Затрыманні па "народным артыкуле" ў Беларусі працягваюцца: хроніка пераследу 9 і 10 верасня Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 9-10 верасня. Грамадзян, па-ранейшаму, затрымліваюць, праводзяць ператрусы, ціснуць на палітвязняў і ўжываюць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Пераслед 10 верасня
У Брэсце затрымалі Дзмітрыя Шчурко, які адбывае "хатнюю хімію" а "скрадзеную ў амапаўца" рацыю
Да затрымання раніцай у яго прайшоў ужо пяты па ліку ператрус. У пастанове пазначана арт. 290 КК («Пагроза здзяйсненнем акту тэрарызму»). У межах справы раней было апытана каля 15 сяброў Шчурко.
У 17.00 Дзмітрый пайшоў па выкліку ў Маскоўскі РАУС Брэста, у 17.10 яго затрымалі. Цяпер ён знаходзіцца ў ІЧУ.
Нагадаем, у снежні мінулага года мужчына быў асуджаны на два гады "хатняй хіміі" за "скрадзеную ў амапаўца" рацыю.
Муж і жонка перасылалі ў прыватных паведамленнях адзін адному інфармацыю з «экстрэмісцкіх каналаў» – агулам іх арыштавалі на 56 сутак кожнага, а сёння зноў не выпусцілі з «сутак»
У ліпені міліцыянты затрымалі сям’ю Сяргея Крупеніча і Анастасію Крупеніч-Кандрацьеву. На іх склалі па тры пратаколы па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць) за тое, што яны перасылалі ў прыватных паведамленнях адзін адному інфармацыю з «экстрэмісцкіх каналаў». Агулам іх асудзілі на 41 суткі кожнага. 25 жніўня яны выйшлі на волю пасля арышту: Анастасія – ў Баранавічах, Сяргей – з ІЧУ на Акрэсціна. Калі яны вярнуліся дадому, то там іх чакалі міліцыянты, якія папрасілі наступнай раніцай прыйсці ў РУУС і «падпісаць дакументы». Муж і жонка пайшлі ў міліцыю, але там іх чакалі новыя пратаколы па арт. 19.11 КаАП, па якіх іх зноў асудзілі на 15 сутак кожнага.
Сёння Анастасія і Сяргей павінны былі выйсці на волю, але гэтага не адбылося. Праваабаронцам стала вядома, што на іх склалі новыя пратаколы за «распаўсюд эсктрэмісцкіх матэрыялаў» за паведамленні-рэпосты адзін адному. Па папярэдняй інфармацыі, суд над Сяргеем ужо адбыўся, а Анастасію будуць судзіць у панядзелак. Верагодна, мужчыну зноў арыштавалі, бо на волю ён так і не выйшаў.
Жанчыну, якой не давалі на Акрэсціна батарэйкі да слыхавага апарата, зноў затрымалі
Сёння ў Мінску затрымалі 51-гадовую Алену Левіну. Абставіны і прычыны затрымання высвятляюцца.
Нагадаем, Алену Левіну затрымалі 22 ліпеня і склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП за «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі», а пасля яе арыштавалі на 15 сутак. За пару дзён да вызвалення на жанчыну склалі новы пратакол за Марш, у якім яна не ўдзельнічала. Агулам Алену арыштавалі на 30 сутак.
У Левінай ёсць праблемы са слыхам: яна носіць слыхавы апарат. У камеры ў Алены селі батарэйкі ў апараце, а без яго жанчына вельмі дрэнна чуе. Праваабаронцам стала вядома, што супрацоўнікі ЦІПа адмовіліся перадаць для яе новыя батарэйкі, пры тым, што яны прынялі іх ад сваякоў жанчыны. Тады ж супрацоўнікі ЦІП Акрэсціна адмовіліся прымаць ад сваякоў таблеткі, таму Алена засталася без медыцынскай дапамогі.
Але мінская міліцыя назвала гэтую гісторыю фэйкам:
«У Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў кругласутачна дзяжурыць медыцынскі работнік, які кожную раніцу праводзіць покамерный абыход і апытанне аб стане здароўя, у выпадку неабходнасці праводзіцца агляд. Усе арыштанты своечасова забяспечваюцца ўсімі неабходнымі медыцынскімі прэпаратамі, а ў выпадку пагаршэння здароўя шпіталізуюцца ва ўстановы аховы здароўя».
Пасля гэтай заявы праваабаронцам стала вядома, што мясцовая лекарка сапраўды прасіла адміністрацыю ЦІПа выдаць батарэйкі Левінай. На сваю просьбу яна атрымала адказ ад супрацоўніка ЦІПа Аляксея Цішэчкіна: «Мне пох..й чуе яна ці не».
Падчас другога суда Левінай усё ж такі выдалі батарэйкі, каб яна магла ўдзельнічаць у судовым працэсе, але адразу пасля суда іх зноў забралі.
20 жніўня жанчына выйшла на волю пасля 30-сутачнага арышту у Баранавічах. Але там яе сустрэлі супрацоўнікі і звезлі ў невядомым накірунку. Пазней стала вядома, што ў судзе Ленінскага раёна жанчыну асудзілі яшчэ на 15 сутак. Агулам Левіну ўтрымлівалі на «сутках» 45 сутак. За гэты час моцна пагоршыўся стан яе здароўя.
10 верасня па заявам органаў пракуратуры спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўніўся наступнымі тэлеграм-каналамі і чатамі:
- "Молодечно HOME";
- "5-й микрорайон, Новополоцк";
- "9 микрорайон, Новополоцк",
- "Беларусь Партызаніць".
Пераслед 9 верасня
У Мінску каля 15 гадзін у офісе па рамонту кампутарнай тэхнікі на вуліцы Багадановіча затрымалі Сямёна Акула і Віталя Ліхача. Вядома, што ў офісе вынялі ўсю тэхніку.
Таксама вядома, што 9 верасня адбыўся ператрус у некалькіх пенсіянерак, якіх судзілі раней за акцыю ў электрычцы. Пасля ператрусу затрымалі 60-гадовую Ірыну Новік. Як адзначыла дачка жанчыны, у пастанове на ператрус было напісана "шмат артыкулаў". Сёння над ёй мусіць адбыцца суд у Цэнтральным судзе. 1 сакавіка жанчыну асудзілі па ч. 1 арт. 24.23 КаАП на 30 базавых велічыняў.
Праваабаронцам вядома пра ператрус у яшчэ адной пенсіянеркі, якую судзілі за акцыю ў электрычцы, — 61-гадовай Наталлі Агейчык. Яе раней асудзілі на 25 базавых. Пасля ператрусу пенсіянерку затрымалі, сёння над ёй таксама мусіць адбыцца суд.
Вядома пра ператрус у Алы Буенковай, але невядома, ці затрымалі яе.
Паведамляецца пра затрыманне ў Мінску Юрыя Нехая.
У Мінску затрымалі Вікторыю Левіну, яе аштрафавалі на 80 базавых па арт. 24.23 КаАП і вызвалілі пасля суда.
Раніцай 9 верасня ў Мінску на Прытыцкага адбыліся затрыманні ўдзельнікаў дваравога Маршу. Некаторых з іх жорстка затрымаў ГУБАЗіК. На затрыманых склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, таксама з некаторымі запісалі "пакаяльныя відэа". Спіс затрыманых на Маршы:
- Уладзіслаў Кубіцкі (15 сутак арышту)
- Дзмітрый Палякоў (13 сутак арышту)
- Аляксей Бусел (гукарэжысёр і музыка гурта Favourite Mirror)
- Таццяна Бусел
- Аляксандра Дончанка (90 базавых велічыняў)
Пасля ператрусу на кватэры маці з сынам пенсіянеркі Бусел Таццяну і Бусел Аляксея быў затрыманы муж і бацька — пенсіянер Бусел Сяргей. Акрамя таго, у ГУБАЗіК быў выкліканы Бусел Аляксей — брат Сяргея.
Дапоўнена. Уначы вызвалілі пенсіянера Сяргея Бусел.
10 верасня ў Вярхоўным Судзе пройдзе папярэдняе судовае паседжанне па іску аб ліквідацыі Беларускага Хельсінкскага Камітэта.
7 верасня арганізацыя атрымала з Вярхоўнага Суда ліст з іскавай заявай Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі арганізацыі. Падставай для ліквідацыі, на думку Мінюста, паслужыла здзяйсненне БХК «грубага парушэння заканадаўства».
Паводле заявы, Міністэрствам юстыцыі ў выніку следчых дзеянняў па неназванай крымінальнай справе былі атрыманы дакументы ў дачыненні да двух чалавек, якім БХК нібыта аплаціў ганарары за «паслугі па доўгатэрміновае назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2020 года». У пацверджанне гэтаму Мінюст прыклаў да іскавай заявы копіі шасці дакументаў: дамоваў, прыходна-касавых ордэраў і прыёма-перадаткавых актаў.
«Нам невядома, пра якую крымінальную справу і ў дачыненні да каго ідзе гаворка. Відавочна, што выкарыстоўваць матэрыялы крымінальнай справы, якія яшчэ не ацэньваліся судом у рамках судовага разбору па крымінальнай справе, неправамерна.
Кажучы юрыдычнай мовай, калі Вярхоўны Суд прызнае, што дадзеныя дакументы, прычым толькі ў копіях, адпавядаюць рэчаіснасці, то гэтае рашэнне будзе мець прэюдыцальнае значэнне для крымінальнай справы, у якой знаходзяцца гэтыя дакументы і па якім абвінавачваюцца канкрэтныя людзі.
Такім чынам, рашэнне Вярхоўнага Суда па справе аб ліквідацыі Беларускага Хельсінкскага Камітэта можа парушыць права на абарону людзей, якія праходзяць па крымінальнай справе», — каментуе БХК.
Расія экстрадуе на Радзіму яшчэ аднаго беларуса
Сёння ў судзе Белгарада адбыўся суд па рашэнні на экстрадыцыю з Расіі берасцейца Вадзіма Дубойскага. Ён праходзіць па артыкуле аб масавых беспарадках у Беларусі.
У жніўні 2020-га Вадзім быў затрыманы сілавікамі і збіты. Яго выпусцілі праз суткі без якіх-небудзь дакументаў, ён трапіў у бальніцу. А пасля таго, як ён зняў пабоі, на яго завялі крымінальную справу па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках). Восенню Вадзім пакінуў Беларусь. На Радзіме яму пагражае да 8 гадоў пазбаўлення волі.
Суд пастанавіў выдаць Вадзіма Беларусі. Расійскія праваабаронцы будуць рыхтаваць кейс Дубойскага ў ЕСПЧ (Еўрапейскі суд па правах чалавека).
Блогеру Vadimati прысудзілі яшчэ 15 сутак. Як раз перад заканчэннем папярэдняга арышту
Гродзенскага блогера Vadimati (Вадзіма Ермашука) асудзілі яшчэ на 15 сутак. Да гэтага, 19 жніўня, у Шчучыне яму прысудзілі 25 сутак адміністрацыйнага арышту па арт. 24.23 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
Прычынай новага пратаколу на блогера стаў нібыта яго званок 13 жніўня ў службу 115 і нецэнзурныя выказванні пра ЖКГ і гарвыканкам.
Суд пачаўся 8 верасня. Пасяджэнне праходзіла па відэасувязі. Два дні запар у судзе аб'яўлялі перапынкі з-за дрэннага самаадчування Вадзіма — у яго быў высокі ціск, тэмпература, напярэдадні яму выклікалі хуткую.
Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.