Дзяніс Карноў: На "Акрэсціна" зараз сядзяць апазіцыя, бамжы і прастытуткі

2014 2014-05-17T08:06:06+0300 2014-05-20T11:48:44+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/karnou-dzianis.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Увечары 16 траўня з Цэнтру ізаляцыя правапарушальнікаў на вуліцы Арэсціна ў Мінску пасля адбыцця дваццацісуткавага арышту выйшаў на волю салігорскі маладафронтавец Дзяніс Карноў. Пасля вызвалення ён распавёў пра акалічнасці свайго затрымання, судовы канвеер і ўмовы ўтрымання ў ізалятары.

Нагадаем, затрымалі Дзяніса ўвечары 26 красавіка, пасля заканчэння традыцыйнага шэсця дэмакратычнай грамадскасці “Чарнобыльскі шлях-2014”.

- Затрымлівалі мяне разам разам з Аляксандрам Курбацкім у двух кварталах ад плошчы Бангалор. Пад’ехаў міліцэйскі “бобік”, выбеглі некалькі спецназаўцаў, скруцілі і адвезлі ў РАУС. На судзе гэтыя ж спецназаўцы былі сведкамі. Казалі, што я лаяўся, упіраўся ў міліцэйскі аўтамабіль. Таксама прыпісалі ўдзел у нейкім несанкцыянаваным мерапрыемстве. У выніку суддзя Фёдарава ўляпіла мне 20 сутак арышту. Насамрэч, кіраваў усім гэтым працэсам нейкі супрацоўнік у цывільным, - кажа маладафронтавец.

Не меншы стрэс за самога Дзяніса атрымала і яго сям’я. Два дні родныя грамадскага актывіста абтэлефаноўвалі міліцэйскія пастарункі, ізалятары ды бальніцы. Але паўсюль, у тым ліку і ў ЦІП на Акрэсціна, сцвярджалі, што такога чалавека ў іх няма. Высветліць месцазнаходжанне Дзяніса яго блізкім атрымалася толькі пасля афіцыйнага звароту ў міліцыю аб яго знікненні.

Пра само зняволенне хлопец адгукаецца па-мужчынску.

- Безумоўна, умовы ўтрымання цывілізаванымі назваць цяжка. Напрыклад, ваду ва ўнітазе змываць даводзілася з вядра. Нейкае дзікунства для дваццаць першага стагоддзя. Але скардзіцца не збіраюся, хоць і варта, мабыць. Прынамсі радыё было, дык хоць пра нейкія падзеі ў той жа Украіне можна было даведацца. У любым разе не лепшы варыянт правесці столькі дзён у такіх умовах ды яшчэ з-за таго, што камусці наверсе хочацца, каб падчас чэмпіянату ў краіне было чыста і спакойна, як на могілках. Дарэчы, на гэты час ізалявалі не толькі апазіцыю. Акрамя нас асноўнымі кліентамі “на Акрэсціна” зараз з’яўляюцца бамжы, алкаголікі ды прастытуткі, якія, па словах саміх міліцыянтаў, псуюць выгляд гораду, - падсумоўвае Дзяніс Карноў.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international