзень падачы, але сябры камісій паўсюль заяўлялі, што дашлюць адказы праз тры дні, - распавядае абласная каардынатарка кампаніі "Права выбару" Таісія Кабанчук.

Акрамя скаргаў назіральнікі, яшчэ да асноўнага дня галасавання, падавалі сябрам камісій пісьмовыя прапановы наконт магчымасці адкрытага падліку галасоў. Ва ўсіх выпадках яны атрымалі адмовы з тлумачэннямі, што камісіі "дзейнічаюць згодна з беларускім заканадаўствам".

-Пра вялікія прыпіскі мы ўжо шмат казалі, а яны недзе дасягалі лічбаў у 500-600 чалавек! Сябры камісій перакідваліся паміж сабой запіскамі, шапталіся, а потым бралі аднекуль гэтыя нерэальныя лічбы. Усё гэта назіральнікі адлюстравалі ў скаргах. Назіральніца Святлана Грыцэнка працавала на ўчастку №18, і ў дзень выбараў туды прыйшлі нейкія тры "важныя" чалавекі, пачалі кіраваць там працэсам з маўклівай згоды сябраў камісіі. Калі Святлана пацікавілася, па якім праве яны там знаходзяцца, сцвярджалі, што ім папяровыя накіраванні не патрэбныя, паводзілі сябе вельмі ўпэўнена. Але назіральніца здолела дамагчыся, каб іх не зарэгістравалі. Бо ў накіраваннях нашых назіральнікаў да кожнай коскі чапляліся, а тут проста прыйшлі і нібыта могуць гаспадарыць. Па гэтым факце таксама была пададзена скарга, - кажа Таісія Кабанчук.

Яшчэ адна нагода для напісання скаргаў - адсутнасць на многіх участках выніковых пратаколаў. Назіральнікам проста агучвалі лічбы і адпраўлялі дахаты.

-Назіральнік Ілля Родаў працаваў на ўчастку №86 і быў шакаваны паводзінамі сябраў камісіі. Яны ўзялі тры скрыні - з датэрміновага, асноўнага галасавання і вынасную скрыню, высыпалі ўсе бюлетэні ў адну кучу, і пачалі гэтыя "галасы" туды-сюды кідаць. Наш назіральнік нават не зразумеў, што там адбываецца, гэта было падобна на нейкае вар'яцтва. Натуральна, і пратаколу ён не ўбачыў. Па гэтым факце таксама была пададзена скарга, - адзначыла абласная каардынатарка кампаніі "Права выбару".

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства