Віцебскі назіральнік: "На мінулых выбарах абмежаванняў для нас было меней"
Назіральнік Вадзім Кузьмін распавёў, як прайшлі першыя паўдня датэрміновага галасавання, і з якімі цяжкасцямі давялося сутакнуцца.
Спадар Кузьмін – назіральнік "са стажам". Гэта не першая выбарчая кампанія, дзе даводзіцца працаваць у гэтай якасці.
"Пасля адкрыцця ўчастка №47, што ў Кастрычніцкім раёне, я папрасіў дазволу сфатаграфаваць пячатку на скрыні для галасавання. Мне адмовілі. На мінулых выбарах дазвалялі гэта рабіць. Таксама папрасіў, каб мне дазволілі падпісацца на паперыне, якой заклейваюць шчыліну для бюлетэняў – адмовілі таксама. Сказаўшы, што там мусяць падпісвацца толькі старшыня або намеснік старшыні камісіі і нехта з чальцоў. Так, яны мусяць! Але ж ніхто, здаецца, не забараняў гэта рабіць і іншым людзям, для якіх падпісацца – не патрабаванне заканадаўства, а асабістае жаданне. Не, не далі. Таксама не далі дазволу на дзяжурства побач з памяшканнем для галасавання, каб сачыць за захаванасцю скрыні", - распавёў Вадзім Кузьмін.
Ягоныя просьбы да выбарчай камісіі аказаліся "класічнымі" – якраз іх рэкамендавана разбіраць падчас трэнінгу для ўчастковых выбарчых камісій, сцэнар якога апублікаваны на сайце ЦВК. Паводле гэтага сцэнара, кіраўнікоў камісіі навучаюць адказваць, што ахова скрыні для галасавання – гэта функцыя міліцыі, і нічыя болей. Ці можна назіральніку фотаграфаваць пячатку, на трэнінгу не абмяркоўвалася. Але ніякіх супярэчнасцяў з заканадаўствам у гэтай просьбе няма. Тым не менш, назіральніку адмовілі.
Шмат пытанняў у Вадзіма Кузьміна выклікала сама скрыня для галасавання на ўчастку №47:
"Скрыня празрыстая, але на шурупах. Дастаткова іх раскруціць, і верхняя панэль здымаецца, так што парушаць пячатку або паперку, якой пламбіруецца шчыліна для апускання бюлетэней, абсалютна не патрэбна. Таму я папрасіў, каб "накрыўку" скрыні таксама апячаталі – і тады не будзе магчымасцяў для фальсіфікацый. Аднак мне адмовілі".
Адзіная просьба Вадзіма Кузьміна, якую задаволілі, - гэта замена ўзора запаўнення бюлетэня. "Птушка" на бюлетэні-узоры стаяла насупраць прозвішча трэцяга па ліку кандыдата ў прэзідэнты. У сапраўдных бюлетэнях трэцім па ліку – у адпаведнасці з алфавітам -- стаіць прозвішча "Лукашэнка". Дарэчы, менавіта такі узор бюлетэня – з "птушкай" каля трэцяга радка – дэманструецца зараз і па дзяржаўным тэлебачанні. Аднак на ўчастку №47 гэты ўзор замянілі на іншы, кажа назіральнік.
Яшчэ адна акалічнасць, на якую звярнуў увагу В.Кузьмін, – гэта на дзіва высокая яўка выбаршчыкаў у першы ж дзень датэрміновага галасавання:
"На маім участку галасуюць студэнты тэхналагічнага ўніверсітэту, якія жывуць у інтэрнатах побач. Яны кажуць, што пайсці прагаласаваць датэрмінова ім "настойліва рэкамендавалі". Выглядае так, што студэнтаў "водзяць галасаваць" цэлымі групамі. Прынамсі, я назіраў, што галасаваць прайшлі цэлым натоўпам, але не ўсе маладыя людзі прыпісаны да нашага ўчастка. Падобна, што ім загадалі ісці ўсім разам – не разбіраючыся, хто дзе жыве. Таму адразу ж нарабілася блытаніны. Ну, і для параўнання: да 14 гадзін 6 кастрычніка на маім участку прагаласавалі 120 чалавек, у асноўнай масе моладзь. Тады як на суседні участак №46, да якога прыпісаны звычайныя жылыя дамы, прыйшлі прагаласваць прыблізна 5-10 чалавек".