Бабруйск: Дзеля новага гіпермаркета знішчаецца санітарная зона (фота)

2015 2015-02-10T10:38:12+0300 2015-02-10T11:09:01+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/babr-les-1.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Нягледзячы на пратэсты мясцовых жыхароў, пачалося знішчэнне зялёнай зоны на перакрыжаванні вуліц 50 год ВЛКСМ і Лынькова. Чыноўнікі аддалі гэтую тэрыторыю кампаніі "Inproma Group" пад будоўлю гіпермаркета "Ома".

Зялёная зона высаджвалася на гэтым месцы спецыяльна, каб абараніць жыхароў ад выкідаў прадпрыемстваў, якія размясціліся праз дарогу - завода гуматэхнічных вырабаў, гарбарнага камбіната, завода буйнапанэльнага домабудавання, шыннага камбіната. Але зараз, па меркаванні мясцовых чыноўнікаў, санітарная зона стала неабавязковай. Нават з улікам таго, што са з'яўленнем тут будаўнічага гіпермаркета значна павялічыцца паток аўтамабіляў, і паветра будзе забруджвацца яшчэ больш.

Вырубка ідзе хутка, пад пілу трапляюць прыгожыя бярозкі і таполі. Агулам тут будзе знішчана каля 650 дрэваў.

У кастрычніку мінулага года мясцовыя ўлады правялі "грамадскія слуханні". Пераважная колькасць апытаных бабруйчан, 563 чалавекі, выказаліся супраць вырубкі санітарнай зоны і будаўніцтва гіпермаркета.  Але іх меркаванне, у выніку, ніяк не паўплывала на рашэнне чыноўнікаў. Было агучана, што будоўля распачынаецца ў хуткім часе, і мусіць скончыцца ў 2016 годзе.

Жыхары прылеглых да зялёнай зоны дамоў працягвалі дасылаць звароты ў гарвыканкам, даводзілі сваю пазіцыю на сустрэчах з забудоўшчыкам і прадстаўнікамі ўлады, спадзяваліся на цуд. Але паспешная вырубка санітарнай зоны, якая пачалася некалькі дзён таму, стала красамоўным адказам чыноўнікаў на просьбы бабруйчан.

Адметна, што ў "Пратаколе грамадскага абмеркавання праекта" ёсць наступная інфармацыя: "У дадзенай сітуацыі ўяўляецца мэтазгодным абавязаць забудоўшчыка зрушыць аб'ект паўднёвей, дзе значна менш зялёных насаджэнняў, а пры распрацоўцы добраўпарадкавання і арганізацыі парковак прадугледзець астраўкі зеляніны ў месцах найбольшай канцэнтрацыі зялёных насаджэнняў". Сапраўды, з правага боку санітарная зона менш засаджана дрэвамі, ёсць нават даволі вялікія пусткі. Але нават гэтыя рэкамендацыі забудоўшчык праігнараваў і пачаў уладкоўваць зручную для сябе пляцоўку, найбольш шчыльна засаджаную дрэвамі.

 

На фота 1 - Ідзе вырубка дрэў, справа - агароджаная пляцоўка для выгула сабак

На фота 2 - Чыноўнікі казалі пра "шкодныя таполі", але пад пілу патрапілі і бярозкі

На фота 3 - Ідзе вырубка дрэў. На заднім фоне завод БПД

На фота 4 - Правей ад месца вырубкі ёсць пусткі, але яны не зацікавілі забудоўшчыка  

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international