viasna on patreon

Гомельскія судзьдзі выправілі “памылку” старшыні Вярхоўнага суду

2009 2009-07-23T13:34:37+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

22 ліпеня Гомельскі абласны суд адхіліў касацыйныя скаргі пяці дэмакратычных актывістаў, пакараных 25 чэрвеня штрафамі й арыштам за акцыю памяці гвалтоўна зьніклага генэрала Захаранкі.

Апэляцыі Пётры Кузьняцова, Юрася Захаранкі, Уладзімера Кацоры, Васіля Палякова й Анатоля Паплаўнага судзьдзя абласнога суду Дзімітры Ўлога разглядаў без прысутнасьці заяўнікаў. Ніхто зь іх у суд не прыйшоў — з тае прычыны, што ён ня стаў разглядаць касацыйныя скаргі апэратыўна, у той час, калі пакараныя трымалі галадоўку.

Апавядае рэгіянальны кіраўнік руху “За свабоду” Ўладзімер Кацора, які на знак пратэсту за пакараньне арыштам пяць дзён трымаў сухую галадоўку:

“Цалкам было зразумела, якое рашэньне будзе вынесена. І таму ня мела сэнсу хадзіць на гэты так званы суд. Думаю, што галадоўка была ня марнай. Яна ў Гомелі вылілася ў шырокую палітычную акцыю. Гэта была супольная праца ўсіх дэмакратычных сілаў. Пра акцыю даведалася грамадзтва, улады. Мяркую, што высновы так ці іначай будуць зробленыя з усіх бакоў”.

Нагадаем, што за ланцуг памяці зьніклага генэрала Захаранкі суд Цэнтральнага раёну пакараў спадара Кацору трыма суткамі арышту, а астатніх чатырох удзельнікаў аштрафаваў на 350 тысяч рублёў кожнага.

Такім чынам гомельскія судзьдзі як бы выправілі “памылку” старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы. Той колькі гадоў таму ў аналягічнай справе апраўдаў актывіста за акцыю памяці, патлумачыўшы ў пастанове, што трыманьне ў руках партрэта зьніклага экс-міністра ня ёсьць парушэньне закону пра арганізацыю й правядзеньне масавых мерапрыемстваў.

Такой думкі прытрымліваецца пакараны штрафам каардынатар стваранага руху “Гомельскі дэмакратычны форум” Пётра Кузьняцоў:

“Улада нашымі судовымі справамі выпраўляе памылку Вярхоўнага суду, якую той зрабіў раней. У сёньняшняй сытуацыі “памылка” не дазваляла ўладзе падаўляць у поўнай ступені акцыі пратэсту. Цяперашнім рашэньнем яна стварае новыя мэханізмы, дзякуючы якім можна прыцягваць да адказнасьці грамадзкіх актывістаў. У гэтым увесь сэнс нашай справы”.

Нягледзячы на адмову абласнога суду, гомельскія актывісты наважаны аспрэчваць пакараньне за акцыю памяці зьніклага генэрала Захаранкі ў вышэйшай судовай інстанцыі.

Гаворыць старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў:

“Зараз будзе вельмі складаная сытуацыя для старшыні Вярхоўнага суду Сукалы, які павінен будзе альбо аднесьці нашую акцыю 7 траўня да масавых мерапрыемстваў і такім чынам перакрэсьліць сваё ранейшае рашэньне, альбо адмяніць пастановы Цэнтральнага суду Гомеля й абласнога суду. Калі Вярхоўны суд адхіліць нашу скаргу, мы, натуральна, будзем зьвяртацца ў Камітэт ААН па правах чалавека”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства