Першыя агітплакаты ў Бабруйску: кандыдаты бяруць маштабамі
Больш за ўсё агітацыйнай прадукцыі пакуль размясціў прадпрымальнік Уладзімір Яўсеенкаў, сябра ЛДП, які балатуецца па Ленінскай акрузе. Яго вялікія і не вельмі плакаты можна ўбачыць у самых шматлюдных кропках гэтага раёна: каля рынка, каля кінатэатра і нават у фае гарадской бальніцы.
Побач з выявамі Яўсеенкава можна ўбачыць, нават на тэрыторыі Ленінскай акругі, не менш вялікія плакаты яго калегі па партыі - Уладзіміра Загрышава. Нагадаем, ён ідзе па Першамайскай акрузе. Судзячы па агітацыйнай прадукцыі, сябры ЛДП вырашылі ўзяць маштабамі.
У канкурэнта Уладзіміра Яўсеенкава, ідэолага фабрыкі "Славянка" Мікалая Плаксіцкага агітацыйны плакат меншага памеру. Затое размешчаны ён на фабрычных сценах, якія знаходзяцца ў даволі шматлюдным раёне Бабруйска. Побач з выявай "спартыўнага" кандыдата можна ўбачыць фотаздымак з натоўпам радасных людзей і сціплы надпіс "Наш кандыдат у дэпутаты".
Што тычыцца адзінага дэмакратычнага кандыдата ў Бабруйску, Мацвея Хатары, то яго агітпрадукцыя яшчэ не гатовая.
- Не хацелася б пакуль раскрываць інфармацыю пра тое, што будзе ў маіх агітацыйных матэрыялах, пакуль гэта сакрэт, - адзначыў малады кандыдат у дэпутаты з Ленінскай выбарчай акругі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”