Праваабарончая дзейнасьць у Беларусі. Ад вытокаў да апошніх дзён

2011 2011-12-20T17:08:00+0300 2014-10-29T20:00:07+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiacki02.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь БЯЛЯЦКІ. Фота Юліі Дарашкевіч

Алесь БЯЛЯЦКІ. Фота Юліі Дарашкевіч

Пра правы чалавека ў Беларусі гавораць ужо шмат стагодзьдзяў. Але да сёньняшняга дня праблемы асабістай свабоды й вальнадумства застаюцца актуальнымі для беларусаў. У неспрыяльных, нават небясьпечных умовах беларускія праваабарончыя арганізацыі працягваюць сваю дзейнасьць.

Гісторыя асэнсаваньня правоў чалавека й змаганьня за правы чалавека мае ў Беларусі вельмі даўнюю традыцыю. Першая згадка пра правы чалавека менавіта ў такім спалучэньні словаў гучыць у XVIII ст. у беларускім рукапісным творы полацкага шляхціца Сямёна Зяновіча «Сапраўдная навука асноў права чалавека ў прыватнасьці і права народаў увогуле», у якім аўтар разглядае юрыдычныя перадумовы роўнасьці, разважае пра свабоду й яе якасьці.

Надзвычай важны акт у грамадзка-палітычным жыцьці Беларусі зьдзейсьніў кіраўнік паўстаньня 1793 г. у Вялікім Княстве Літоўскім Якуб Ясінскі, які выступаў за скасаваньне манархіі й за адмену прыгону. 23 красавіка 1793 г. у Вільні адбылося паўстаньне, і быў захоплены расейскі вайсковы гарнізон, а на наступны дзень ужо быў прыняты Ўнівэрсал, у якім абвяшчалася роўнасьць станаў, а сялянам надавалася асабістая вольнасьць. Гэтыя ідэі роўнасьці людзей, асабістай свабоды й неад’емнасьці правоў чалавека сталі асноватворнымі на ўсё наступнае стагодзьдзе. Менавіта яны гучалі падчас усіх паўстаньняў супраць расейскага дэспатызму.

Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. разьвіваць і абараняць грамадзка-палітычныя правы ў Савецкай Беларусі стала практычна немагчыма. Дыктатура пралетарыяту, масавыя сталінскія рэпрэсіі прымусілі беларусаў найперш клапаціцца не пра адстойваньне сваіх правоў, а пра элемэнтарнае выжываньне. Пасьля Другой сусьветнай вайны гэтая праблема стала яшчэ больш актуальнай. Тым ня менш адразу пасьля вайны, асабліва на тэрыторыі Заходняй Беларусі, пачалі паўставаць маладзёвыя падпольныя арганізацыі: Саюз вызваленьня Беларусі, Саюз беларускіх патрыётаў, «Чайка», «Вольная Беларусь» ды інш., якія ставілі на мэце змаганьне за незалежнасьць Беларусі й аднаўленьне для беларускага народу грамадзкіх, палітычных ды сацыяльных правоў. Усе гэтыя арганізацыі былі выкрытыя КДБ, іх удзельнікі рэпрэсаваныя, а некаторыя й расстраляныя.

Сьмерць Сталіна дала новы штуршок барацьбе беларусаў за правы чалавека. З 1953 па 1985 г. па артыкуле «Антысавецкая прапаганда і агітацыя» ў Беларусі было асуджана больш за сто асобаў. Выступалі беларусы й супраць увядзеньня савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну ў 1968 г. Так, за антысавецкія выказваньні былі пакараныя журналіст і гісторык Анатоль Сідарэвіч, паэт Фёдар Яфімаў, Мікалай Якімовіч, Міхаіл Кукабака. Апошні стаў ці ня самым вядомым беларускім дысыдэнтам. За праваабарончую дзейнасьць — выступы з крытычнымі артыкуламі, распаўсюд Усеагульнай дэклярацыі аб правах чалавека — ён быў неаднаразова арыштаваны, судом накіраваны на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне, затым асуджаны за «ганьбаваньне савецкага дзяржаўнага й грамадзкага ладу».

Але шырокага дысыдэнцкага руху ў Беларусі так ня склалася. Былі асьветніцкія паўлегальныя формы працы, накіраваныя ў асноўным супраць русіфікатарскай палітыкі, якую праводзілі камуністы. Так, напрыклад, браты Белыя ў 1950–70-я гады распаўсюджвалі антысавецкія ўлёткі ў Менску, за што былі схопленыя й асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня. Таксама быў рэпрэсаваны філёзаф і культуроляг Кім Хадзееў, які ачольваў філязофска-літаратурны гурток студэнтаў БДУ. Пры нявысьветленых абставінах быў забіты ў 1972 г. мастак Лявон Баразна, лідэр нонканфармісцкага мастацкага руху, які выступаў супраць зьнішчэньня старога Менску. Варта згадаць і Якава Хейфіца, аднаго з габрэйскіх актывістаў, асуджанага за крытыку ўлады па пытаньні культурных правоў габрэйскай меншасьці ў Беларусі.

Пачатак 1980-х: змаганьне за незалежнасьць

На пачатку 80-х гадоў у Беларусі сфармавалася новая маладзёвая дэмакратычная плынь, якая шукала як легальныя, так і нелегальныя формы працы. Натхнёная падзеямі ў Польшчы, беларуская моладзь паставіла перад сабой задачу змаганьня за нацыянальныя, палітычныя, грамадзкія й сацыяльныя правы для беларускага народу.

16–17 сьнежня 1987 г. адбыўся Першы Вольны Сойм маладзёвых беларускіх суполак, на якім прысутнічалі прадстаўнікі некалькіх дзясяткаў так званых «нефармальных аб’яднаньняў». Быў прыняты шэраг дакумэнтаў, у якіх дэкляраваліся барацьба за стварэньне прававой дзяржавы, неабходнасьць забесьпячэньня ўсіх грамадзкіх і палітычных свабодаў, незалежнага суда, кантроль за дзейнасьцю КДБ, за справядлівасьцю правасудзьдзя і г. д. Знакавым стаўся для беларускіх праваабаронцаў 1988 г., калі была абнародаваная праўда аб месцы масавага пахаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў пад Менскам ва ўрочышчы Курапаты. Пасьля гэтага быў створаны «Камітэт-58» як «напамінак аб адпаведным артыкуле Крымінальнага кодэксу РСФСР, па якім былі несправядліва асуджаныя мільёны людзей ува ўсіх рэспубліках СССР». На базе «Камітэту-58» было ўтворана Таварыства памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій «Мартыралёг Беларусі». Гэта першая афіцыйна абвешчаная легальная праваабарончая арганізацыя ў краіне.

Змаганьне з сталінскай спадчынай было надзвычай важным для дэмакратычных зьменаў у беларускім грамадзтве. Першыя масавыя акцыі ў Беларусі: Дзяды-87, дэманстрацыя й мітынг у Курапатах, які адбыўся 19.06.1988, і Дзяды-88, якія адбыліся 30.10.1988, — мелі выразны антысталінскі, антытаталітарны кірунак. Менавіта таму Дзяды-88 былі жорстка разагнаныя савецкімі беларускімі ўладамі. Але ўжытыя ўладамі рэпрэсіі не далі чаканага выніку. У адказ на іх у грамадзтве ўзьнялася сапраўдная хваля асуджэньня й абурэньня. Тысячы грамадзянаў пайшлі ў толькі што створаны Беларускі Народны Фронт — першую масавую дэмакратычную грамадзка-палітычную арганізацыю, якая ставіла на мэце маштабныя дэмакратычныя пераўтварэньні ў грамадзтве й дабівалася іх у наступныя гады палітычнымі й грамадзкімі сродкамі. Праблемы дзяржаўнай незалежнасьці, шматпартыйнасьці, свабоды распаўсюду й атрыманьня інфармацыі, свабоды сумленьня, экалёгіі, правядзеньня справядлівых выбараў, эканамічнага рэфармаваньня, захаваньня правоў чалавека й г. д. былі галоўнымі пытаньнямі, якія ставіў у сваёй дзейнасьці Беларускі народны фронт. Дзейнасьць БНФ як галоўнай палітычнай і грамадзкай сілы ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў прывяла да здабыцьця Беларусьсю ў 1991 г. незалежнасьці.

У 1990 г. разьвівалася дзейнасьць Вэнскага камітэту, які, як згадвае адзін зь ягоных заснавальнікаў Валеры Сядоў, «узьнік як адваротная рэакцыя на масавы тэрор камуністычнага рэжыму супраць сяброў БНФ і ўсіх нязгодных». Сябры Вэнскага камітэту забясьпечвалі юрыдычную дапамогу, выступалі з праваабарончымі ідэямі на мітынгах, у вольнай прэсе, удзельнічалі ў міжнародных праваабарончых канфэрэнцыях у Маскве, у канфэрэнцыях паняволеных народаў у Таліне, Тбілісі. 10 сьнежня 1990 г. правялі ў Менску мітынг, прысьвечаны Дню правоў чалавека, у якім удзельнічалі некалькі тысячаў чалавек. Сам В. Сядоў 7 лістапада 1990 г. браў удзел у антыкамуністычным мітынгу-шэсьці з цэнтру Менску й усклаў да помніку Леніна так званыя «дары» — крыж у вопратцы зьняволенага, абкручаны калючым дротам, — за што 7 траўня 1991 г. пастановаю Пракуратуры БССР быў арыштаваны й зьмешчаны ў сьледчы ізалятар. У ізалятары знаходзіўся больш за два месяцы, зь якіх 32 дні трымаў галадоўку. Неўзабаве дзейнасьць Вэнскага камітэту спынілася.

Пэўную працу, накіраваную на забесьпячэньне свабоды слова й абарону правоў журналістаў і пісьменьнікаў, праводзіўбеларускіПЭН-цэнтар(першы кіраўнік — Карлас Шэрман), створаны ў лістападзе 1989 г. З 1994 г. беларускі ПЭН-цэнтар штогод прысуджае дзьве літаратурныя прэміі пісьменьнікам з мэтай заахвочваньня іхнай працы на карысьць пашырэньня ідэяў адкрытага грамадзтва. У 1996 г. беларускі ПЭН-цэнтар стаў членам Камітэту «Пісьменьнікі ў зьняволеньні», заснаванага ў 1960 г. Асамблеяй Дэлегатаў Міжнароднага ПЭН-клюбу. Неаднаразова сябры беларускага ПЭН-цэнтру перасьледаваліся за сваю актыўную грамадзянскую пазыцыю. Так, былы кіраўнік ПЭН-цэнтру, беларускі пісьменьнік Уладзімер Някляеў, які кандыдаваў у прэзыдэнцкіх выбарах у 2010 г., быў моцна зьбіты й арыштаваны КДБ, а затым асуджаны. ПЭН-цэнтар выступае ў абарону рэпрэсаваных беларускіх пісьменьнікаў.

У 1992 г. была створаная Беларуская ліга правоў чалавека, якую ўзначаліў на той час дэпутат Вярхоўнага савету Яўген Новікаў. Напачатку ЛГПЧ займалася праваабарончай працаю, дапамагала людзям, якія падпалі пад рэпрэсіі з боку беларускіх уладаў, выдавала газэту «Правы чалавека», актывісты Лігі дасьледавалі пытаньне выкарыстаньня псыхіятрычнай мэдыцыны ў мэтах перасьледу іншадумцаў у Беларусі. У 1995 г. Я. Новікаў зьмяніў свае погляды й быў адхілены ад кіраўніцтва ЛГПЧ. Паступова да 2000 г. праца ЛГПЧ спынілася.

Сярэдзіна 1990-х: новая старонка гісторыі права ў Беларусі

З прыходам да ўлады А. Лукашэнкі сытуацыя з правамі чалавека ў краіне рэзка ўскладнілася. Як рэакцыя на першыя абмежаваньні з боку ўладаў свабоды распаўсюду інфармацыі ўзьнікла Беларуская асацыяцыя журналістаў, асноўнай мэтай якой стала «стварэньне ўмоваў для забесьпячэньня свабоды слова й друку, права на бесьперашкоднае атрыманьне, захоўваньне й распаўсюджваньне інфармацыі».

Адказам на наступ на грамадзкія й палітычныя свабоды стала стварэньне 1 лістапада 1995 г. Беларускага Гельсынскага Камітэту(БГК), ганаровым старшынём якога быў абраны вядомы беларускі пісьменьнік Васіль Быкаў. Зьдзек з нацыянальнага бел-чырвона-белага сьцягу з боку вышэйшых беларускіх чыноўнікаў быў штуршком для стварэньня БГК. Камітэт мае прадстаўніцтвы ў 12 гарадах краіны, налічвае каля 350 сяброў. У 1998 г. быў узнагароджаны прэміяй ЭЗ і ЗША. БГК выяўляе выпадкі парушэньня правоў чалавека, забясьпечвае прававую дапамогу канкрэтным людзям (штогод у БГК прыходзіць да 2000 скаргаў), праводзіць праваабарончыя сэмінары й трэнінгі па навучаньні маладзёвых актывістаў і юрыстаў, выдае спэцыяльную літаратуру, арганізоўвае разнастайныя мерапрыемствы з мэтай прыцягнуць увагу грамадзкасьці да праблемаў парушэньня правоў чалавека ў Беларусі. Камітэт зьяўляецца партнэрам Рады Эўропы, удзельнічае ў міжнародным гельсынскім руху. Зараз БГК ачольвае Алег Гулак.

Увесну 1996 г. у адказ на жорсткі разгон сілавымі структурамі масавай маніфэстацыі «Чарнобыльскага шляху», пасьля якога было арыштавана амаль 200 асобаў і ўзбуджаная крымінальная справа супраць арганізатараў, стварылася група падтрымкі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, якая заклала пачатак існаваньня Праваабарончага цэнтру «Вясна» (кіраўнік — Алесь Бяляцкі). Прыярытэтамі дзейнасьці Цэнтру, які сёньня прадстаўлены ў 17 найбуйнейшых гарадах Беларусі, застаюцца дапамога ахвярам палітычных рэпрэсіяў, збор і распаўсюд як у краіне, так і за яе межамі, інфармацыі пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, асьветніцкія й адукацыйныя праваабарончыя праграмы, назіраньне за выбарамі. У 2003 г. Вярхоўны суд Беларусі па іску міністэрства юстыцыі скасаваў рэгістрацыю «Вясны». У 2007 г. Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў ліквідацыю незаконнай і абавязаў беларускі ўрад аднавіць рэгістрацыю. Гэтае рашэньне не было выкананае. 6 сакавіка 2004 г. ПЦ «Вясна» быў прыняты ў Міжнародную Фэдэрацыю Правоў Чалавека (FIDH), а ў 2008 г. А. Бяляцкі быў абраны віцэ-прэзыдэнтам FIDH. Вынікі праваабарончай дзейнасьці Цэнтру былі адзначаныя некалькімі міжнароднымі прэміямі Чэхіі, Італіі, Нарвэгіі, Швэцыі, ЗША.

У другой палове 90-х – пачатку 2000-х гадоў стварыліся іншыя рэспубліканскія й рэгіянальныя праваабарончыя арганізацыі, такія як Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі й «Незалежнае таварыства прававых дасьледаваньняў». На базе апошняга пасьля яго ліквідацыі ўладамі ў 2003 г. былі створаныя Цэнтар прававой трансфармацыі і Фонд разьвіцьця прававых тэхналёгіяў, якія працягнулі дзейнасьць у галіне праваабароны. У кірунку расьсьледаваньняў і прыцягненьня ўвагі да палітычна матываваных выкраданьняў, што адбыліся ў краіне ў 1999-2000 гг., з 1998 г. працуеПрававая дапамога насельніцтву (кіраўнік – Алег Волчак).

З 1998 г. працуе рэгіянальная праваабарончая арганізацыя Магілёўскі праваабарончы цэнтар (кіраўнік — Уладзімер Краўчанка), якая на рэгіянальным узроўні займаецца правядзеньнем маніторынгу сытуацыі з правамі чалавека, зборам і распаўсюдам інфармацыі, падрыхтоўкай адукацыйных і асьветніцкіх праваабарончых мерапрыемстваў.

Праваабарончай дзейнасьцю ў краіне з пачатку 2000-х гадоў таксама займаюцца такія арганізацыі, як Менскі цэнтар правоў чалавека, «Прававая ініцыятыва» (падрыхтоўка праваабарончых трэнінгаў і сэмінараў), «Праваабарончы альянс» (дапамога ахвярам палітычных рэпрэсіяў і іх сем’ям, распаўсюд інфармацыі пра парушэньні правоў чалавека ў краіне). У 2006 г., пасьля масавых рэпрэсіяў падчас і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, распачаў працу Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць»,які ўзначальвае Іна Кулей. Асаблівую ўвагу Камітэт засяроджвае на падтрымцы рэпрэсаваных студэнтаў, сем’яў рэпрэсаваных, на мэдычнай і псыхалягічнай дапамозе ахвярам палітычных рэпрэсіяў.

З 2007 г. у Вільні запрацаваў як сумесная праваабарончая ініцыятыва некалькіх арганізацыяў «Дом правоў чалавека ў выгнаньні ў Вільні», які зараз выступае як буйны адукацыйны праваабарончы цэнтар, адкрыты дэмакратычны асяродак, дзейнасьць якога накіраваная на дапамогу беларускім НДА, рэалізацыю беларускіх праваабарончых адукацыйных праграмаў, на падтрымку міжнароднага супрацоўніцтва беларускіх ды замежных праваабарончых арганізацыяў. Таксама на базе арганізацыі праводзяцца трэнінгі, сустрэчы, культурніцкія акцыі, якія цяжка ажыцьцявіць у Беларусі.

Пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 г. была створаная ініцыятыва сваякоў палітычных вязьняў Камітэт «Вызваленьне», які працуе ў кірунку дапамогі палітычным вязьням, а таксама сем’ям, якім такая падтрымка патрэбная.

З прычыны неспрыяльных умоваў для працы ўсіх праваабаронцаў у Беларусі нашыя праваабарончыя арганізацыі аб’ядноўваюць свае намаганьні ў сумеснай дзейнасьці. У 2004 г. у Менску й 25–26 верасьня 2010 г. у Вільні былі праведзеныя два форумы беларускіх праваабаронцаў, на якіх былі абмеркаваныя шляхі актывізацыі й паляпшэньня праваабарончай работы. На другім форуме, у якім бралі ўдзел прадстаўнікі 18 беларускіх праваабарончых арганізацыяў, было прынятае рашэньне аб распрацоўцы стратэгіі разьвіцьця беларускага праваабарончага руху.

На працягу гэтых гадоў было праведзена некалькі супольных праваабарончых кампаніяў, накіраваных на вырашэньне балючых праблемаў у галіне абароны правоў чалавека. Напрыклад, кампанія Stop 193.1, ініцыяваная Асамблеяй НДА, была накіраваная на скасаваньне ў крымінальным кодэксе адказнасьці за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Гэтая кампанія актыўна праводзілася ў 2009–2010 гг. Таксама трэба ўзгадаць ініцыяваную ПЦ «Вясна» й БГК кампанію «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня» (распачатая ў 2009 г.); кампанію за альтэрнатыўную службу, у правядзеньні якой удзельнічалі Цэнтар прававой трансфармацыі й ПЦ «Вясна»; кампанію «Праваабаронцы за свабодныя выбары», якую ў 2008 і 2010 гг. падчас парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў праводзілі ПЦ «Вясна» й БГК. Сумесныя намаганьні праваабарончых арганізацыяў спатрэбіліся для падрыхтоўкі альтэрнатыўнага дакладу па UPR у 2009–2010 гг. для ААН, над якім працавалі Асамблея НДА, ПЦ «Вясна», БАЖ і БГК. Таксама каардынацыя адбываецца на ўзроўні працы грамадзкіх арганізацыяў у грамадзянскай плятформе ва Ўсходнім партнэрстве ў 2009–2011 гг.

Сур’ёзным выклікам для беларускай праваабарончай супольнасьці сталі падзеі непасрэдна падчас і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 г. Свае намаганьні беларускія праваабаронцы засяродзілі на дапамозе ахвярам палітычных рэпрэсіяў, выкарыстоўваючы дзеля гэтага як унутраныя, так і міжнародныя магчымасьці й мэханізмы. Была забясьпечаная сталая дапамога палітычным зьняволеным, а таксама сем’ям пацярпелых. Праўдзівыя зьвесткі пра стан палітвязьняў, пра магчымасьці для абароны палітзьняволеных, пра маштабы рэпрэсіяў, якія закранулі сотні чалавек у Беларусі, маніторынг судовых працэсаў, — гэтая інфармацыя з вуснаў праваабаронцаў у 2011 г. неаднаразова гучала ў структурах ААН і АБСЕ, на паседжаньнях Рады Эўропы й Эўрапейскага Зьвязу. У сваіх заявах беларускія праваабаронцы жорстка асудзілі тыя рэпрэсіі, якія ўлады абрынулі на палітычных апанэнтаў. Беларускія праваабаронцы працавалі ў шчыльным кантакце з сваімі замежнымі партнэрамі.

Улады нэрвова адрэагавалі на справядлівую крытыку праваабаронцаў. КДБ былі праведзеныя ператрусы ў офісах вядучых праваабарончых беларускіх арганізацыяў і ў прыватных кватэрах праваабаронцаў, былі канфіскаваныя кампутарная тэхніка й носьбіты інфармацыі. Алесь Бяляцкі, старшыня ПЦ «Вясна», атрымаў ад Генэральнай пракуратуры афіцыйнае папярэджаньне за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, БГК атрымаў два папярэджаньні ад Міністэрства юстыцыі. У дзяржаўных СМІ ідзе бесьперапынная кампанія па дыфамацыі й дыскрэдытацыі дзейнасьці беларускіх праваабаронцаў, іх называюць «пятай калёнай», «ворагамі народу».

Тым ня менш, адчуваючы вялікую адказнасьць перад беларускім народам і перад тымі, каму патрэбная дапамога праваабаронцаў, атрымліваючы бесьперапынную моцную падтрымку ад людзей, беларускія праваабарончыя арганізацыі працягваюць сваю дзейнасьць.

Алесь Бяляцкі

Пра аўтара

Алесь Бяляцкі скончыў Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт і асьпірантуру Інстытуту літаратуры АН Беларусі. Адзін са стваральнікаў і старшыня Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя» (1986–1989), адзін з заснавальнікаў «Мартыралёгу Беларусі», сябра Арганізацыйнага камітэту БНФ «Адраджэньне», адзін з арганізатараў Беларускай Каталіцкай Грамады (1990). У 1992–1996 гг. быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету. Працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча (1989–1998). З 1997 кіруе праваабарончым цэнтрам «Вясна». Віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека.

Ад рэдакцыі. Праз пару дзён пасьля напісаньня гэтага артыкулу Алесь Бяляцкі быў арыштаваны. Эўрапейская супольнасьць і праваабаронцы сьвету ўспрынялі гэты крок з боку беларускіх уладаў «як расправу й помсту за ягоную шматгадовую праваабарончую дзейнасьць, а таксама як імкненьне зьнішчыць Праваабарончы цэнтар «Вясна» й запалохаць увесь праваабарончы рух у Беларусі».

kulturaenter.pl
miesięcznik wymiany idei

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international