“Чарнобыльскі шлях-2014” (анлайн, відэа затрымання)
Сёння, у дзень гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, у Менску пройдуць дазволеныя гарадскімі ўладамі дэманстрацыя і мітынг «Чарнобыльскі шлях».
Збор удзельнікаў пачнецца ў 16-й каля кінатэатру «Кастрычнік». Шэсце пройдзе па вуліцы Сурганава да парку Дружбы народаў. Затым з 17.30 да 18.30 адбудзецца мітынг. Сёлета тэмамі акцыі стануць небяспека паўтарэння атамнай аварыі ў Беларусі, ўстойлівая і бяспечная энергетыка,будаўніцтва Беларускай АЭС.
Сярод заяўнікоў "Чарнобыльскага шляху-2014" — старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, лідар аргкамітэта па стварэнні грамадскага аб'яднання "Маладыя хрысціянскія дэмакраты" Марына Хоміч.
Прэвентыўна, перад “Чарнобыльскім шляхам былі затрыманыя:
1. Максім Вінярскі - затрыманы 22 красавіка і асуджаны на 12 сутак - трымае сухую галадоўку, на момант суду быў з ангінай.
2. Ілля Дабратвор - таксама затрыманы 22 красавіка і асуджаны на 10 сутак
3. Аляксандр Сцепаненка - 22 красавіка - 5 сутак
4. Уладзь Сяргееў - 22 красавіка - 5 сутак
5. Зміцер Дашкевіч - затрыманы 24 красавіка - 25 сутак
6. Аляксандр Францкевіч - затрыманы 25 красавіка, чакаецца суд у панядзелак.
Праваабаронцы таксама паведамляюць, што 22 красавіка былі затрыманыя 2 актывісты з футбольных фанатаў: Мірашнічэнка Анатоль і Запасаў Уладзіслаў, асуджаныя да 10 сутак кожны, хутчэй за ўсё таксама прэвентыўна перад ЧШ.
Назіральнікі з РОО "Беларускі Хельсінскі камітэт" і ПЦ "Вясна" будуць праводзіць маніторынг масавага мерапрыемства, па выніках якога з'явіцца справаздача па назіранні за дэманстрацый і мітынгам.
***
15-57. Каля кінатэатра “Кастрычнік” каля сотні чалавек. Сярод іх – старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
16-10. Колькасць удзельнікаў – больш за 200 чалавек. Сярод палітыкаў заўважаныя Аляксей Янукевіч, Павал Севярынец, Юрась Губарэвіч. Традыцыйна шмат людзей у цывільным, якія перамаўляюцца па рацыі.
16-25. Каля кінатэарта зараз каля 300 чал., на праспекце - даішнікі, шмат супрацоўнікаў у цывільным, прыйшлі кіраўнікі з Цэнтральнага РУУСа.
16-30. У метро узмоцненыя нарады міліцыі. Збоку кінатэатра стаіць адзін аўтазак.
16-40. Калона прыблізнай колькасцю 500 чалавек рушыла па праспекце
16-50. На пытанне назіральніка: “Колькі супрацоўнікаў міліцыі ахоўваюць мерапрыемства” амапавец адказаў: “Сколькі трэба”. Калона дэманстрантаў, каля 700 чалавек, дайшла да вуліцы Я. Коласа.
16-55. Даішнікі спынілі два аўтамабілі з бел-чырвона-белай сімволікай і размаўляюць з кіроўцамі #26krasavikа
17-10. Каля Парку Дружбы народаў стаяць 4 аўтазакі, некалькі УАЗікаў, хуткая дапамога, тэрыторыя агароджаная металічнымі секцыямі, дзяжураць пераапранутыя супрацоўнікі міліцыі.
17-35. Калона дайшла да пляцоўкі ў парку Дружбы Народаў, якая абгароджаная турнікетамі, прайсці да месца правядзення акцыі можна толькі праз металашукальнікі. Колькасць удзельнікаў на гэты час - каля 400 чалавек.
17-40. Магчымая правакацыя ў дачыненні да Юрыя Рубцова, які прыйшоў у майцы з надпісам “Лукашэнка, сыходзь!”. На яго ўважліва паглядваюць міліцыянты. Рубцоў вырашыў з'ехаць, аднак на яго палююць міліцыянты.
17-55. Юрыя Рубцова, Леаніда Смаўжа і іх сябра Мікалая супрацоўнікі міліцыі затрымалі ў тралейбусе. Іх пасадзілі ў мікрааўтобус сіняга колеру нумар 9812 (відэа)
18-40. Мітынг у парку Дружбы народаў, у якім бралі ўдзел каля 50-ці чалавек, завяршыўся.