Лідэр гомельскай арганізацыі «Справядлівага свету» падаў у суд на медыкаў

2014 2014-12-15T17:49:01+0300 2014-12-15T17:49:01+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sudovaja_zala.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Уладзімір Сякерка накіраваў у суд Цэнтральнага раёна Гомеля скаргу на дзеянні службовых асоб гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі і цэнтральнай гарадской паліклінікі. Скарга звязана з немагчымасцю правесці ў Гомелі масавыя мерапрыемствы.

У скарзе Уладзімір Сякерка адзначае, што 2 снежня Гомельскі гарвыканкам не дазволіў яму правесці пікет, запланаваны на 9 снежня. Гарадскія ўлады спаслаліся на тое, што заяўнікі пікету не заключылі дамову з зацікаўленымі асобамі (хуткай дапамогай і паліклінікай) на медыцынскае абслугоўванне пры правядзенні пікету. Такая норма – абавязковыя платныя дамовы з камунальнымі службамі і медыкамі -- прапісана ў рашэнні гарвыканкаму «Аб масавых мерапрыемствах».

Лідэр гомельскіх левых сцвярджае, што пры падрыхтоўцы да масавага мерапрыемства заяўнікі ажыццявілі ўсе неабходныя захады па заключэнні дамовы з медыкамі. Яны звярнуліся з пісьмовымі заявамі на імя галоўных урачоў станцыі хуткай дапамогі і гарадской паліклінікі з просьбай заключыць дамовы на медыцынскае абслугоўванне пікета.

«Хуткая» дала адказ, што «у сувязі з пастаянна растучай нагрузкай на станцыю хуткай дапамогі, якая звязана з павелічэннем рэспіратара-вірусных інфекцый, не маем магчымасці заключыць з вамі дамову». Цэнтральная гарадская паліклініка па даручэнні ўпраўлення аховы здароўя разгледзела зварот заяўнікаў на сваё ж бяздзеянне і прызнала яго правамоцным.

«У выніку фармальнага разгляду нашых заявак і зваротаў мы прыйшлі да высновы, што абмежаванне нашага канстытуцыйнага права на свабоду правядзення мірных сходаў з'яўляецца недапушчальным па сэнсе артыкула 23 Канстытуцыі. Гэта таксама парушае і правы, гарантаваныя грамадзянам Міжнародным пактам па палітычных і грамадзянскіх правах», - звяртае ўвагу судовай інстанцыі заяўнік.

Уладзімір Сякерка просіць суд прызнаць дзеянні станцыі хуткай дапамогі і цэнтральнай паліклінікі неправамоцнымі.

Таксама лідэр гомельскіх левых накіраваў заяву ў міністэрства і гомельскае ўпраўленне аховы здароўя. Ён просіць міністэрства аховы здароўя ініцыяваць перад беларускім урадам пытанне аб неабходнасці прыняцця пастановы урада, якая б рэгулявала парадак арганізацыі ўзаемадзеяння медыцынскіх устаноў і арганізатараў масавых мерапрыемстваў па пытаннях медыцынскага абслугоўвання пры правядзенні масавых мерапрыемстваў.

Уладзімір Сякерка звяртае ўвагу міністэрства, што неаднаразовыя спробы з боку арганізацыі партыі левых «Справядлівы свет» заключыць дамовы з медыцынскімі ўстановамі застаюцца нерэалізаванымі, таму што заяўнікам адмаўляюць па надуманых прычынах.

Палітык нагадаў, што раней патрэбна было заключаць платныя дамовы і з міліцыяй, але потым улада скасавала дадзеную норму праз пастанову Савета Міністраў. «Лічым, што ў пытанні заключэння дамоў на абслугоўванне масавых мерапрыемстваў медыцынскімі ўстановамі можна пайсці на такія ж крокі – ініцыяваць перад урадам пытанне аб прыняцці аналагічнай пастановы», - адзначыў Уладзімір Сякерка.

Аналагічныя прапановы ўтрымліваюцца ў заяве і ў Савет Міністраў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international