Алесь Бяляцкі: Наша сіла - у бясстрашнасці і салідарнасці

2014 2014-11-28T14:53:53+0300 2014-11-28T15:09:24+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/ales-fmdh2014-04.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі на адкрыцці 2-га Сусветнага праваабарончага форуму ў Маракешы

Алесь Бяляцкі на адкрыцці 2-га Сусветнага праваабарончага форуму ў Маракешы

Кіраўнік Праваабарончага цэнтра "Вясна" і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Алесь Бяляцкі бярэ ўдзел у 2-м Сусветным праваабарончым форуме, які 27 лістапада адкрыўся ў Маракешы (Марока).

Для ўдзелу ў Форуме ў Маракеш з'ехаліся каля васьмі тысяч прадстаўнікоў з пяці кантынентаў. Сярод удзельнікаў адкрыцця Форуму выступілі міністр па правах чалавека Бразіліі Марыя ду Расарыё Нунэс, міністр юстыцыі Марока Мустафа Рамід, былы прэм'ер-міністр Іспаніі Хасэ Луіс Радрыгес Сапатэра, а таксама старшыня "Вясны" і віцэ-прэзідэнт FIDH Алесь Бяляцкі.

Выступаючы перад удзельнікамі Форуму, беларускі праваабаронца як нядаўні палітвязень казаў пра важнасць салідарнасці праваабарончай супольнасці ва ўсім свеце.

«Паважаныя сябры!

Я - Алесь Бяляцкі, старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" з Беларусі і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека, у якую ўваходзіць амаль дзвесце праваабарончых арганізацый з усяго свету.

Беларускія ўлады асудзілі мяне за праваабарончую дзейнасць і амаль тры гады я правёў у турме. І зараз яшчэ б сядзеў там, калі б ні каласальная міжнародная салідарнасць, якая прымусіла ўлады выпусціць мяне з турмы.

Але мой выпадак не адзінкавы. На ўсіх кантынентах, у розных кутках свету, у багатых і бедных краінах, ідзе пастаянная барацьба за свабоду і правы чалавека. Яна не спыняецца ні на хвіліну, таму што заўсёды ёсць людзі, якія хочуць зрабіць гэты свет лепшым. За сваю мару часам даводзіцца плаціць вялікую цану.

У маім рэгіёне былых постсавецкіх краінаў у праваабаронцаў усё менш магчымасцяў для працы. Усё цяжэй і небяспечней бараніць правы чалавека. Расія развязала вайну супраць Украіны, у выніку - тысячы забітых, мільёны бежанцаў. А калі кажа зброя - правы чалавека адыходзяць на далёкі план.

Сітуацыя для праваабаронцаў у асобных краінах асабліва трагічная.

У Расіі праваабаронцаў забіваюць; у Беларусі садзяць у турму ці выганяюць з краіны; у Кыргызстане па ілжывым абвінавачванні асуджаны на пажыццёвае зняволенне Азімжан Аскараў; выбітныя праваабаронцы Лэйла Юнус, Інтыгам Аліеў і дзесяткі іх калегаў і журналістаў знаходзяцца ў турмах Азербайджана; Саліджон Абдурахманаў, Дзілмурод Саідаў, Азам Тургунаў у ліку іншых праваабаронцаў кінутыя ў турмы Узбекістана. І гэты спіс - ахвяраў і герояў у адной асобе - можна працягваць і працягваць.

Аўтарытарныя дыктатуры адкрыта ваююць з праваабаронцамі, абвінавачваючы ва ўсіх грахах, залічылі нас у злачынцы. Усё менш прасторы застаецца для развіцця грамадства. Закон замест таго, каб абараняць, часта выкарыстоўваецца для абмежавання правоў і свабод, для рэпрэсій супраць грамадзянскіх актывістаў.

Рэпрэсіі супраць праваабаронцаў выкліканыя жаданнем уладаў схаваць праўду, адысці ад надзённых праблем. Мы - як лакмусавая паперка, якая паказвае ўзровень беспакаранасці уладаў, адсутнасць прававой дзяржавы, недахопы судовай сістэмы, узровень карупцыі.

Улады хочуць прымусіць праваабаронцаў маўчаць. Але мы змагаемся супраць страху і абыякавасці ў грамадстве. Мы змагаемся з прычынамі парушэнняў правоў чалавека. Мы не хочам жыць у хлусні, мы гатовыя многім рызыкаваць, каб гучала праўда.

Мара чалавека зрабіць гэты свет лепшым - непераадольная. Амаль 70 гадоў таму, у 1948 годзе, была прынятая Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека. Тады пасля вайны паўсвету ляжала ў руінах, існавала каланіяльная сістэма, а ў Савецкім Саюзе і Кітаі панавалі крывавыя дыктатуры. Але разбураюцца імперыі, падаюць непахісныя рэжымы, а ідэі правоў чалавека, важныя і каштоўныя для ўсіх людзей, авалодваюць усім светам.

Наша сіла, сіла «бяссільных» - так калісьці чэшскі прэзідэнт і праваабаронца Вацлаў Гавэл назваў дысідэнтаў і праваабаронцаў - заключаецца ў бясстрашнасці і салідарнасці.

Дарагія сябры, давайце праяўляць салідарнасць! Давайце трымацца разам! Давайце не заплюшчваць вочы! І тады нам будзе лягчэй змяніць гэты свет да лепшага!»

2-ы Сусветны праваабарончы форум праходзіць у Маракешы з 27 па 30 лістапада. У ім бяруць удзел кіраўнікі дзяржаў, міністры, прадстаўнікі міжнародных праваабарончых арганізацый, актывісты і прадстаўнікі медыя. У межах Форуму арганізуюцца воркшопы і кірмаш, прысвечаны сацыяльна арыентаванай эканоміцы і эканоміцы салідарнасці, а таксама культурныя мерапрыемствы. Вынікі Форуму, які складаецца з некалькіх тэматычных блокаў, будуць прадстаўлены на заключнай канферэнцыі, якую, як чакаецца, наведаюць прадстаўнікі праваабарончых механізмаў ААН і міжнародных праваабарончых арганізацый. Упершыню Форум прайшоў у снежні 2013 года ў сталіцы Бразіліі горадзе Бразіліа, дзе бралі ўдзел у асноўным прадстаўнікі краін Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыкі.

Алесь Бяляцкі на адкрыцці 2-га Сусветнага праваабарончага форуму ў Маракешы
Алесь Бяляцкі на адкрыцці 2-га Сусветнага праваабарончага форуму ў Маракешы

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international