viasna on patreon

Брэст: гарвыканкам забараніў правядзенне першамайскай дэманстрацыі (дакумент)

2015 2015-04-28T01:10:34+0300 2015-04-28T01:10:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/brest-pershamaj-2013.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Архіўнае фота. Дэманстрацыя 1 мая 2013 года ў Брэсце.

Архіўнае фота. Дэманстрацыя 1 мая 2013 года ў Брэсце.

Мясцовыя сацыял-дэмакраты планавалі правесці гэта масавае мерапрыемства ў абарону сацыяльна-эканамічных правоў пад лозунгам “Дзяржава не выконвае абавязкі перад уласным народам”.

Заяўка на дэманстрацыю была пададзена Брэсцкай абласной арганізацыяй Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) у адпаведнасці з палажэннямі Канстытуцыі РБ, Закона “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”, Міжнароднага пакта “Аб грамадзянскіх і палітычных правах”.

“У першую чаргу мы хацелі прыцягнуць увагу грамадскасці і органаў дзяржаўнай улады да сістэматычнага невыканання дзяржавай абавязкаў перад уласным народам, якія замацаваны ў Канстытуцыі. Дзяржава не стварыла і не стварае ўмовы для поўнай занятасці насельніцтва, не гарантавала і не гарантуе людзям наёмнай працы ўзровень даходаў, які забяспечвае ім і іх сем'ям свабоднае і годнае існаванне. У краіне скарачаюцца працоўныя месцы, у той жа час ўводзіцца падатак на беспрацоўных. Ва ўсім свеце ёсць практыка ўвядзення падатку на багатых, але ніяк не наадварот. Таму на дэманстрацыі мы мелі намер выказаць пратэст у сувязі з прыняццем Дэкрэта №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” і патрабаваць яго адмены”, - распавёў старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП Ігар Маслоўскі.

Фармальнай падставай для адмовы ў правядзенні дэманстрацыі з’явілася тое, што ўдзельнікі масавага мерапрыемства мелі намер праходзіць на адлегласці менш за 50 метраў ад устаноў адукацыі, аховы здароўя і органаў улады. “У цэнтры горада практычна няма такіх месцаў, дзе можна правесці дэманстрацыю з улікам названай адлегласці, але чамусьці гэта не перашадкажае едзіць па падобным маршруце расійскім байкерам, хаця іх дзеянні таксама падпадаюць пад фармулёўку “масавае мерапрыемства”. І, дарэчы, Канстытуцыя гарантуе права грамадзян, а не будынкаў”, - заўважае Ігар Маслоўскі наконт адказу з Брэсцкага гарвыканкама.

За апошнія пятнаццаць гадоў толькі аднойчы - у 2013 годзе – улады дазволі ў Брэсце правесці першамайскую дэманстрацыю.

фота з архіва з дэманстрацыі ў 2013 годзе

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства