Справа салігорскіх анархістаў

2011 2011-05-12T11:05:26+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/anarhisty.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Адным з галоўных момантаў “справы анархістаў” з’яўляецца напад на апорны пункт міліцыі ў Салігорску, які меў месца 9 сакавіка 2010 году. У гэты дзень прадстаўнікамі анархістскага руху ў “апорцы” былі выбіты шыбы, праз якія ў прамяшканне быў укінуты піратэхнічны “фаер”. Анархісты адкрыта ўзялі на сябе адказнасць за гэтую акцыю і нават выклалі відэа падзеі ў сеціва.
Матывам для правядзення акцыі былі названы незаконныя дзеянні салігорскай міліцыі. У прыватнасці, казалася пра давядзенне да самагубства  мясцовай праваабаронцы Яны Паляковай ў гэтыя дні годам раней.
Для міліцыянтаў гэта быў сур’ёзны выклік. Пачаліся бясплённыя пошукі ўдзельнікаў акцыі, апытваліся прадстаўнікі моладзевых субкультураў і апазіцыйных рухаў. Тым ня менш палітычных характар справа пачала набываць толькі  ў верасні, пасля нападу на расійскую амбасаду ў Мінску, пасля якой адбыліся масавыя арышты анархістаў і прадстаўнікоў экалагічнага руху. У гэты ж час пачаліся ператрусы ў кватэрах салігорскіх анархістаў па справе нападу на апорны пункт.
Улічваючы гвалтоўны характар акцыі анархістаў у Салігорску і ананімны характар іх дзейнасці ў прынцыпе, мясцовыя праваабаронцы дагэтуль не надавалі сур’ёзнай увагі дадзенай справе. Самі ж анархісты заяўляюць аб шэрагу допытаў, вобшукаў ды канфіскацыі ў іх кампутарнай тэхнікі і друкаваных матэрылаў пратэстнага зместу. За верасень 2010 году праз допыты і гутаркі з супрацоўнікамі КДБ у Салігорску прайшло каля 20 чалавек. Пры гэтым на маладзёнаў аказваўся псіхалагічны ціск, ужываліся абразы і пагрозы. Для гэтага выкарыстоўвалася, напрыклад, справа аб рабаванні банкаматаў у Салігорску. Псіхалагічны ціск аказваўся і на сваякоў падазраваных.
На дадзены момант, па атрыманай мясцовымі праваабаронцамі інфармацыі,  абвінавачванні па дадзенай справе прад’яўлены Аляксандру Францкевічу, Яўгену Сілівончыку (фота: http://belarus.avtonom.org/wp-content/x_f86c0fa8-150x150.jpg) і Дзьмітрыю Дубоўскаму.
Аляксандр Францкевіч, ураджэнец Наваполацку, які пазней пераехаў у Мінск, знаходзіцца пад вартай з 3 верасня 2010 году. 20 верасня яму прад’явілі абвінавачанне па ч.2 арт.339 КК РБ. Непасрэдна ён абвінавачваўся ў тым, што здымаў на відэа напад на апорны пункт міліцыі ў Салігорску (будынак належыць ДУПП «ЖКГ «Комплекс»).  14 лютага яму прад’явілі новае абвінавачанне, згодна якому яго вінавацяць у салігорскім нападзе і нападзе на прафсаюзы па ч.3 арт.218 і па ч.2 арт.339 КК РБ, а таксама ў акцыі пад Генштабам па ч.2 арт.339 КК РБ. Матэрыяльная шкода гэтых дзеянняў ацэньваецца ў 1 900 000 бел.руб. Маладзёну пагражае да 12 год зняволення. У дадзены момант ён чакае суда ў СІЗА на Валадарскага. Ня гледзячы на праблемы са здароўем - мае адну нырку - ня быў вызвалены да суда. Варта адзначыць, што пад час следства яго адвакат Павал Сапелка быў пазбаўлены ліцэнзіі за актыўную абарону палітычных вязняў пасля падзеяў 19 снежня 2010году.
Яўген Сілівончык, музыка салігорскага панк-гурта Jurgenklinsman, пад ціскам следства прызнаўся ва ўдзеле ў нападзе на апорны пункт і пагадзіўся на супрацоўніцтва  з праваахоўнымі органамі ў гэтай справе. На дадзены момант знаходзіцца на волі, але ж, як і астатнім фігурантам, яму пагражае да 12 год зняволення па ч.3 арт.218 і па ч.2 арт.339 КК РБ.
Салігарчанін Дзьмітры Дубоўскі, прыяцель Яўгена Сілівончыка, абвінавчваецца ў нападзе на апорны пункт міліцыі па тых жа артыкулах Крымінальнага кодэксу толькі завочна. Яшчэ ў верасні маладзён кінуў працу і вучобу і пакінуў межы краіны. Па інфармацыі некаторых інтэрнэт рэсурсаў, Дзьмітры быў ледзь не ідэйным натхняльнікам усіх падпалаў у Беларусі ў апошнія гады.
Ня гледзячы на вялікі рэзананс дадзенай справы, пытанняў у ёй усё яшчэ больш чым адказаў. Найперш гэта звязана з самой сутнасцю анархістскага руху, які традыцыйна заставаўся паза межамі звыклай мадэлі “апазіцыя супраць уладаў”. Ананімнасць і больш чым спрэчныя метады палітычнай барацьбы выявіліся ў адсутнасці сістэмы прававой абароны сваіх актывістаў. Але найбольшыя пытанні выклікаюць паводзіны ўладаў. Ад пачатку палітычны працэс следства расцягнула больш чым на паўгады і ў рэшце пераўтварыла ў звычайнае хуліганства.
Суд над усімі ўдзельнікамі працэсу па “справе анархістаў” з 7 эпізодаў будзе праходзіць 18 траўня ў судзе Заводзкага раёну гораду Мінска.

 

“Правабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства