На свабоду выйшаў Мікалай Разумаў з Оршы

2011 2011-02-04T09:45:03+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Падчас выбарчай кампаніі ўвага назіральнікаў і журналістаў у большай ступені была сканцэнтравана на пікетах па зборы подпісаў за таго ці іншага патэнцыяльнага кандыдата, потым -- на сустрэчах кандыдатаў з выбаршчыкамі, на парушэннях падчас датэрміновага галасавання, заявах ЦВК і г.д. Тады, 9 лістапада, мала хто звярнуў увагу на затрыманне Мікалая Разумава ў Оршы, былога рабочага-актывіста, які на пачатку 90-х арганізаваў адну з першых забастовак, падчас якой рабочыя перакрылі рух цягнікоў у раёне Оршы.

Прозвішча гэтага чалавека зноў прагучала ў СМІ ў 2006 годзе, калі яго абвінавацілі ў абразе прэзідэнта. Віна Мікалая Разумава палягала ў тым, што ён падчас сустрэчы кандыдата на пасаду прэзідэнта Аляксандра Мілінкевіча з выбаршчыкамі расказаў, хто, на яго думку, датычны да знікнення лідараў беларускай апазіцыі Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара.

Да суда Мікалая накіравалі на абследаванне ў Рэспубліканскі псіхіятрычны шпіталь “Навінкі”. Праз 21 дзень прызналі псіхічна здаровым і са шпіталя адвезлі ў ізалятар.

16 чэрвеня суд пакараў Разумава абмежаваннем волі на тры гады. Але накіроўваць на  “хімію” яго не спяшаліся. Прайшло больш за чатыры гады, калі ўлады раптам успомнілі пра актывіста.

9 лістапада на кватэру Мікалая прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і прапанавалі яму прайсці разам з імі. Сапраўды, пакаранне непазбежна... Чалавека накіроўваюць адбываць пакаранне праз чатыры гады.

Мікалай Разумаў прабыў на хіміі да 1 лютага. На пытанне: чаму раптам затрымалі і чаму раптам адпусцілі, адказаў наступнае:

-- 1 лютага сказалі мне, што скончыўся тэрмін даўніны... Чаму ўвогуле пасадзілі? Узялі і пасадзілі, а потым узялі і адпусцілі. Вось так. Мяне, дарэчы, тады ў следчым ізалятары трымалі незаконна. Я маю інваліднасць, а мяне там трымалі ўсё роўна. Можна чалавеку, які фактычна без страўніка, знаходзіцца ў камеры? Да таго ж я асабіста прэзідэнта не абражаў. У абвінаваўчым заключэнні таксама не было ні разу слова “прэзідэнт”, і пракурор ніводнага разу не сказаў услых “прэзідэнт”. Мяне і пакаралі невядома за што.

У сям’і Мікалая чацвёра дзяцей. Старэйшаму 17 гадоў, а малодшаму -- 4 месяцы. Мікалай беспрацоўны. Жонка Ірына атрымлівае дапамогу па доглядзе за малодшым дзіцем.

Людзі, якія памятаюць Мікалая, наладзілі збор сродкаў для яго сям’і. Сам былы актывіст кажа: “А я ўвесь час жыву на ахвяраванні. Мы не змаглі б інакш пражыць”.

Застаецца пытанне: навошта было чалавека, які даўно актыўна не займаўся палітыкай, не быў задзейнічаны ў выбарчай кампаніі, забіраць за месяц да галасавання і накіроўваць на “хімію”? Калі скончыўся тэрмін даўніны, то чаму яго не адпусцілі адразу ці хаця б праз месяц?

Сам Мікалай Разумаў адказаў на гэтыя пытанні так: “Спецслужбы занадта літаральна ўспрымаюць усе загады, вось і перастараліся”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international