viasna on patreon

Пра таямніцу пахавання пакараных смерцю (з гісторыі смяротнага пакарання)

2013 2013-10-08T12:51:27+0300 2013-10-11T14:26:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pomnik_pulihavu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Помнік Івану Пуліхаву на Вайсковых могілках у Мінску. Фота Паліны Сцепаненка

Помнік Івану Пуліхаву на Вайсковых могілках у Мінску. Фота Паліны Сцепаненка

На Вайсковых могілках у Мінску, на цэнтральнай алеі злева ад ўваходу, стаіць помнік з чырвонага граніту, на ім надпіс: “Івану Пуліхаву. Пакараны смерцю ў ноч 24-25 лютага 1906 года за замах на мінскага губернатара кАта Курлова. Ад Беларускага таварыства паліткатаржан”.

Адкуль магіла пакаранага смерцю ў цэнтры Мінску? Няўжо напачатку 20-га стагоддзя целы пакараных смерцю выдаваліся пасля выканання прысуду?

Ці гэта сімвалічная магіла? І тут няма цела Івана Пуліхава, які здзейсніў замах на губернатара Курлова, арганізатара расстрэлу мірнага мітынгу на прывакзальнай плошчы ў кастрычніку 1905 года, падчас якога былі забітыя каля 100 чалавек і больш за 300 параненыя.

У Расійскай імперыі целы пакараных смерцю не выдаваліся для пахавання. Невядома дакладна, дзе магіла Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў, вядома, толькі, што гэта на гары Гедыміна ў Вільні. У тагачаснай імперыі ўлады баяліся, што магілы пакараных а смерцю тады каралі часта «палітычных злачынцаў», стануць месцам, куды будуць прыходзіць нязгодныя з рэжымам, і такія магілы стануць месцамі ўшанаваня памяці. У Расійскай імперыі, дзе парушаліся сацыяльныя і нацыянальныя правы вялікай колькасці групаў  насельніцтва смяротнае пакаранне было тым інструментам, які стрымліваў супраціў.   

Між тым, уж тады ўзнікалі грамадскія  ініцыятывы за адмену смяротнага пакарання. Летам 1908 года з'явіўся заклік да заснавання «Лігі барацьбы супраць смяротнага пакарання». Падобныя Лігі ўжо паспяхова існавалі на той час у краінах Заходняй Еўропы. У Расійскай імперыі Лігу меркавалі заснаваць падчас юбілею пісьменніка Льва Талстога. Мэтай Лігі была падрыхтоўка грамадства да адмены смяротнага пакарання. Але ў 1909 годзе арганізацыі было адмоўлена ў рэгістрацыі з тлумачэннем, што Ліга «можа пагражаць грамадскаму спакою і бяспецы».      

Жорсткая традыцыя караць не толькі чалавека, але і яго парэшткі ідзе са старажытных часоў. Варта прыгадаць гераіню трагедыі Сафокла, Антыгону, якой не дазвалялі пахаваць брата,  якога яна ўрэшце пахавала коштам уласнага жыцця.

Захавалася традыцыя таемных пахаванняў і падчас сталінскіх рэпрэсіяў. Расстрэльвалі так званых «ворагаў народа» ноччу пры святле фараў. Так было і ў мінскіх Курапатах, дзе расстраляныя ад 102 да 250 тысячаў чалавек.  І раскопкі ў 1992 годзе паказалі, што частка ямаў мае сляды таго, што кАты спрабавалі знішчаць сляды злачынстваў. 

Пасля 20 з'езду партыі, які асудзіў сталінскія рэпрэсіі, такія «расстрэльныя» лясы часта ахоўвалі былыя супрацоўнікі карных органаў, удзельнікі расстрэльных камандаў, якія ўладкоўваліся працаваць палясоўшчыкамі альбо вартаўнікамі. Іх мэтай было назіраць за расстрэльнымі ямамі, ахоўваць тэрыторыю ад занадта цікаўных,  каб ніхто не раскапаў іх, напрыклад, падчас дзіцячых вайскова-спартовых гульняў «Зарніца» альбо суботнікаў. Гэтая практыка выкарыстоўвалася не толькі ў Беларусі, але і ў іншых рэспубліках. Так было і ў  Літве, пра што актывістам кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» паведаміў Эўгеніюс Пейкшцяніс, дырэктар Музею генацыду жыхараў Літвы, (гэты музей часта памылкова называюць Музеем КДБ). Гэтак было і ў Оршы на Кабыляцкай гары, дзе палясоўшчыкам працаваў былы кат Сідарэнка, які падчас рэпрэсій сам здзяйсняў расстрэлы.                

Дык хто ўсё ж такі пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску ў магіле эсера Івана Пуліхава, павешанага ў 1906 годзе паміж унутранай  знешняй брамай на Валадарцы? Гэта як раз той выпадак, калі дзяржаўаная таямніца, якая ахоўвала месца пахавання, была раскрытая. Але раскрылася яна толькі пасля таго, як здарылася рэвалюцыі і Расійская імперыя развалілася. Пасля смяротнага пакарання Іван Пуліхаў быў таемна пахаваны на  ускрайку Старажоўскіх могілак. Можна ўявіць, як хавалі яго ўначы пры святле паходняў…  Пра месца пахавання Івана Пуліхава ведаў вартаўнік могілак, праз 20 гадоў ён паказаў на гэта месца былым паліткатаржанам, якія вырашылі ўшанаваць памяць Пуліхава. На на магіле Пуліхава быў усталяваны камень з чырвонага граніту. Помнік прастаяў на Старажоўскіх могілках да іх ліквідацыі ў 1954 годзе, падчас якого парэшткі і магільную пліту перанеслі на Вайсковыя могілкі.

І цяпер у сучаснай Беларусі месцы пахавання пакараных смерцю застаюцца таямніцай, якую ахоўвае частка 5 артыкулу 175 Крымінальна-выканаўчага кодэксу, у якім гаворыцца, што "цела для пахавання не выдаецца, пра месца пахавання не паведамляецца".

Алег Алкаеў, у 1996-2001 начальнік СІЗА № 1 Мінска, пры ўдзеле якога былі здзейсненыя 134 смяротныя прысуды, цяпер распавядае пра тое, як здзяйсняюцца прысуды, пра тое, што адчувае кат, пра тое, як паводзяць сябе асуджаны ў апошні момант… Ён распавядае пра ўсё, апрача месца, дзе хаваюць пакараных смерцю. Актывістам кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”, ён паведаміў, што ўсе месцы вядомыя, ёсць і адпаведныя дакументы, толькі гаварыць пра гэтыя месцы пакуль нельга, бо яны з’яўляюцца дзяржаўнай таямніцай і ахоўваюцца законам, а таксама распіскай “пра неразгалошванне”.   

Паліна Сцепаненка, адмыслова для кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства