viasna on patreon

Міхась Кукабака: "Змагацца дапамагала абсалютная, на мяжы шызафрэніі, упэўненасць у сваёй праваце"

2013 2013-07-10T16:15:19+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kukabaka_mihas.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міхась Кукабака. Масква, 2013 год.

Міхась Кукабака. Масква, 2013 год.

35 гадоў таму голас пратэсту супраць планавай русіфікацыі Беларусі прабіў "жалезную заслону": 9 - 10 ліпеня 1978 года нарыс беларускага дысыдэнта Міхася Кукабакі "Скрадзеная Бацькаўшчына" быў зачытаны на "Нямецкай хвалі".

Гэты знакаміты нарыс ён напісаў у сваім родным горадзе Бабруйску.

"...Я  ўжо  не  спрабаваў  шукаць  нешта  памятнае  ў  гэтым горадзе. Спускаючыся да чыгуначнага пераезду, што на вуліцы Бахарава,  заўважыў  папераджальны  надпіс  ля  шлагбаўма: «Берегись поезда!» І адразу ўзгадалася. Бо ж 25 гадоў таму тут было  напісана:  «Сцеражыся  цягнiка!»  І  толькі  ўнізе  —  рускі пераклад. Цяпер беларускі выраз знік. Да ўласнага здзіўлення, мяне гэта непрыемна закранула. Нечакана я ўсвядоміў сябе беларусам.  Бо  тут  спакон  веку  жылі  мае  дзяды  і  прадзеды. Сама зямля гэтая складаецца з праху незлічоных пакаленняў маіх суродзічаў. І я, іх нашчадак, маю бясспрэчнае права не толькі на гэтую зямлю, але і на сваю родную мову, на права быць беларусам..." (Урывак з нарысу "Скрадзеная Бацькаўшчына", датаванага 25 сакавік 1978)

У Бабруйск Міхась Кукабака вярнуўся летам 1976 года - пасля шасці гадоў зняволення, каля пяці з якіх яго ўтрымлівалі ў псіхіятрычных бальніцах. Псіхіятрычныя рэпрэсіі ў дачыненні да Міхася Кукабакі працягваліся і ў Беларусі: тут яго двойчы (увосень 1976-га і ўвосень 1977-га) прымусова шпіталізавалі ў Магілёўскую псіхіятрычную лякарню з дыягназам "шызафрэнія і паранаідальны сіндром". Даведзены да роспачы немагчымасцю зняць з сябе дыскрымінуючы яго ярлык "псіхічнахворага" і скрайняй бытавой неўладкаванасцю, Кукабака вясной 1977 года звяртаўся ў Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР з просьбай пра дазвол эміграваць, у чым яму адмовілі. Гэты факт таксама быў адлюстраваны ў тэксце "Скрадзенай Бацькаўшчыны".

У зробленай пазней рэмарцы аўтар паведамляе, што гэты нарыс увайшоў у матэрыялы абвінавачвання па чарговай "крымінальнай" справе. У кастрычніку 1978 года Міхась Кукабака зноў быў арыштаваны, а ў чэрвені 1979 года ў Бабруйску асуджаны па палітычных матывах да трох гадоў лагераў.

Якімі сёння, праз больш як тры дзесяткі гадоў, бачыць Міхась Кукабака той бабруйскі перыяд свайго жыцця? Пра гэта ён распавёў у інтэрв'ю для сайта ПЦ "Вясна".

- Якія ўражанні да гэтага часу засталіся ў Вашай памяці ад той сустрэчы з Бабруйскам ў 1976-м?

- Зразумела, што я ж тады не проста прыехаў у Бабруйск як у нейкі абстрактны горад. Я вярнуўся ў горад свайго дзяцінства. І, вядома, пасля дзесяткаў гадоў адсутнасці я шукаў хоць нейкія сляды, нешта, што нагадвала б мне пра мінулае, нейкія асацыяцыі з дзяцінствам. Менавіта тое, што і завецца радзімай - роднае, блізкае. Стараўся гэта ўбачыць ва ўсім. Адзначаў для сябе, што змянілася, а што засталося ранейшым і нагадвае мне дзіцячыя гады. І калі я зайшоў на тэрыторыю дзіцячага дома, то ўбачыў напаўразбураны будынак, які ідзе пад знос. Мяне там спыталі: "Вы з нагоды вывазу?" Ды не, кажу, я проста выпадкова ... А я тады быў у бярэтцы, у мяне была бародка, падстрыжаная ў манеры канадскага шкіпера. Ведаеце, марскія ваўкі хадзілі ў такіх бародках (смяецца). Выгляд у мяне быў, так бы мовіць, для правінцыі не звыклы. І яшчэ ў руках у мяне быў партфель. А такі чалавек звычайна ўспрымаўся як начальства якое-небудзь - з бародкай незразумелай, у берэце, з партфелем ... Таму мяне, відаць, і спыталі, ці наконт вывазу я. Адказаў, што я старонні.

Я быў пахадзіў па тэрыторыі, залез праз дзіркі ў гэты стары дом – пахадзіў там. Убачыў сцэну - маленькая такая зала, а ў дзіцячых успамінах засталася велічэзнай. Далей - спальні для дзяўчынак, для хлопчыкаў. Потым класы, куды мы збягалі праз вакенца, хаваліся там ад выхавальнікаў для сваіх гульняў ... Пахадзіў па двары. Памятаю, што падчас піянерскіх мерапрыемстваў пасадзіў там невялікую ялінку. Але, гляджу - ніякай алейкі няма. Потым так і напісаў: памяць сцёртая бульдозерам. Там усё ўжо зраўнялі і на тым месцы пабудаваны ўжо быў (і, напэўна, працаваў) двухпавярховы інтэрнат. Гэта значыць, я ўжо не знайшоў амаль нічога, што мог успомніць з дзяцінства. Ну і далей пайшоў у горад. Моцнае ўражанне на мяне зрабіла тое, што была знішчана царква, а на месцы касцёла быў нейкі будынак будтрэста. Далей - насып, якая вяла да мармеладнай фабрыкі. Я памятаю, нас у дзіцячым доме вадзілі туды на экскурсію. І там трэба было прайсці праз чыгуначны пераезд. Калі ў дзяцінстве там часта хадзілі, прымільгаўся гэты надпіс - "Сцеражыся цягніка!" І па звычцы глянуў на шыльду - «Берегись поезда!» І вось гэта мяне кальнула.

Чорт пабяры, думаю, які час быў - пры Сталіне спрабавалі неяк выконваць. Я ўсё ж такі памятаю, што і чытаў па-беларуску, і шыльды былі на беларускай мове ўсюды, кнігі, газеты - і мне ўсё было радней ... А тут гляджу - амаль усё па-руску. Гэта моцна мяне закранула. Неяк глыбей прыйшло ўсведамленне нацыянальнага адзінства, нацыянальнага духу. І, у рэшце рэшт, чаму так? Гэта ж таму, што Беларусь у складзе імперыі, што імперская ўлада навязвае свае стэрэатыпы, знішчае нацыянальную культуру, каб зрабіць людзей проста пакорлівымі рабамі. І я вырашыў выкласці сваё ўражанне на паперы - можа быць, і іншыя людзі над гэтым задумаюцца. І ў той жа час хацеў такім чынам выказаць сваё стаўленне да гэтага рэжыму. Бо па сутнасці яны скралі маю Бацькаўшчыну. Калі фізічна людзі ёсць, то ідэнтычнасць нацыянальную яны скралі. У мяне ўжо тут няма нічога роднага. Усё гэта і прымусіла мяне напісаць для іншых людзей свае развагі пра тое, што такое Бацькаўшчына, як гэта трэба разумець ...

- Вы засталіся жыць у Бабруйску. З якімі цяжкасцямі, праблемамі пры гэтым давялося сутыкнуцца?

- Мне трэба было шукаць працу. А паколькі я вызваліўся з «псіхушкі», то фармальна лічыўся інвалідам. Гэта значыць, я не меў права на... Ды я амаль ні на што не меў права. Таму мне давялося зрабіць некаторыя папраўкі ў дакументах - пастараўся ўсяляк замаскіраваць, што я вызваліўся з-за кратаў. І мне ўдалося ўладкавацца на электрастанцыю ў цэх ЦАВ (цеплавая аўтаматыка вымярэння), гэта праца з вымяральнымі прыборамі - можна сказаць, працоўная інтэлігенцыя ў пэўным сэнсе. А са статусам чалавека, які вызваліўся з «псіхушкі», мяне туды і на гарматны стрэл не павінны былі дапускаць, атрымалася ўладкавацца толькі дзякуючы ўсім гэтым падробкам. І прапрацаваў я там дзесьці год. А пачалося ўсё з чаго... Паводзіў я сябе так, як і да арышту - катэгарычна адмаўляўся ад удзелу ва ўсякіх мерапрыемствах, у рабочым асяродку выразна выказваў сваё крытычнае стаўленне да ўлады, да ўсіх падзеяў. Палітзаняткі там нейкія праводзіліся - выказваўся ўсюды. Тым самым я адразу дыстанцаваўся ад усёй масы, на мяне глядзелі, як на нешта зусім незразумелае. А адзін рабочы з майго цэху (па-мойму, камандзіраваны з Мінска), які быў сябрам кампартыі, пасля таго, як паслухаў мяне, прыйшоў да начальніка цэха з пытаннем «Як вы гэтага Кукабака прынялі на працу, у калектыў? Гэта ж адкрыты вораг савецкай улады!» А начальнік цэха і сам не так даўно ўладкаваўся на гэтую працу. Адкуль, кажа, я ведаў... Такая вось калізія адбылася. Натуральна, усё тут жа было дакладзена ў КДБ, і, я думаю, з гэтага часу за мною ўжо сталі сачыць з боку.

А я ў гэтым плане вельмі дэманстратыўна сябе паводзіў. У мяне ў пакоі заўсёды віселі ўсякія плакаты, партрэты Сахарава і генерала Грыгарэнкі (і я ўсім расказваў, што гэта за людзі і чым яны займаюцца), капіяваў і распаўсюджваў Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека, былі кнігі, часопісы - чытаў Салжаніцына "Жыць без хлусні", часопіс ЮНЕСКА "Кур’ер". І заўсёды з усімі быў адкрыты і шчыры. Так, выказваўся я ўсюды, але заўсёды за справу, калі бачыў несправядлівасьць. Напрыклад, мяне абурыў выпадак, калі ў нашым працоўным інтэрнаце з суседняга пакоя выгналі хлопца. Ён праводзіў дзяўчыну на вакзал і позна вярнуўся ў інтэрнат, камендант яго ў нахабную не пусціла - "ты парушыў рэжым, ідзі куды хочаш". І яму прыйшлося забірацца ў пакой па пажарнай лесвіцы праз вакенца. Яна прыйшла на паверх, пачала скандаліць, і на наступны дзень быў вывешаны загад аб яго высяленні. Мяне гэты выпадак вельмі абурыў. І я напісаў ліст такі фельетоннага тыпу, з насмешкай, з'едлівасцю, пра гэтую камендантку і гэтыя парадкі, адправіў яго ў часопіс «Вожык». Ну і на працы выказаў сваё абурэнне з гэтай нагоды. На мой ліст прыехаў карэспандэнт і (гэта, напэўна, чыста савецкая звычка) пайшоў адразу ў парткам высвятляць наконт майго допісу, але ж можна было са мной спачатку пагутарыць як з аўтарам гэтага фельетона. А там яму адразу - «дык вы ведаеце, ён вораг народа, антысаветчык і такіх жа ворагаў народа праслаўляе». І калі мяне выклікалі ў кабінет, ён так са мной нават і не пагутарыў. Але гэты ліст на іх неяк так падзейнічаў, што загад аб высяленні з інтэрната гэтага рабочага адмянілі. І гэта зноў выклікала размовы сярод рабочых - маўляў, што гэта за Кукабака, кудысьці напісаў і тут жа гэта падзейнічала. Такія вось выпадкі былі, і стаўленне да мяне стала змяняцца. Да мяне там сталі розныя «палітыкі» падыходзіць. Не ведаю, можа, гэта правакацыі нейкія былі, а можа проста цікавасць у людзей. Пра гэта складана меркаваць. Я асабліва на гэта не звяртаў увагі - я не перастрахоўшчык, маніяй пераследу не заражаны. І да мяне пачала праяўляцца, я б сказаў, такая прыязная зацікаўленасць.

І быў пераломны ў пэўным сэнсе выпадак. Аднаго разу вяртаюся ў інтэрнат, а там сабраўся натоўп народу і нейкая жанчына ляжыць. Пачаў распытваць, гляджу - намеснік начальніка з працы стаіць, афіцэр міліцыі... Яны мяне заўважылі, і афіцэр рэзка накіраваўся да мяне. Удакладніўшы ці я Кукабака, кажа: «Неадкладна падымайцеся ў свой пакой і не выходзьце адтуль, калі прабудзіце тут яшчэ хоць пару хвілін - я вас арыштую». Я падумаў, што трэба слухацца, бо калі мяне арыштуюць, я не змагу інфармацыю атрымаць. Як толькі яны з'ехалі, я пачаў распытвацца. Як высветлілася, у сярэдзіне выхаднога дня хлопец прывёў жанчыну ў пакой. Камендант зноў ўварвалася туды і, абражаючы, пачала яе праганяць. Хлопец, праявіўшы маладушнасць, сышоў з пакоя, а жанчыну камендантка не выпускала, запалохваючы тым, што выкліча міліцыю. І гэтая жанчыны выскоквае ў адкрытае вакно з пятага паверха. Выратавала яе толькі тое, што некалькі разоў падчас падзення змагла ўхапіцца за тэлевізійны кабель і неяк перавярнуцца - і ўпала на ногі, а магла б галавой. Вядома, там былі пераломы розныя... І калі я пра ўсё даведаўся, тут жа напісаў заяву на імя абласнога пракурора і пачаў збіраць пад ёй подпісы жыльцоў інтэрната. Бо гэта ж умяшальніцтва ў прыватнае жыццё! Распавёў пра гэта на працы, зачытаў заяву. А на наступны дзень начальнік цэха сказаў, што мяне выклікаюць у аддзел кадраў. Прыходжу туды - там міліцыя. І мяне садзяць у машыну "Хуткай дапамогі" і вязуць у "псіхушку". Так вось усё пачалося ў Бабруйску...

- Як Вам ўдавалася выжываць ва ўмовах "псіхушкі"?

- Па-рознаму бывала. Напрыклад, ў псіхбальніцы са строгім назіраннем у Сычоўцы Смаленскай вобласці загадчык аддзялення быў вельмі жорсткім чалавекам, там мне давялося досыць над ім папрацаваць (смяецца), хоць у яго былі задаткі нармальнага мужыка. У Магілёўскай абласной бальніцы загадчык аддзялення быў доктар Мыльнікаў. І павінен сказаць, што па тых савецкіх часах гэта быў адзін з самых гуманных лекараў, менавіта той, хто заслугоўвае звання лекара. Яму было гадоў 40. Больш гуманнага стаўлення да пацыентаў я нідзе не сустракаў. Адказных ён адпускаў дадому на святы, мы з яго дазволу хадзілі групкамі ў бліжэйшы кінатэатр, ніякіх злоўжыванняў з яго боку не было. Думаю, пры маім паступленні яму далі інфармацыю, што я за чалавек. Калі мяне выклікаў мой лекар, каб прызначыць "лячэнне", я абурыўся: "Вы ведаеце, чаму я тут. І любое прызначэнне так званых лекаў я буду разглядаць як замах на маё здароўе". На гэтым размова заканчваецца і мне нічога не прызначаюць. Літаральна праз дзень пачалі збіраць групу ў кіно, я таксама папрасіўся. Старэйшая сястра, злосная такая была, кажа, маўляў, вы толькі паступілі і мы вас ведаць не ведаем. Іх можна зразумець, але я настойваў і пайшоў да загадчык аддзялення. Ён дазволіў. У сваё дзяжурства ён выклікаў мяне на гутарку - за што, чаго... Маю заяву чытаў. Мы з ім прагаварылі пяць гадзінаў, з перапынкамі. І ў канцы ён мне кажа: "Кукабака, разумееш, якая справа. Калі я прачытаў вашу заяву, у мяне з'явіўся сумнеў у вашай псіхічнай паўнавартаснасці. Але, пагутарыўшы з вамі, я не знаходжу ніякіх прыкметаў, адхіленняў..." Ну і далей ніякіх абмежаванняў мне не было, ніякага лячэння мне не прызначалі...

А потым мая справа ўжо круцілася ў Маскве, дзякуючы нефармальнай арганізацыі "Камісія па расследаванні злоўжыванняў псіхіятрыяй" (яе ініцыятараў затым усіх пасадзілі). І была такая арганізацыя - Сусветная асацыяцыя псіхіятраў. (І, па-мойму, у Лондане ў той час павінен быў адбыцца кангрэс, на якім, калі не памыляюся, Расію выключылі за парушэнне розных правоў.) І вось у Магілёў прылятае прадстаўнік Камісіі і кажа галоўнаму доктару, што ў вас утрымліваецца Кукабака, гэта парушэнне, вы павінны яго неадкладна вызваліць. Калі не вызваліце ​​- мы паведамім у Сусветную асацыяцыю псіхіятраў пра гэтую справу. Ну і тут яны занерваваліся. Дарэчы, хлопца з Камісіі да мяне дапусцілі, мы пагутарылі. І, карацей, на працягу трох дзён мяне вызваляюць. Ён ляціць у Маскву, а я вяртаюся ў Бабруйск. І па дарозе яшчэ напісаў такі напаўжартаўлівы вершык:

Могила могилевская для тела и души,
Под бинт широкий свяжут – лежи и не дыши.
Таблетками, уколами загонят в гроб слона,
Но дух инакомыслия ничем… (смеется)

Ну, а калі казаць увогуле, то мне часта ўдавалася заваяваць паважлівае стаўленне з боку медперсанала ў «псіхушках». Пры гэтым я ніколі не паступаўся сваімі жыццёвымі прынцыпамі, ужываў, як кажуць, жыццёвую хітрасць і дыпламатыю, што дазваляла мне ўдала абыходзіць усе вострыя куты. І я ніколі не раўняў усіх людзей пад адзін капыл. Як ужо распавёў, і ў псіхбальніцах мне сустракаліся гуманныя, з неперадузятым, аб'ектыўным стаўленнем людзі...

- Вы прайшлі столькі турмаў, лагераў, карную псіхіятрыю. Скажыце, часта было страшна?

- Страху не было. Было ўсведамленне непазбежнасці: раз так атрымалася - трэба цярпець.

- А што давала сілы - не проста жыць, а яшчэ і ўвесь час змагацца за нешта?

- Абсалютная, на мяжы шызафрэніі, упэўненасць у сваёй праваце дапамагала змагацца ўсё жыццё.

З архіўнага інтэрв'ю з Міхасём Кукабакам, запісанага ў Маскве ў 2013 годзе.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства