Баранавіцкія ўкраінцы спрабуюць зарэгістраваць грамадскае аб’яднанне
4 красавіка Баранавіцкі актывіст Мікалай Чарнавус падаў неабходныя дакументы ва ўпраўленне юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама (ужо трэці раз, выканаўшы вылучаныя падчас папярэдніх сустрэч патрабаванні аб унясенні правак) на рэгістрацыю Баранавіцкага грамадскага аб’яднання “Кабзар”. У склад заснавальнікаў аб’яднання ўваходзяць грамадзяне Беларусі ўкраінскага паходжання: у Баранавічах пражывае 168 тысяч чалавек, з якіх тысяча дзвесце дзесяць -- украінцы. У горадзе існуюць усяго дзве дыяспары: польская і яўрэйская, таму “Кабзар” ставіць за мэту аб’яднаць і баранавіцкіх украінцаў.
Па словах Мікалая Чарнавуса, напрыклад, ва ўкраінскім горадзе Мелітопаль пражывае 147 тысяч чалавек, а дзейнічаюць 19 дыяспар. Арэнда памяшкання для такіх грамадскіх аб’яднанняў складае там ўсяго 700 беларускіх рублёў (0,3 $)за 30 квадратных метраў. У Баранавічах улады выдзелілі для грамадскага аб’яднання “Кабзар” памяшканне плошчай пяць квадратных метраў, а арэндная плата складае 70 тысяч рублёў (33 $) у месяц.
Ініцыятыва Мікалая Чарнавуса – гэта першая спроба ў Баранавічах зарэгістраваць грамадскае аб’яднанне пасля падзей 19 снежня 2010 года.
“Праваабарончая хроніка”