viasna on patreon

Дзяржаўныя СМІ Салігоршчыны асвятляюць збор подпісаў толькі за Лукашэнку

2015 2015-07-30T09:12:47+0300 2015-07-30T09:18:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/salig-zbor-lukash-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Дзяржаўныя медыі Салігоршчыны распачалі актыўнае асвятленне збору подпісаў ініцыятыўнай групай у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Слова прадстаўнікам апазіцыйных кандыдатаў у дзяржаўных СМІ Салігоршчыны не прадстаўляецца.

Некалькі тэлесюжэтаў у эфіры Салігорскага дзяржаўнага тэлеканала і артыкулаў у мясцовай выканкамаўскай газеце “Шахцёр” былі прысвечаны працэсу збору подпісаў за кандыдатаў у прэзідэнты. І калі рэдакцыя “Шахцёра” абмежавалася сціплымі зацемкамі агульнаінфармацыйнага характару, праілюстраванымі фотаздымкамі пікетаў па зборы подпісаў за Аляксанадра Лукашэнку, дык тэлеканал СТК распачаў сапраўдную інфармцыйную кампанію на карысць дзеючага кіраўніка краіны. У сюжэтах карэспандэнтаў СТК спрэс фігуруюць ды раздаюць інтэрвію прадстаўнікі Белай Русі, БРСМ ды кантраляванай ўладамі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Каментары мінакоў у сюжэтах наўпрост ці ўскосна ўсхваляюць палітыку дзеючага прэзідэнта і фактычна агітуюць аддаць за яго свой голас на выбарах. У трох тэлесюжэтах СТК агульнай працягласцю каля сямі хвілін знайшлося літаральна 8 секунд на перабіўку відэашэрагу кадрамі з пікету па зборы подпісаў за апазіцыянера Анатоля Лябедзькі.

Па словах кіраўніка Мінскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктара Малочкі, арганізатара і ўдзельніка пікетаў у Салігорску ў падтрымку спадара Лябедзькі, карэспандэнты СТК актыўна здымалі зборшчыкаў подпісаў за Лукашэнку, але ў яго каментароў чамусці не ўзялі.

- На пляцоўку каля рынка “Кастрычніцкага” я ўчора (29 ліпеня) прыйшоў а 10-й ранку. А 12-й на рынак прыехла цэлая дэлегацыя на аўтобусе. Выставілі тры пікеты за Лукашэнку пад трыма рознымі сцягамі -  БРСМ, Белай Русі і ФПБ. Ад прафсаюзаў была сама раённая лідэрка спадарыня Зубарэвіч, якая да нядаўняга часу ўзначальвала аддзел эканомікі ў выканкаме, - гаворыць Віктар Малочка. - Разам з імі прыехала здымачная група Салігорскага тэлеканала. Здымалі іх з усіх бакоў, а да мяне па каментар нават не падышлі. Калі сюжэт адзнялі, большасць дэлегацыі пагрузілася назад у аўтобус і з’ехала.

Спадар Малочка кажа, што падпісвацца за апазіцыйнага кандыдата падыходзіла не надта шмат чалавек, але ўсё ж больш, чым да трох разам узятых пікетаў за дзеючага прэзідэнта. Цікава, што падыйшлі да яго і дзьве прафсаюзныя зборшчыцы подпісаў за Лукашэнку. Жанчыны прызналіся, што збіраюць подпісы пад прымусам ды самі падпісаліся за Анатоля Лябедзьку.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства