viasna on patreon

Мінінфармацыі ініцыявала закрыццё газет «Наша Ніва» і «Народная воля»

2011 2011-04-27T15:00:47+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Міністэрства інфармацыі падало зыскавыя заявы ў Вышэйшы гаспадарчы суд аб спыненні выпуску газет «Наша Ніва» і «Народная воля».

Гэтае паведамленне распаўсюдзіла 27 красавіка агенцтва БелТА са спасылкай на Міністэрства інфармацыі.

Заявы пададзеныя 25 красавіка. «Дадзенае рашэнне прынята ў адпаведнасці з падпунктам 2.2. пункта 2 арт. 51 закона „Аб СМІ“ ў сувязі з вынясеннем рэдакцыям згаданых выданняў на працягу года двух і больш пісьмовых папярэджанняў».

У канцылярыі Вышэйшага Гаспадарчага суда прэс-службе ГА «БАЖ» паведамілі, што рашэнне пра ўзбуджэнне вытворчасці па справе прымаецца на працягу 10 дзён.

Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Скурко так пракаментаваў навіну ў гутарцы з «Еўрарадыё»: «Я думаю, што газета будзе выходзіць далей. Думаю, што не дойдзе да брутальнага закрыцця двух буйнейшых незалежных газет. Бо гэта для ўладных структур кантролю за полем СМІ — гэта шлях у нікуды».

Галоўны рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч таксама быў лаканічны, але ўпэўнены. «Падпольна, не падпольна, але газета будзе выдавацца. Пакуль мы жывыя, „Народная воля“ будзе выходзіць…», - заявіў ён прэс-службе БАЖ.

Каментар намесніка старшыні БАЖ Андрэя Аляксандрава: «Хваля жорсткіх рэпрэсій супраць незалежных журналістаў і СМІ ў Беларусі не толькі не спыняецца — яна пераходзіць у новую фазу. Гэта выглядае на пачатак зачысткі інфармацыйнай прасторы, на якую ўлады намякалі раней і якую рыхтавалі загадзя, „абклаўшы“ гэтыя два выданні стосам папярэджанняў.

Мы рашуча пратэстуем супраць карных захадаў з боку Міністэрства інфармацыі. Выказваем сваю салідарнасць і падтрымку нашым калегам з „Народнай волі“ і „Нашай Нівы“. Мы разам зробім усё магчымае, каб Беларусь не страціла гэтыя свабодныя галасы, якія шмат у чым з’яўляюцца знакавымі для ўсёй нацыі. Але баюся, што адстаяць выданні будзе немагчыма без моцнай падтрымкі з боку грамадства, якая зараз вельмі патрэбная.

Адметна, что цяпершаняя спроба закрыць два незалежныя выданні адбываецца на фоне негатыўных працэсаў у эканоміцы, палітычных працэсаў супраць апанентаў рэжыму, на фоне расследавання гучнай справы аб тэракце ў сталічным метро. Таму ўлады так намагаюцца задушыць свабоду слова ў краіне — бо палітыка татальнага кантролю над грамадскай думкай фактычна з’яўляецца асновай цяперашняга рэжыму ў краіне.»

Скурко: «Брэнд „Нашай Нівы“ старэйшы за брэнд Міністэрства інфармацыі»

Иски Мининформа — политический заказ

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства