viasna on patreon

Затрыманне экс-пракурора і фанатаў у Салігорску. Хроніка пераследу 15 верасня Дапоўнена

2021 2021-09-15T13:19:28+0300 2021-09-16T11:27:43+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/silaviki_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота "Наша Ніва"

Ілюстрацыйнае фота "Наша Ніва"

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 15 верасня. Грамадзян, па-ранейшаму, затрымліваюць, праводзяць ператрусы, ціснуць на палітвязняў і ўжываюць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію ў тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Віцебск 

Ігар Банцар. Фота:
Ігар Банцар. Фота: "Радыё Свабода"

Як паведамляе "Радыё Свабода", рок-музыку Ігара Банцара выпусцілі са штрафнога ізалятару, дзе ён правёў 40 сутак. Горадзенец расказаў, што за парушэнні яго збіраюцца пераводзіць з «хіміі» ў калонію.

Апошнія 19 дзён палітвязень трымаў галадоўку, піў толькі ваду. Адчувае сябе кепска, думае, што выйсці самастойна ня здолее, будзе дамагацца магчымасці легчы ў шпіталь.

Таксама стала вядома, за што яго каралі чатыры разы запар. Першыя 10 сутак атрымаў, бо спазніўся на некалькі хвілін на адбой. Столькі ж у другі раз — «быў ня голены». Трэці — нібыта адмовіўся прыбіраць туалеты. Чацвёрты — быццам бы сварыўся з супрацоўнікамі «хіміі».

Вязню паведамілі, што яго будуць пераводзіць з папраўчай установы адкрытага тыпу ў Віцебску у калонію.

Бабруйск

У Бабруйску ў міліцыю ў якасці сведкі па "інцыдэнтах на чыгуначнай дарозе" адвезлі Максіма Буйніцкага. Там яго апыталі з дапамогай паліграфа, праверылі тэлефон, узялі абразцы ДНК і адпусцілі.

"Мяркуючы па ўсім, гэтыя дзеянні міліцыі маюць масавы характар і датычацца тых, хто затрымліваўся па арт. 23.34 КаАП [24.23]", — кажа Буйніцкі.

Гомель

У Гомельскім абласным судзе 15 верасня адбыўся разгляд грамадзянскай справы паводле пазову галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гомельскага аблвыканкаму да гомельскай моладзевай краязнаўчай грамадзкай арганізацыі «Талака» — аб яе ліквідацыі. Разбіральніцтва цягнулася каля гадзіны, у выніку суддзя Тацяна Аземша пагадзіўся з пазовам і пастанавіў ліквідаваць арганізацыю.

Мінск

У Мінску паведамляецца пра затрыманне Вольгі Бабіч. Прычыны і абставіны затрымання пакуль невядомыя.


15 верасня ў Вярхоўным Судзе Беларусі адбылося пасяджэнне па справе аб ліквідацыі Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне”. Суд вынес пастанову аб часовым прыпыненні разгляду іска аб ліквідацыі арганізацыі, які быў пададзены Міністэрствам юстыцыі яшчэ 27 ліпеня. Справа прыпыненая да вынясення рашэння па скарзе аб’яднання на вынесенае раней папярэджанне.

Як паведаміў намеснік старшыні Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне” Юрась Меляшкевіч, які прадстаўляў у судзе інтарэсы арганізацыі, падставай для прыпынення разгляду справы сталася пададзеная з боку БНФ “Адраджэньне” скарга на раней вынесенае ёй пісьмовае папярэджанне:

"Месяц таму, калі мы атрымалі ад Вярхоўнага суду паведамленне пра іск міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі ГА БНФ “Адраджэньне”, мы ўпершыню даведаліся, што нашай арганізацыі яшчэ 14 ліпеня мінюстам было вынесенае пісьмовае папярэджанне. Менавіта невыкананне патрабаванняў таго папярэджання было пакладзенае міністэрствам у падмурак іска аб ліквідацыі.

Толькі пры вывучэнні матэрыялаў справы мы даведаліся і пра сам факт папярэджання, і пра змест прэтэнзіяў рэгіструючага органа – ніякіх лістоў пра папярэджанне па звычайных каналах мы не атрымлівалі, што з’яўляецца парушэннем заканадаўства. Паказальна, што папярэджанне было вынесена менавіта 14 ліпеня – у той самы дзень, калі адбыліся ператрусы як у офісе БНФ, так і ў офісах дзесяткаў іншых грамадскіх арганізацыяў.

Вывучыўшы пісьмовае папярэджанне мы прыйшлі да высновы, што яно з’яўляецца неабгрунтаваным. У сувязі з гэтым на пісьмовае папярэджанне была пададзеная скарга ў Вярхоўны суд, які павінны разгледзіць яе ў іншым працэсе, асобна аб разгляду іска аб ліквідацыі арганізацыі.

Цяпер фактычна міністэрства юстыцыі абвінавачвае нас у тым, што мы не прадставілі яму тыя дакументы, якія былі забраныя следчымі органамі пры ператрусах у ліпені, альбо знаходзяцца ў памяшканні, якое з ліпеня застаецца апячатаным і доступ у якое забаронены следчым камітэтам. Мы звярталіся да следчых з патрабаваннем зняць забарону на доступ у памяшканне, што далоб нам магчымасцьпадрыхтаваць тыя звесткі, якія запытвае міністэрства (патрабуюцца менавіта аргіналы, што знаходзяцца ў архіве арганізацыі). Аднак органы следчага камітэту адмовілі нам у гэтым".

Прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі і пракуратуры, якія бралі ўдзел у судовым разглядзе, не пярэчылі супраць адкладання разгляду справы. Вывучыўшы аргументы адказчыка суддзя Вярхоўнага Суда Рыма Філіпчык пастанавіла прыпыніць разгляд справы аб ліквідацыі ГА БНФ “Адраджэньне” да таго часу, як судом будзе вынесенае рашэнне па скарзе, якая была пададзеная арганізацыяй на пісьмовае папярэджанне.


Як стала вядома праваабаронцам, фігурантам крымінальнай справы па арт. 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у леташніх пратэстах стаў Яўген Крачкоўскі, аўтар праекту «АДВЕКУ». Мужчына займаўся пошукам продкаў у Беларусі, генеалагічнымі даследаваннямі, складаннем радаводу, пошукам у архівах.

Яўген Крачкоўскі
Яўген Крачкоўскі

Яўгена затрымалі раніцай 8 верасня пасля ператрусу ў яго доме. Прычынай для затрымання стаў фотаздымак ад 9 жніўня мінулага года, дзе ён і яшчэ некалькі чалавек падчас мітынгу на Стэле знаходзіцца на пешаходным пераходзе на дазваляльны сігнал святлафора.

Пакуль Крачкоўскага затрымалі на 10 сутак і ўтрымліваюць у ІЧУ на Акрэсціна.


У аўторак, 14 верасня, у Мінску затрымалі Кірыла Салеева. Гэта сын вядомага культуролага, выкладчыка Акадэміі мастацтваў Вадзіма Салеева. 


У Мінску паведамляецца пра затрыманне Мікалая Майкоця. Супрацоўнікі прыйшлі да яго з ператрусам. Пасля гэтага яго самога затрымалі і адвезлі ў РУУС Партызанскага раёна, дзе скалі пратакол за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 КаАП).


Як стала вядома, у межах крымінальнай справе па арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне сацыяльнай варожасці) напачатку жніўня затрыманы вулічны мастак Дзмітрый Падрэз (псеўданім Дзіма Dream). Сутнасць абвінавачванняў пакуль невядомая. Мастака ўтрымліваюць у СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.


У Мінску сёння ў сябе дома быў затрыманы Андрэй Акушка. Сутнасць прэтэнзіяў пакуль невядомая.


Як паведамляе МУС, былы пракурорскі работнік Аляксандр Мікалаеў затрыманы па падазрэнні ў абразе прадстаўнікоў улады (артыкул 369 КК) і Аляксандра Лукашэнкі (артыкул 368 КК).

Па паведамленні ведамства, на асабістай старонцы ў Фэйсбуку мужчына напісаў "дзясяткі пастоў з абразамі Аляксандра Лукашэнкі, чыноўнікаў і супрацоўнікаў праваахоўных органаў". Па інфармацыі МУС, раней ён прыцягваўся да крымінальнай адказнасці па артыкуле аб гвалце над міліцыянтам (артыкул 364 КК).

Салігорск

МУС паведаміла пра затрыманне ў Салігорску яшчэ двух фанатаў за ўдзел у леташніх пратэстах. Аператыўнікі ГУБАЗіК затрымалі 18- і 19-гадовых салігарчан. Адзін з іх вучыцца ў сталічнай ВНУ, другі працуе зваршчыкам у Салігорску.

"У жніўні 2020 года ў парку «чатырох стыхій» маладыя людзі ўдзельнічалі ў пратэстах, кідалі камяні, бутэлькі і крэслы ў міліцыянтаў", — паведамляюць у ведамстве.

Затрыманыя сталі фігурантамі крымінальных справаў па арт. 342 (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскія парадкі) і 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі) Крымінальнага кодэкса.

Раней паведамляла пра затрыманне ў Салігорску дваіх 17-гадовых "удзельнікаў каляфутбольнай групоўкі".

Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства