viasna on patreon

Салігорскія актывісты Алег Борын і Аляксей Валабуеў аштрафаваныя на адну і пяць базавых велічыняў

2006 2006-09-19T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

18 верасьня ў Салігорску адбыўся суд па справе лідэра суполкі КХП-БНФ Алега Борына і моладзевага актывіста Аляксея Валабуева, затрыманых супрацоўнікамі міліцыі 15 верасьня і абвінавачаных у брыдкаслоўі - арт. 156 КаАП РБ. Разглядала справу судзьдзя Валянціна Лапіна.

На пачатку паседжаньня актывісты Валабуеў Аляксей і Борын Алег сваёй віны не прызналі і запатрабавалі выклікаць у суд сведак, таму судовае паседжаньне адклалася на некалькі гадзінаў. У другой палове дня судзьдзя выслухала
сьведкаў-міліцыянтаў і пастанавіла аштрафаваць Аляксея Валабуева на пяць базавых велічыняў, а Алега Борына - на адну базавую велічыню. Пасьля гэтага іх адпусьцілі.

Аляксей Валабуеў лічыць, што гэта сталася прэвентыўнай мерай затрыманьня: “Я проста ішоў па вуліцы. Мяне злавілі пасярод вуліцы. Нічога я не рабіў. Калі вяртаўся з працы, мне адразу заявілі, што я нібыта займаюся наркотыкамі. Яны, дарэчы, былі ў цывільным. Вырвалі ў мяне тэлефон, дасталі “сімку” — якой, дарэчы, так і не вярнулі. Сказалі, што недзе згубілася. Даведаўся, што ў гэты дзень быў арыштаваны Зьміцер Дашкевіч. На наступны дзень 16-га я зьбіраўся паехаць у Менск на фэст, і, думаю, што гэта нейкая такая прэвэнтыўная мера. Безумоўна, гэта было перад 16-га зроблена,” - распавёў ён карэспандэнту Радыё Свабода.

Алег Борын, які таксама ня згодны як з рашэньнем суду, так і з затрыманьнем зьбіраецца пісаць скаргу ў пракуратуру: "Гэта проста фальсіфікацыя, брудная. Буду пісаць скаргу ў пракуратуру, таму што не вінаваты ні ў чым. Я наагул не мацюкаюся. А тут аказаўся злосным “мацяршчыньнікам”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства