Прыпынена недзяржаўная "Рэгіянальная газета"

2004 2004-09-29T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На тры месяцы прыпынена недзяржаўная беларускамоўная "Рэгіянальная газета" (Маладзечна). Адпаведны загад падпісаў 24-га верасня міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч. Тым жа днём датаваныя і два папярэджанні, вынесеныя Міністэрствам інфармацыі заснавальніку і рэдакцыі выдання. Іх звінавачваюць у парушэнні адразу некалькіх артыкулаў Закона "Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі"). Галоўны рэдактар і сузаснавальнік выдання Аляксандр Манцэвіч бачыць у дзеяннях міністэрства палітычную матывацыю і наўпрост звязвае іх з набліжэннем выбараў і рэферэндуму.
Паводле загаду міністра, рэдакцыя парушыла арт. 9 Закона аб друку, выпусціўшы накладам 9100 асобнікаў незарэгістраванае прылажэнне - газету "Тэлетыдзень" - і распаўсюдзіўшы яе разам з "Рэгіянальнай газетай" (№32 ад 6-га жніўня 2004 г.)

Рэдакцыю звінавачваюць таксама ў парушэнні арт.10 Закона аб друку: Мінінфармацыі палічыла, што газета не выконвае ўмоваў сваёй рэгістрацыі. Зарэгістраваная як "масава-палітычнае выданне", у выходных дадзеных яна называе сябе "інфармацыйна-рэкламным" і замест 7 разоў на тыдзень выходзіць толькі адзін раз. Акрамя гэтага, падкрэслівае Мінінфармацыі, газета паводле ўмоваў рэгістарцыі павінна распаўсюджвацца "ў Рэспубліцы Беларусь і краінах свету", а распаўсюджвалася толькі "ў рэгіёне" (Маладзечна, Вілейка, Смаргонь, Ашмяны, Валожын, Мядзель, Астравец, Мінск).

Тыя ж самыя прэтэнзіі міністэрства выстаўляе заснавальніку газеты: яго звінавачваюць у тым, што ён цягам месяца не паведаміў пра змену перыядычнасці выпуску і тэрыторыі распаўсюду - "для ўнясення адпаведных змяненняў у пасведчанне аб рэгістрацыі выдання". Гэта, на думку Мінінфармацыі, парушае арт.11 Закона аб друку і пастанову Савета Міністраў ад 30-га траўня 2003 г. №727 "Аб памерах і парадку правядзення рэгістрацыйнага збору за рэгістрацыю СМІ ў РБ".
Адзін з заснавальнікаў выдання (ён жа - галоўны рэдактар) Аляксандр Манцэвіч лічыць прэтэнзіі да сваёй газеты надуманымі. Па яго словах, укладка "Тэлетыдзень" не можа лічыцца самастойным выданнем, нягледзячы на адрозны фармат паперы, бо мае "скразную" нумарацыю старонак з пазнакай "Рэгіянальная газета" на кожнай. А. Манцэвіч акцэнтуе ўвагу на тым, што шэраг дзяржаўных выданняў выпускаюць аналагічныя прылажэнні, змяняючы не толькі фармат паперы, але і мову (да прыкладу, "Маладзечанская газета"), і гэта не выклікае ніякіх пярэчанняў з боку Мінінфармацыі. А. Манцэвіч дапускае, што недакладнае ўказанне тэматыкі выдання ў выходных дадзеных можна лічыць памылкай газеты. Але ж, на яго думку, прыпыненне газеты з'яўляецца занадта жорсткім пакараннем. Паводле заснавальніка, прэтэнзіі адносна тэрыторыі распаўсюду зусім не маюць пад сабою падставаў: у Мінінфармацыі нават не ведалі, што ў газеты існуе дамова з РУП "Белпошта" на распаўсюд і дастаўку падпісных накладаў па тэрыторыі Беларусі і што газета прысутнічае ў рэспубліканскім падпісным каталогу. У аддзеле рэгістрацыі міністэрства прызналі, што гэта "пракол".

Свае аргументы А. Манцэвіч хацеў выкласці асабіста міністру інфармацыі. Аднак 28-га верасня памочнік міністра Віктар Казлоў заявіў, што не можа запісаць галоўнага рэдактара на прыём да міністра, і параіў скарыстаць звычайную працэдуру прыёму грамадзян, якая практыкуецца ў Савеце Міністраў.

Каментуючы прыпыненне сваёй газеты, А. Манцэвіч назваў яго "палітычна матываваным". "Мы не ангажаваныя ніякімі палітычнымі сіламі. Наша сіла - факт. Значыць, яны баяцца фактаў," - рэзюмуе галоўны рэдактар. Сапраўдную прычыну карных захадаў ён бачыць у тым, што "Рэгіянальная газета" нядаўна асвятляла канфлікт паміж кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Уладзіславам Звернікам і адміністрацыяй Маладзечанскага раёна.

А. Манцэвіч падкрэслівае, што сёння "Рэгіянальная газета" з'яўляецца адзіным цалкам беларускамоўным масавым недзяржаўным рэгіянальным выданнем у краіне. (прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў")

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international