У аб’яднання баранавіцкіх украінцаў адабралі юрыдычны адрас
Старшыня аргкамітэту па стварэнні Баранавіцкага грамадскага аб’яднання “Кабзар” Мікалай Чарнавус(на фота) атрымаў 8 красавіка ліст ад Камунальнага ўнітарнага рамонтна-эксплуатацыйнага прадпрыемства “ЖРЭУ г. Баранавічы” за подпісам М.М.Капыткіна. У лісце паведамляецца, што ЖРЭУ, у сувязі з вытворчай неабходнасцю, адклікае гарантыйны ліст ад 21.03.2011 года аб прадастаўленні Баранавіцкаму грамадскаму аб’яднанню “Кабзар” памяшкання для офіса ў пяць квадратных метраў па вул. Савецкая д.60. Раней мы паведамлялі, што Мікалай Чарнавус сабраў усе неабходныя дакументы і 4 красавіка падаў у абласное ўпраўлення юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама для рэгістрацыі ГА “Кабзар”. Цяпер, па словах Чарнавуса, для абласнога ўпраўлення юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама з’явілася прычына для адмовы ў рэгістрацыі ў Баранавічах украінскай дыяспары.
Такім чынам, спроба ў Баранавічах зарэгістраваць грамадскае аб’яднанне этнічных ўкраінцаў заканчваецца безвынікова.
У гэтых умовах Мікалай Чарнавус звярнуўся з лістом да амбасадара Украіны і кіраўнікоў украінскіх гарадоў Чэркасаў, Новавалынска, Палтавы (гарады-пабрацімы Баранавічаў). Копію гэтага звароту грамадскі актывіст накіраваў Аляксандру Лукашэнку. Мікай Чарнавус ад імя баранавіцкай украінскай дыяспары «Кабзар» просіць гарады-пабрацімы не браць удзел у святкаванні “Баранавіцкай вясны”, якая будзе праходзіць 27-29 траўня 2011 года. Мікалай Чарнавус таксама плануе падаць заяўку на пікет.
“Праваабарончая хроніка”