Брэст: незалежнага журналіста Яўгена Скрабца пакаралі арыштам на 10 сутак
Яшчэ раніцай 19 траўня, пасля таго, як Яўген заявіў хадайніцтва пра допуск да судовага разбіральніцтва адваката, суддзя вырашыў перанесці працэс на 21 траўня і вызваліў Скрабца. Аднак супрацоўнікі міліцыі, якія прывезлі журналіста ў суд, адразу заявілі, што зноў яго затрымліваюць і адвязуць у пастарунак.
Далей падзеі разгортваліся яшчэ больш дзіўным чынам: днем з’явілася інфармацыя, што судовае паседжанне зноў перанесена і адбудзецца яшчэ сёння, 19 траўня. У выніку Яўгена Скарбца другі раз прывезлі ў суд Ленінскага РАУС г.Брэста, дзе пакаралі адміністрацыйным арыштам на 10 сутак нібыта за дробнае хуліганства.
Нагадаем, што Скрабец быў затрыманы 17 траўня супрацоўнікамі АМАП, калі вяртаўся дадому з ярмаркі хэндмэйда ў гандлёвым цэнтры Didas Persia. Пра сваё затрыманне Яўген паспеў сам папярэдзіць калег, даслаўшы смс-паведамленне, з якога вынікала, што яго адвезлі ў Ленінскі РАУС Брэста. У ізалятары часовага ўтрымання журналіст знаходзіўся да раніцы 19 траўня.
Сёлета Яўген Скрабец атрымаў пракурорскае папярэджанне пра недапушчальнасць працы на замежныя СМІ без акрэдытацыі, пры гэтым у пракуратуры адмовіліся выдаць копію афіцыйнага папярэджання.