Суд над Дашкевічам і Лобавым перанесены
Сёння з’явілася інфармацыя пра тое, што разгляд крымінальнай справы Зміцера Дашкевіча і Эдуарда Лобава ў судзе Маскоўскага раёна Менска перанесены на аўторак 22 сакавіка. Суд пачнецца а 14-ай гадзіне. У гэты ж дзень а 10-ай раніцы ў судзе Партызанскага раёна пачнецца суд над фігурантам справы аб масавых беспарадках Мікітам Ліхавідам.
Справу старшыні «Маладога фронту» Зміцерам Дашкевіча і яго намесніка Эдуарда Лобава будзе разглядаць суддзя Алена Шылько. Першапачаткова суд над маладафронтаўцамі, якіх вінавацяць у асабліва злосным хуліганстве (ч.3 арт.339 Крымінальнага кодэксу) быў прызначаны на 21 сакавіка.
Паводле версіі следства, Дашкевіч, Лазар і Лобаў 18 снежня 2010 года з хуліганскіх памкненняў беспадстаўна і наўмысна, кулакамі і металічным абцугамі збілі двух грамадзян. Дзяніс Лазар зранку 28 снежня быў адпушчаны на волю і ўсе падазрэнні з яго былі знятыя, справа ў адносінах да яго спынена. Абвінавачанне Зміцеру Дашкевічу і Эдуарду Лобаву было прад’яўлена 6 студзеня. Падчас следства яны ўтрымліваліся ў Жодзінскім следчым ізалятары. 2 сакавіка іх перавялі у менскае СІЗА №1 па вул. Валадарскага.
Ім можа пагражаць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў.