Бабруйск: яўка на ўчастку №26 склала ўсяго 62,7 % (відэа)
На бабруйскім выбарчым участку №26, які знаходзіцца ў памяшканні медычнай вучэльні, назіральнікі без перашкод сачылі за падлікам галасоў.
Раніцай у асноўны дзень выбараў назіральнікі выказалі незадаволенасць тым, дзе знаходзяцца іх месцы. Яны адразу ж напісалі скаргу, а таксама паведамілі пра гэта ў ТВК. Пасля доўгіх спрэчак назіральнікаў "перасялілі" ў зручнае месца.
Асаблівых перашкод падчас назірання не было, як не было іх і падчас падліку галасоў. Назіральнікі здолелі назіраць за працэсам падліку ў непасрэднай блізкасці ад камісіі, рабіць фота і відэаздымкі.
Яўка на выбарчым участку склала ўсяго 62,7 % (датэрміновае галасаванне - 27,8%). І гэта пры тым, што на ўчастку прапісана больш за 200 студэнтаў гэтай вучэльні, якія гужам хадзілі на датэрміновае галасаванне. Агульныя лічбы па галасаванні выглядаюць так: Гайдукевіч - 2,1%, Караткевіч - 14,26%, Лукашэнка - 75,8%, Улаховіч - 1,27, супраць усіх - 5,48%, неспраўдныя бюлютэні - 1,05%.