Паседжаньне ў Жодзінскім судзе – чарговая акцыя салідарнасьці з Алесем Бяляцкім
8 лістапада ў Жодзінскім гарадскім судзе пад старшынствам судзьдзі Івана Грынкевіча адбылося другое паседжаньне па скарзе праваабаронцаў Аляксея Лапіцкага і Сьвятланы Лапіцкай адносна адмовы Жодзінскага выканкаму даць дазвол на правядзеньне пікетаваньня ў падтрымку Алеся Бяляцкага ды іншых палітвязьняў, якое плянавалася правесьці сёлета 4 жніўня.
У судзе ў якасьці сьведкаў давалі паказаньні начальнік МГП ГАЎС Жодзінскага гарвыканкаму Сявец, намесьнік галоўнага лекара ГТМА Цыёлта, супрацоўніца ЖКГ Барысенка.
Усе яны разам з судзьдзём, сакратаркаю, праўдстаўніцаю выканкаму В.Вэргель ды іншымі шматлікімі прысутнымі ў гэты час у будынку гарадзкога суду сталі сьведкамі чарговай сымбалічнай акцыі салідарнасьці з асуджаным кіраўніком ПЦ «Вясна».
Судовае паседжаньне і прыход у суд у адпаведных цішотках з заклікам «Свабоду Алесю Бяляцкаму!» нагадала і судзьдзям, і шматлікім запрошаным у іншыя судовыя працэсы грамадзянам пра праблему палітвязьняў у Беларусі ды асуджанага да 4,5 гадоў зьняволеньня вядомага беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага.
Нагадаем, што зьвяртаючыся 19 ліпеня 2013 году ў выканкам для рэалізацыі гарантаваных Канстытуцыяй правоў на правядзеньне мірнага сходу 4 жніўня 2013 года ў Жодзіне ў падтрымку палітзьняволенага праваабаронцы, заяўнікі сутыкнуліся з праблемай невыканальнасьці палажэньня у новым рашэньні гарвыканкаму за №1020 ад 27.07.2012 году аб далучэньні да заяўкі платных дамоваў з ГАЎС, ЖКГ і мэдыкамі. Не атрымаўшы дазволу на правядзеньне пікета тады, яны вымушаныя былі зьвярнуцца ў суд для высьвятленьня правамернасьці дзеяньняў кіраўніцтва ГАЎС, ЖКГ, лякарні і гарвыканкаму. Заяўнікі просяць суд паставіць перад Вярхоўным і Канстытуцыйным судамі пытаньне пра невыканальнасьць дадзенага палажэньня, супярэчнасьць яго Канстытуцыі і Міжнароднаму Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах ды незаснаванасьць яго на нацыянальным спэцыялізаваным законе.
У сувязі з тым, што ў судзе стала канчаткова зразумелым, што аспрэчваемае рашэньне выканкаму па недазволе мірнага пікетаваньня (у якім літаральна заяўлена пра адмову разглядаць па сутнасьці пададзеную заяўку з-за адсутнасьці патрабуемых п. 5 рашэньня №1020 дамоваў) супярэчыць дзейснаму закону «Аб масавых мерапрыемствах» - заяўнікі ўдакладнілі адзін з пунктаў сваіх пачатковых патрабаваньняў. Яны папрасілі суд прызнаць, што дадзенае рашэньне мясовых уладаў не заснаванае на законе, неправамернае й таму падлягае адмене. З гэтага рашэньня выканкаму ды паказаньняў зацікаўленага боку ў судзе сапраўды вынікае, што заяўка на пікетаваньне Жодзінскім выканкамам навогул не разглядалася па сутнасьці, а ў самім рашэньні няма ані дазволу, ані забароны замоўленага мерапрыемства, што цалкам супярэчыць закону.
Такім чынам, 8 лістапада напрацягу 2,5 гадзінаў у Жодзінскім судзе апытваліся запрошаныя ў суд сьведкі, удакладняліся абставіны справы і патрабаваньні заяўнікоў, далучаліся дакумэнты, задаваліся пытаньні ды заяўляліся дадатковыя хадайніцтвы. Наступнае паседжаньне Жодзінскага суду па справе прызначана на 10-00 12 лістападу 2013 году.
Паводле Беларускі Праўны Партал
Фота Алеся Лапіцкага