Палітзняволенага Юрыя Рубцова адправілі ў Следчы камітэт з рэчамі. узбуджана крымінальная справа
Палітзняволенага Юрыя Рубцова 6 красавіка вывезлі з ўстановы адкрытага тыпу №7 у Купліне ў раённы аддзел Следчага камітэта ў Пружаны. Нібыта для правядзення следчых дзеянняў. Пры гэтым Рубцова вывелі з тэрыторыі з асабістымі рэчамі.
Як паведаміў актывіст Леанід Кулакоў, нечаканымі сведкамі гэтага этапавання сталі сябры і паплечнікі палітзняволенага, якія прыехалі сёння з Менску, каб праведаць Рубцова і перадаць яму неабходныя рэчы і прадукты харчавання.
Зараз яны накіраваліся следам за міліцэйскім аўтамабілем у Пружаны, каб высветліць падрабязнасці выкліку Рубцова да следчых.
Праваабаронца Леанід Судаленка паведаміў, што супраць Юрыя Рубцова ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 415 Крымінальнага кодэксу (ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі). Гэты артыкул прадугледжвае пазбаўленне волі тэрмінам на 3 гады.
Юрый Рубцоў 6 кастрычніка 2014 года быў асуджаны судом Цэнтральнага раёну Менска па арт.391 Крымінальнага кодэкса (“Абраза судзьдзі або народнага засядацеля”) да 1 года і 6 месяцаў абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу №7. 22 сьнежня 2014 года накіраваны для адбыцьця пакараньня ў вёску Куплін Пружанскага раёна.