Следчы абсурд: з трупа "босага" затрыманага былі знятыя чаравікі

2014 2014-12-18T16:21:00+0300 2015-02-10T16:25:21+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/aryshtant-00.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пастанова па выніках чарговай праверкі ў сувязі з гібеллю ў Светлагорскім ІЧУ Аляксандра Акуліча дэманструе недапушчальную нядбайнасць следчага Вячаслава Петачэнкі.

Старэйшы следчы Светлагорскага раённага аддзела Следчага камітэта Вячаслаў Петачэнка 3 снежня гэтага года вынес чарговую пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце смерці адміністрацыйна затрыманага Аляксандра Акуліча ў ІЧУ Светлагорскага РАУС. Праверка праводзілася ў сувязі з тым, што суд Светлагорскага раёна задаволіў скаргу маці загінулага на папярэднюю пастанову следчага аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў Светлагорскага РАУС.

Нягледзячы на тое, што суддзёй Ірынай Алісейка была дадзена прынцыповая ацэнка дапушчаных недахопаў пры правядзенні праверкі, следчы Петачэнка належных высноваў не зрабіў і зноў да даследавання акалічнасцяў справы падышоў павярхоўна. Падчас паўторных апытанняў супрацоўнікаў міліцыі Сцешанкова і Бачко следчым былі атрыманыя як раней вядомыя, так і новыя звесткі, якія не былі ім належна і ўсебакова ацэненыя.

Першая недарэчнасць, якая рэжа вока пры азнаямленні з пастановай Вячаслава Петачэнкі, на погляд праваабаронцаў, заслугоўвае асаблівай увагі. Гэта тычыцца пытання аб тым, якім чынам на ступнях загінулага ўтварыліся сляды збіцця. (Як вядома, гэта адзін з найбольш пашыраных метадаў бесчалавечнага абыходжання і катаванняў - зняволеных б'юць дубінкай па ступнях, у выніку чаго яны не могуць хадзіць.) Відавочна, следчаму здаліся вельмі пераканаўчымі развагі супрацоўнікаў ІЧУ на гэты конт. У пастанове неаднаразова ўказваецца на тое, што гэтыя пашкоджанні ўтварыліся ў сувязі з тым, што Аляксандр Акуліч ўдараўся босымі нагамі аб розныя паверхні. Аднак супрацоўнікі міліцыі і ўслед за імі следчы Петачэнка дарэмна захапіліся гэтай версіяй: матэрыялы справы яе абвяргаюць. Ёсць заключэнне эксперта (ад 26 траўня 2012 года), у якім пазначана, што вонкавае даследаванне трупа Аляксандра Акуліча пачалося з таго, што з яго былі знятыя сярод іншых рэчаў і "чаравікі з чорнага скуразамяняльніка на босую нагу".

Праваабаронцы "Вясны", якія аказваюць прававую дапамогу маці загінулага Валянціне Акуліч, не знайшлі ў пастанове Вячаслава Петачэнкі і адказаў на іншыя пытанні адносна дзеянняў міліцыянтаў Сцешанкова і Бачко, якія павінны былі быць высветленыя пры правядзенні праверкі следчым.

Чаму, насуперак патрабаванням п. 76 «Правілаў унутранага распарадку спецыяльных устаноў органаў унутраных спраў, якія выконваюць адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе арышту», ні Сцешанкоў ні Бачко не выклікалі хуткую медыцынскую дапамогу, калі Акуліч яшчэ знаходзіўся ў камеры і не перашкаджаў ім выконваць іх абавязкі (пры гэтым Сцешанкоў не адмаўляе, што прыкметы захворвання затрыманага былі відавочнымі і адпавядалі вядомаму ім алкагольнаму псіхозу)?

У сувязі з чым гэтыя міліцыянты прынялі рашэнне вывесці Аляксандра Акуліча ў следчы кабінет, відавочна прызначаны для правядзення следчых дзеянняў, але ніяк не для аказання медыцынскай дапамогі?

У чым заключаліся агрэсіўныя паводзіны Акуліча? На думку праваабаронцаў, без тлумачэнняў сцвярджэнне аб агрэсіўных паводзінах выглядае як фразеалагічны штамп, які без дастатковай падставы могуць ужываць і супрацоўнікі міліцыі і сам следчы для штучнага стварэння бачнасці абгрунтаванасці прымянення жорсткага абыходжання з затрыманым.

Як прымацаваннекайданкамі да металічных кратаў - цвёрдай няроўнай паверхні - можа прадухіліць нанясенне пашкоджанняў сабе чалавекам, які не ўсведамляе, што робіць, бо наступныя падзеі відавочна паказалі, што такое рашэнне было глыбока памылковым? І якім інструкцыям адпавядае такі спосаб імабілізацыі хворага чалавека, а таксама - ці адпавядае інструкцыям ўжыванне для гэтага кайданкоў, прызначаных для канваіравання?

Кіруючыся законам аб органах унутраных спраў, праваабаронцы настойваюць, што «ва ўсіх выпадках, калі пазбегнуць прымянення фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў, зброі, баявой і спецыяльнай тэхнікі немагчыма, супрацоўнік органаў унутраных спраў абавязаны імкнуцца прычыніць найменшую шкоду жыццю, здароўю, гонару, годнасці і маёмасці грамадзянаў, а таксама прыняць меры па неадкладным аказанні пацярпелым медыцынскай і іншай неабходнай дапамогі».

Дзеянні супрацоўнікаў Светлагорскага РАУС Сцешанкова і Бачко  праваабаронцы расцэньваюць безумоўна як акт забароненага жорсткага, бесчалавечнага абыходжання.

Валянціна Акуліч з дапамогай "Вясны" накіравала пракурору Светлагорскага раёна скаргу на пастанову следчага Вячаслава Петачэнкі аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. У гэтай скарзе ставяцца ўсе пералічаныя вышэй пытанні, а таксама ўказваецца, што «следчы па-ранейшаму не ўлічыў, што некаторыя праверачныя дзеянні, у прыватнасці ліквідацыю супярэчнасцяў у паказаннях сведак, немагчыма правесці ў рамках праверкі, але магчыма ў рамках узбуджанай крымінальнай справы праз вочную стаўку. Таксама пракурору даводзіцца аб неабходнасці правядзення следчых эксперыментаў, у прыватнасці, якія дазваляюць устанавіць, ці могуць цялесныя пашкоджанні быць прычынены ў кантакце з дэталямі інтэр'еру ІЧУ.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international