Віцебскі абласны суд тлумачыць прычыны закрытасці працэсаў
Жыхары Віцебску пакінулі з два дзесяткі допісаў у Кнізе скаргаў і прапановаў, калі іх не пусцілі на працэс па касацыйнай скарзе Сяргея Каваленкі, які праходзіў 10 красавіка, і на працэс па касацыйных скаргах Валерыя Шчукіна, Сяргея Калякіна, Анатоля Лябедзькі і Аляксандра Атрошчанкава, які адбыўся 18 красавіка. Па першым інцыдэнце ўжо пачалі прыходзіць адказы.
Тым, хто скардзіўся на тое, што не змог патрапіць на працэс Сяргея Каваленкі, у пісьмовых адказах называюць тую ж прычыну, якую супрацоўнікі міліцыі абвясцілі ў дзень суду: у зале не было вольных месцаў. Такое тлумачэнне не задавальняе скаржнікаў: па-першае, будынак абласнога суду нядаўны быў рэканструяваны, да яго фактычна прыбудавалі новы корпус, так што залы там яўна не маленькія і не цесныя. Па-другое, змушаныя чакаць на ганках даведаліся, што ў залу праз службовы ўваход правялі супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным, якія і занялі ўсе месцы.
У залу паседжання спачатку прапусцілі толькі жонку Сяргея Каваленкі Алену і ягонага бацьку, адзіным прадстаўніком грамадскасці, якому ўдалося трапіць у залу, быў актывіст кампаніі "Гавары праўду" Сяргей Парсюкевіч. Толькі пасля таго, як віцебскі праваабаронца Павел Левінаў напісаў скаргу (а за ім – і астатнія), у залу прапусцілі яго і яшчэ аднаго праваабаронцу -- Валянціна Стэфановіча. Усіх астатніх “папрасілі” пакінуць будынак суду, у тым ліку і журналістаў.
Тое самае паўтарылася і 18 красавіка, калі ў Віцебскім абласным судзе разглядалі касацыйныя скаргі Валерыя Шчукіна, Сяргея Калякіна, Анатоля Лябедзькі і Аляксандра Атрошчанкава.
Увогуле ж практыка "закрытых" судоў распачалася ў Віцебску з 22 лютага. Тады ў Першамайскім райсудзе таксама судзілі Сяргея Каваленку. Суд выклікаў шырокі розгалас, і на другі дзень працэсу ўсім прысутным было загадана выйсці з залы, працэс быў перанесены ў іншую – і туды ўжо не дапусцілі ні журналістаў, ні грамадскіх актывістаў. Напісаныя тады ж скаргі не дамаглі: апраўданнем для тых, хто парушыў правы грамадзянаў, якія хацелі прысутнічаць на адкрытым працэсе, стала фраза "няма вольных месцаў".