Алесь Бяляцкі: "Суд над Арцёмам Дубскім - ганебны палітычны працэс"

2009 2009-07-08T11:51:30+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/a_bialiatski8.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Старшыня Праваабарончага Цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі

Старшыня Праваабарончага Цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі

Праваабаронцы заяўляюць, што з арыштам актывіста "Маладога Фронта" Арцёма Дубскага ў Беларусі з'явіўся яшчэ адзін палітычны зняволены.

 

7 ліпеня суд Асіповіцкага раёна вынес пастанову пра пазбаўленне волі тэрмінам на адзін год удзельніка "Працэсу 14-ці" Арцёма Дубскага, прызнанага "Міжнароднай амністыяй" вязнем сумлення.

 

У інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі'97 кіраўнік праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі  заявіў, што ў Беларусі з'явіўся новы палітвязень.

 

"Арышт Арцёма Дубскага  абуральны, -- кажа Алесь Бяляцкі. -- Нягледзячы на патрабаванні беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацыяў спыніць рэпрэсіі супраць удзельнікаў мірных акцыяў, нягледзячы на тое, што "Міжнародная амністыя" прызнала ўдзельнікаў "Працэсу 14-ці" вязнямі сумлення і заклікала вызваліць іх ад крымінальнага пераследу, улады ўсё адно выносяць такія жорсткія прысуды. Гэта вельмі дрэнны знак. Да таго ж непасрэдна Арцём Дубскі праходзіў у некалькіх міжнародных рэзалюцыях, якія патрабавалі яго рэабілітацыі. У нас фактычна скончылася эра "палітычнай лібералізацыі". Адназначна, у Беларусі з'явіўся новы палітвязень".

 

Праваабаронца адзначае, што беларускія ўлады не ўлічваюць меркаванне міжнародных арганізацыяў і праводзяць непаслядоўную палітыку.

 

"Якім чынам беларускія ўлады будуць паляпшаць адносіны з Еўразвязам, невядома, -- заяўляе Алесь Бяляцкі. -- Палітыка павінна быць паслядоўнай. А беларускія ўлады са свайго боку, наадварот, дэманструюць яскрава выяўленую непаслядоўнасць. Як раз гэтая непаслядоўнасць і выклікае большы недавер у еўрапейцаў. Цяпер у Беларусі прайшла амністыя, і ўлады маглі б проста рэабілітаваць удзельнікаў "Працэсу 14-ці". Па нашых звестках, былі рэабілітаваныя толькі двое з іх. А ў дачыненні да Максіма Дашука і Арцёма Дубскага былі, наадварот, праведзеныя ганебныя палітычныя працэсы. І ў мінулым годзе і сёлета Дашук і Дубскі былі асуджаныя па палітычных матывах".

 

Адзначым, што непаўналетні ўдзельнік "Працэсу 14-ці" Максім Дашук 15 чэрвеня быў асуджаны на 1 год і 3 месяцы абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу нібы за парушэнне правілаў адбывання пакарання.

 

Беларускія праваабаронцы выказваюць сваю занепакоенасць тым, што ўдзельнікаў мірных акцыяў саджаюць у турмы.

 

"Асабліва страшна, што Дубскі будзе праводзіць гэты год у турме, -- кажа Алесь Бяляцкі. -- Гэта пазбаўленне волі за тое, што чалавек выражаў сваё меркаванне, удзельнічаў у мірнай вулічнай акцыі".

 

Нагадаем, што "справа 14-ці" - справа па арт. 342 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў дачыненні ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 году.

 

За ўдзел у гэтай акцыі 14 моладзевых актывістаў былі асуджаныя да розных тэрмінаў пазбаўлення і абмежавання волі. Праваабарончая арганізацыя "Міжнародная амністыя" ў 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў "Працэсу 14-ці" вязнямі сумлення.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international