Падчас выбарчай кампаніі крымінальныя справы па палітычных матывах узбуджаныя супраць 19 грамадска-палітычных актывістаў. Адзін з іх асуджаны на 5 месяцаў арышту, сямёра знаходзяцца ў СІЗА пад вартай да разгляду справы ў судзе

2006 2006-03-13T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Маніторынг

Крымінальны перасьлед грамадзянаў Беларусі па палітычных матывах падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2006 г.

Дадзены маніторынг утрымлівае інфармацыю аб крымінальных справах, узбуджаных у Беларусі па палітычных матывах ў перыяд правядзеньня прэзыдэнцкай выбрачай кампаніі.

Для выбарчай кампаніі 2006 г. характэрна рэзкае павялічэньне колькасьці крымінальных справаў супраць актывістаў грамадзянскай супольнасьці, актывістаў апазыцыйных палітычных партыяў.
Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь былі абвешчаныя паводле Пастановы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 16 сьнежня 2005 г. Напярэдадні, 15 сьнежня, тая ж самая Палата прадстаўнікоў амаль адзінагалосна прыняла Закон Рэспублікі Беларусь "Аб унясеньні дадаткаў і зьменаў у некаторыя заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь па пытаньнях узмацненьня адказнасьці за дзеяньні, скіраваныя супраць чалавека і грамадзкай бясьпекі". Згодна з дадзеным Законам, у дзеючы Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь быў унесены шэраг палітычных артыкулаў, сярод якіх: арт. 193 (арганізацыя альбо кіраўніцтва дзейнасьцю грамадзкім аб’яднаньнем, рэлігійнай арганізацыяй, якая пасягае на асобу, правы і абавязкі грамадзянаў), арт. 193.1 (незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фонда альбо ўдзел у іх дзейнасьці), арт. 369.1 (дэскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).
Дадзеныя зьмены ўступілі ў дзеяньне з 1 студзеня 2006 г. Ужо праз месяц была распачатая першая крымінальная справа па адным з дадзеных артыкулаў. Увядзеньне ў дзеяньне дадзеных артыкулаў выклікае найбольшую занепакоенасьць з боку праваабарончых арганізацыяў Беларусі. Дадзеныя артыкулы парушаюць фундаментальныя грамадзянскія правы чалавека - права на свабоду асацыяцыяў, свабоду слова, свабоду меркаваньняў і перакананьняў, супярэчаць асноўным міжнародным актам у галіне правоў чалавека, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь і прынятых ААН - Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека і Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Трэба адзначыць, што ўлады актыўна выкарыстоўвалі і іншыя артыкулы Крымінальнага кодэксу ў палітычных мэтах. Асабліва гэта датычылася актывістаў моладзевых рухаў. Вельмі часта напісаньне палітычных графіці на будынках кваліфікавалася як хуліганства ці злоснае хуліганства. Такім чынам улады, па-першае, атрымлівалі магчымасьць кваліфікаваць дзеяньні апазіцыйных актывістаў па больш жорсткіх артыкулах КК і ўтрымліваць абвінавачаных пад вартай да суда, а па-другое, прадставіць актывістаў апазіцыі ў вачах грамадзкасьці не палітычнымі вязьнямі, а дробнымі крымінальнікамі, не маючымі нічога агульнага з палітычнай дзейнасьцю.
Павялічэньне палітычна-матываваных крымінальных справаў сьведчыць аб узмацненьні палітычнах рэпрэсій у краіне напярэдадні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

На дадзены момант, пачынаючы са сьнежня мінулага году, крымінальныя справы па палітычных матывах узбуджаныя супраць 19 грамадска-палітычных актывістаў. Адзін з іх асуджаны на 5 месяцаў арышту, сямёра знаходзяцца ў СІЗА пад вартай да разгляду справы ў судзе.

1. Крымінальная справа супраць Аляксандра Казакова і Зьміцера Зубро
Актывістаў руху "Зубр" Аляксандра Казакова і Зьміцера Зубро затрымалі ўноч на 28 сьнежня 2005 года за палітычныя графіці (лічба 16, якая заклікае да ўдзелу ў Дні салідарнасьці з палітзньняволенымі). Маладыя людзі правялі больш за двое сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня і былі адпушчаныя пад падпіску аб нявыезьдзе. Ім прад’яўленае абвінавачаньне па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага Кодэкса (супраціў супрацоўніку міліцыі). Дадзены артыкул прадугледжвае пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі на тэрмін да пяці гадоў альбо пазбаўленьне волі на той жа тэрмін.
На дадзены момант справа знаходзіцца ў судзе Цэнтральнага р-на г. Мінска і па ёй пачалося судовае разьбіральніцтва.
2. Крымінальная справа супраць Паўла Красоўскага
У горадзе Жодзіна па арт. 369 Крымінальнага Кодэкса (публічная абраза службовых асобаў) ўзбуджаная крымінальная справа ў адносінах Паўла Красоўскага - актывіста моладзевага дэмакратычнага руху, сябра ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча. Справа ўзбуджаная за тое, што ў бюлетэні "Назіральнік" былі надрукаваныя сатырычныя карыкатуры на кіраўніцтва горада. Дадзеныя карыкатуры былі знойдзеныя падчас вобыску, які быў праведзены ў кватэры Паўла Красоўскага ў сьнежні 2005 г.
На дадзены момант П. Красоўскі праходзіць па справе ў якасьці падазраванага і афіцыйнага абвінавачваньня яму не прад’яўлялася.
Арт. 369 КК РБ прадугледжвае пакараньне ў выглядзе грамадзкіх працаў, штрафа, ці папраўчымі работамі тэрмінам да двух гадоў, ці арыштам тэрмінам да шасьці месяцаў, ці абмежаваньнем волі тэрмінам да трох год.
3. Крымінальная справа супраць Зьміцера Касьпяровіча
Крымінальная справа ўзбуджаная супраць актывіста Партыі БНФ Зьміцера Касьпяровіча, затрыманага ўноч з 17 на 18 студзеня 2006 г. па падозраньню ў абразе дзяржаўных сімвалаў. Па словах З.Касьпяровіча ён сапраўды залез на будынак Мінгарвыканкаму і спрабаваў зьняць афіцыйны сьцяг, бо лічыць яго сталінскім. Адказнасьць за абразу дзяржаўных сімвалаў па арт. 370 КК РБ не прадугледжвае пазбаўленьне волі (максімальнае пакараньне 1 год абмежаваньня волі), і па дадзеным артыкуле нельга ўтрымліваць пад вартай у СІЗА да суда. Але абвінавачваньне З. Касьпяровічу было прад’яўленае па ч. 1 арт. 339 КК (хуліганства), і пакараньне, прадугледжанае па гэтым артыкуле - 3 гады пазбаўленьня волі. Мерай стрыманьня пракуратура абрала ўтрыманьне пад вартай, да суда Зьміцер Касьпяровіч знаходзіўся ў СІЗА г. Мінска.
27 лютага суд Маскоўскага раёну Мінску вынес рашэньне па справе Зьмітра Касьпяровіча - арышт тэрмінам пяць месяцаў. Актывіст не пагадзіўся з абвінавачваньнем і заявіў, што гатовы адказваць за зьнявагу дзяржаўнага сьцягу, але не за хуліганства. Ён патлумачыў, што атрымаў нармальнае выхаваньне і ніколі ня быў хуліганам.

На судзе прысутнічаў лідэр БНФ Вінцук Вячорка. Ён назваў справу супраць Зьмітра Касьпяровіча прыкладам двайных стандартаў у беларускай судовай практыцы. Ён згадаў, як у 1995 годзе Іван Ціцянкоў абышоўся з дзяржаўным бел-чырвона-белым сьцягам: "Думаю, што рэакцыя ўладаў была несувымерная праступку, калі такі быў. Але важнейшае тое, што не павінна быць у краіне двайных стандартаў. Я маю на ўвазе, што, калі ў парадку рэчаў нацыянальны і дзяржаўны з 1991 да 1995 году сьцяг камусьці было дазволена на вачах усёй краіны рваць, зларадна ставячы свае подпісы, і пры гэтым быць беспакараным, то чаго хацець ад іншых людзей, якія не пераносяць гэтай штучнай дзяржаўнай сімволікі".

Прысуд па справе З. Касьпяровіча быў абскарджаны адвакатам у касацыйным парадку ў судовай калегіі па крымінальных справах Мінскага гарадзкога суда.
4. Крымінальная справа супраць Артура Фінкевіча
Крымінальная справа была ўзбуджаная ў адносінах актывіста арганізацыі "Малады Фронт" Артура Фінкевіча, затрыманага ноччу 30 студзеня ў Мінску за напісаньне палітычных графіці. Па дадзеным факце была ўзбуджаная крымінальная справа па ч.2 арт. 339 КК РБ (злоснае хуліганства), і абвінавачваньне А. Фінкевічу было прад’яўленае менавіта па гэтым артыкуле. Цяпер яму пагражае да 6 гадоў пазбаўленьня волі.
На дадзены момант Артур Фінкевіч знаходзіцца ў СІЗА. Асаблівую занепакоенасьць выклікае тое, што сьледчыя органы наўмысна кваліфікуюць напісаньне палітычных графіці выключна як хуліганства ці злоснае хуліганства. Гэта кваліфікацыя дазваляе пазбаўляць моладзевых актывістаў волі і зьмяшчаць у СІЗА.
5. Крымінальная справа Уладзіміра Хоміча і Максіма Кокарава

2 сакавіка стала вядома, што ў Нясьвіжы за графіці "Мы хочам новага!" і "Достал!" мясцовы РАУС узбудзіў крымінальную справу ў дачыненьні да Уладзіміра Хоміча і Максіма Кокарава - дзвух актывістаў незарэгістраванага "Маладога Фронту".
Справа ўзбуджаная па арт. 341 КК РБ (апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці), дадзены артыкул прадугледжвае пакараньне ў выглядзе грамадзкіх працаў, штрафу ці арышту тэрмінам да трох месяцаў.
Справа знаходзіцца на этапе папярэдняга сьледства. Моладзевыя актывісты знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе.

6. Крымінальная справа Сяргея Ляшкевіча

2 сакавіка ў Шчучыне адбыліся ператрусы ў кватэрах Васіля Бязьмена і мясцовых кіраўнікоў выбарчага Штаба кандыдата ў Прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча. У абодвух пасьля вышуку былі забраныя кампутарныя носьбіты інфармацыі, а таксама некаторыя друкаваныя выданьні, паперы з асабістага архіву. Сяргей Ляшкевіч быў затрыманы і некалькі дзён знаходзіўся ў Шчучынскім сьледчым ізалятары. Паводле словаў Ірыны Ляшкевіч, ягонай маці, ёй паведамілі, што сына затрымалі на 72 гадзіны. Па папярэдняй інфармацыі Сяргей Ляшкевіч падазраецца ў падрыхтоўцы арганізацыі групавых дзеяньняў, груба парушаючых грамадзкі парадак. На яго заведзеная крымінальная справа па ч. 3 арт. 293 КК РБ (масавыя беспарадкі). Але якія канкрэтна дзеяньні С.Ляшкевіча падлягаюць пад такое абвінавачаньне, у міліцыі не паведамляюць. Нагадаем, што паводле нядаўніх дапаўненьняў у Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь - частка 3 артыкула 293 КК РБ (навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, а роўна фінансаваньне ці іншае матэрыяльнае забесьпячэньне такой дзейнасьці) прадугледжвае пакараньне арыштам на тэрмін да 6-ці месяцаў альбо нават пазбаўленьне волі на тэрмін да 3-х гадоў.

7. Крымінальныя справы супраць Аляксандра Казуліна - кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.
Яны названыя ў адмысловым звароце Генеральнай пракуратуры. Адна справа распачатая ў сувязі з інцыдэнтам 17 лютага, у дзень рэгістрацыі кандыдатаў на Прэзідэнта. Тады Аляксандар Казулін разам са сваімі прыхільнікамі прарваўся ў будынак Нацыянальнага прэсавага цэнтру, дзе была прызначаная ягоная прэсавая канфэрэнцыя. "Казулін і асобы, якія суправаджалі яго, абразілі і ўжылі фізычны гвалт адносна супрацоўнікаў аховы канцэртнай залі "Менск" і супрацоўніка міліцыі", - гаворыцца ў звароце пракуратуры.

1 сакавіка паводле гэтага факту распачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 339 КК РБ (злоснае хуліганства), у якой Аляксандар Казулін праходзіць у якасьці падазраванага. Максімальная санкцыя па дадзенай частцы арт. 339 КК - пазбаўленьне волі тэрмінам да 6 гадоў.

Другая справа распачатая у сувязі з паводзінамі Аляксандра Казуліна ў пастарунку пасьля зьбіцьця і затрыманьня 2 сакавіка, калі ён з групай прыхільнікаў спрабаваў прайсьці на Ўсебеларускі народны сход. Паведамлялася, што ў пастарунку ён разьбіў партрэт Кіраўніка (менавіта з вялікай літары) дзяржавы. За паводзіны ў пастарунку супраць кандыдата ў Прэзідэнты заведзеная крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 339 КК РБ (хуліганства), максімальная санкцыя - тры гады пазбаўленьня волі.
На дадзеныя момант крымінальныя справы знаходзяцца на этапе папярэдняга сьледства і афіцыйнага абвінавачваньня па ім яшчэ не прад’яўлялася.
Варта нагадаць, што 2 сакавіка пры спробе зарэгістравацца ў якасьці дэлегату г.зв. "усебеларускага з’езду", які быў скліканы А. Лукашэнкам, кандыдат у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь быў жорстка зьбіты прадстаўнікамі сьпецслужбаў і асабіста камандзірам СОБР палкоўнікам Д. Паўлічэнкам. Пасьля зьбіцьця Аляксандар Казулін быў затрыманы і дастаўлены ў РУУС Кастрычніцкага р-на сталіцы. Па машыне ягоных сяброў, якая ехала за ім, быў адкрыты агонь з агнястрэльнай зброі. Каля Кастрычніцкага РУУС асобы ў цывільным учынілі напад на актывістаў штабу А. Казуліна і прысутных журналістаў. Дзесяткі асобаў атрымалі цялесныя пашкоджаньні, карэспандэнт газеты "Комсомольская правда в Беларуси" Алег Улевіч знаходзіцца ў шпіталі.

8. Крымінальная справа супраць Цімафея Дранчука, Аляксандра Шалайкі, Міколы Астрэйкі, Эніры Браніцкай.
2 сакавіка Цімафею Дранчуку, Міколу Астрэйку, Эніры Браніцкай і Аляксандру Шалайку прад'яўлена афіцыйнае абвінавачваньне па арт. 193. ч.2 (арганізацыя альбо кіраўніцтва дзейнасьцю грамадзкім аб’яднаньнем, рэлігійнай арганізацыяй, якая пасягае на асобу, правы і абавязкі грамадзянаў).
22 лютага сяброў "Партнёрства" затрымалі па падозраньню ў кіраваньні арганізацыяй, якая парушае правы грамадзянаў. Супрацоўнікі КДБ зрабілі ператрусы ў кватэрах актывістаў і забралі ўсе носьбіты інфармацыі. Пазней кіраўнік КДБ назваў іх каардынатарамі правакацыяў, якія нібыта зьбіраліся рабіць апазіцыянеры падчас правядзеньня вулічных акцый 19 сакавіка.
1 сакавіка старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка заявіў на прэсавай канфэрэнцыі, што апазіцыя запланавала шэраг правакацыяў на дзень выбараў. Паводле яго, у часе апазіцыйнага мітынгу запланаваныя некалькі выбухаў, Сухарэнка заявіў: "Зьяўленьне крыві і ахвяраў разьвязвае рукі арганізатарам акцыі пратэсту, пасьля чаго пачынаецца захоп будынкаў органаў улады, вакзалаў, перагароджваюцца чыгуначныя каляіны з мэтай поўнага спыненьня функцыянаваньня краіны". Каардынаваць такія дзеяньні, паводле кіраўніка КДБ, меліся арыштаваныя сябры арганізацыі "Партнёрства". Акрамя таго незарэгістраваная арганізацыя нібыта падрыхтавала фальшывыя пратаколы "экзіт-полаў", паводле якіх перамогу на выбарах атрымаў апазіцыйны кандыдат на Прэзідэнта Аляксандар Мілінкевіч.
Усе чацьвёра актывістаў "Партнёрства" на дадзены момант знаходзяцца ў СІЗА КДБ у Мінску.
9. Крымінальная справа супраць Яўгена Суворава
Супраць Яўгена Суворава заведзеная крымінальная справа па арт. 435 ч.1 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад мерапрыемстваў, зьвязаных з усеагульным вайсковым абавязкам). Актывісты магілёўскага "Зубра" ўпэўненыя, што гэта толькі повад для заключэньня актыўнага маладога чалавека пад варту. Гэта пацьвярджаецца і тым, што па заключэньні прызыўной камісіі, Яўген Сувораў быў прызнаны непрыдатным да праходжаньня страявой вайсковай службы ў мірны час з-за праблемаў са зрокам. Хлопец ніколі не хаваўся ад уладаў, зьяўляўся па павестцы ў ваенкамат. За ўдзел у вулічных акцыях і распаўсюд друкаваных матэрыялаў яго неаднаразова затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі, але і яны ня мелі ніякіх да яго прэтэнзіяў на гэты конт.

Яўген Сувораў быў затрыманы міліцыяй 14 лютага 2006 году ў Магілёве за вывешваньне расьцяжкі з заклікам узяць удзел у Дні беларускай салідарнасьці, які праводзіцца ў Беларусі і за яе межамі 16-га чысла кожнага месяца. Ён быў абвінавачаны ў парушэньні арт. 156 Адміністратыўнага кодэксу (дробнае хуліганства), аднак затрыманьне было выкарыстанае толькі як нагода для ўтрыманьня маладога чалавека пад вартай. Адміністратыўны пратакол пры гэтым нават не разглядаўся.

Зараз Яўген Сувораў знаходзіцца ў Магілёўскім СІЗА.

10. Крымінальная справа супраць Анастасіі Азарка

Крымінальная справа была ўзбуджаная УУС Мінаблвыканкама 5 сакавіка 2006 па арт. 193.1 КК РБ (незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фонда альбо ўдзел у іх дзейнасьці). Яе падазраюць у тым, што яна дзейнічала ад імя незарэгістраванай арганізацыі "Малады Фронт", прымала ўдзел у распаўсюдзе друкаваных матэрыялаў з "заклікамі да барадзьбы з існуючым грамадзкім ладам і ўладай".

Дадзены артыкул КК прадугледжвае аршыт да 6 месяцаў ці пазбаўленьне волі тэрмінам да 2 гадоў.

Справа знаходзіцца на этапе папярэдняга сьледства і афіцыйнага абвінавачваньня пакуль А. Азарка не прад’яўлялася.

11. Крымінальная справа супраць Юрыя Радзівіла

Юры Радзівіл, кіроўца кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандра Казуліна, быў затрыманы асобамі ў цывільным 2 сакавіка 2006 г. Перад гэтым ягоная машына была абстраляная з пісталета "асобамі ў цывільным". Юрыя Радзівіла падазраюць у супраціве супрацоўнікам міліцыі і ў гвалце ў адносінах да іх. Справа ўзбуджаная па ч.2 арт. 363 КК РБ (супраціў супрацоўніку міліцыі ці іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак).

На дадзены момант Ю. Радзівіл знаходзіцца ў СІЗА г. Мінска.

Праваабаронцы Беларусі лічаць, што такім чынам улады хочуць апраўдаць незаконныя дзеяньні прадстаўнікоў сілавых ведамстваў, якія ўжылі агнястрэльную зброю ў адносінах да Юрыя Радзівіла.

12. Крымінальная справа супраць Івана Крука.

Іван Крук - актывіст АГП і зьяўляецца кіраўніком раённага штабу кандыдата ў Прэзідэнты РБ Аляксандра Мілінкевіча. Крымінальная справа супраць яго была ўзбуджаная 3 лютага 2006 г. сьледчым пракуратуры Астравецкага р-на. Паводле яе Іван Крук абвінавачваецца ў гвалтоўных дзеяньнях ў дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі - ч. 2 арт. 363 КК (супраціў супрацоўніку міліцыі ці іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак). Згодна афіцыйнага абвінавачваньня, Іван Крук падчас вобыску ў ягонай кватэры ўжыў сілу супраць міліцыянтаў. Вобыск праводзіўся без законых падставаў, супрацоўнікаў міліцыі найперш цікавілі друкаваныя матэрыялы і носьбіты інфрамацыі. Калі яны пачалі сканфіскоўваць кампутар Івана Крука, ён разьбіў яго аб падлогу.

На дадзены момант справа знаходзіцца на этапе папярэдняга сьледства.

13. Крымінальная справа супраць старшыні Беларускага Хельсінскага Камітэта Таццяна Процька.

1 сакавіка 2006 г. Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю аднавіў крымінальную справу аб ухіленьні ад падаткаў Беларускім Хэльсынскім камітэтам. Пра гэта паведаміў сьледчы Аляксандар Залеўскі. Падазраванай у справе ёсьць старшыня БХК Тацяна Процька, якая, паводле падатковай інспэкцыі, падазраецца ў тым, нібыта не сплаціла каля 70 тысяч даляраў падаткаў. Справа ўзбуджаная па ч. 2 арт. 243 КК РБ (ухіленьне ад уплаты сумаў падаткаў, збораў).
Паводле Крымінальнага кодэксу, такое злачынства караецца зьняволеньнем ад 2 да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.
Больш за год таму падатковая інспэкцыя вырашыла, што БХК мусіць сплаціць падаткі за грашовую дапамогу, атрыманую паводле праграмаў ТАСІS Эўразьвязу. Гэтая дапамога аказвалася Беларусі пры ўмове, што ня будзе абкладацца падаткамі. Вышэйшы гаспадарчы суд спачатку стаў на бок праваабаронцаў, але напачатку году адмяніў сваё рашэньне. Праваабаронцы мяркуюць, што іх перасьледуюць з палітычных прычынаў, у тым ліку і за спробы наладзіць незалежнае назіраньне за выбарамі.

14. Крымінальная справа супраць Андрэя Панасіка.

Крымінальная справа супраць Андрэя Панасіка, грамадскага актывіста з г. Масты Гродзенскай вобласьці была ўзбуджаная 11 сакавіка 2006 г. па арт. 193.1 КК РБ (незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фонда альбо ўдзел у іх дзейнасьці). Яго падазраюць у дачыненьні да незарэгістраванай грамадзянскай ініцыятывы "Партнэрства".

Дадзены артыкул КК прадугледжвае аршыт да 6 месяцаў ці пазбаўленьне волі тэрмінам да 2 гадоў.

Справа знаходзіцца на этапе папярэдняга сьледства і афіцыйнага абвінавачваньня пакуль А. Панасіку не прад’яўлялася.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international